Раней Навумовіч быў судзімы. Адвакат Павал Сапелка пацікавіўся ў сьведкі, ці праўда, што той зьяўляецца крымінальным аўтарытэтам, які наглядае за Ваўкавыскам?
На гэта Навумовіч нічога не адказаў, а толькі ўсьміхнуўся.
Паводле сьледзтва, увосень 2005 году, ужо пасьля таго, як у Горадні знайшлі гранатамёт, Навумовіч падышоў да Асіпенкі з пытаньнем: “Ці ваш гэта гранатамёт?”
На гэта Асіпенка адказаў, што гэта — небясьпечная справа і Навумовіча яна ня тычыцца, паведаміў 2 красавіка сьведка.
На судзе Навумовіч патлумачыў, што запытаўся ў Асіпенкі, бо ведаў, што той і Аўтуховіч маюць сувязь з апазыцыяй. Навумовіч кажа, што больш ніякіх зьвестак пра гранатамёт ён ня меў.
Пазьней Навумовіча затрымалі. Падазравалі, што ён можа мець дачыненьне да гранатамёта. Сьледзтва высьветліла, што ён езьдзіў у Ліпецкую вобласьць Расеі. Меркавалі, што зброю ён мог прывезьці адтуль.
Калі Мікалай Аўтуховіч сядзеў у сьледчым ізалятары, Навумовіча пасадзілі ў тую самую камэру. Гэта выклікала зьдзіўленьне ў судзе, бо звычайна асобаў, які праходзяць па справе, ня садзяць разам.
На судзе Іван Навумовіч прызнаўся, што апэратыўнікі дамагаліся ад яго, каб у камэры ён выведаў у Аўтуховіча пра гранатамёт. Сьведка кажа, што нічога не дазнаўся і нават не зьбіраўся гэта рабіць.