Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Валянтэркам дазволілі застацца, але не надоўга


Сюзана Паўль і Зольвай Шорыес
Сюзана Паўль і Зольвай Шорыес

Дзьвюм маладым нямецкім валянтэркам Сюзане Паўль і Зольвай Шорыес сёньня ў Ленінскім аддзеле грамадзянства й міграцыі Магілёва паведамілі, што адміністрацыйная справа па факце парушэньня імі беларускага заканадаўства спыненая. Ім вярнулі пашпарты й азнаёмілі зь лістом, якое даслала ў міліцыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.


“Нам паведамілі, што ў Міністэрства замежных спраў быў выкліканы нямецкі консул і яны абмяркоўвалі гэтае пытаньне і вырашылі спыніць справу. Там напісана, што мы парушалі законы Рэспублікі Беларусь, але там не пазначана якія канкрэтна. Там таксама было напісана, што мы робім карысную справу – дапамагаем інвалідам, аднак усё адно бліжэйшым часам мы павінны пакінуць вашу краіну, але не напісана чаму, якія законы мы парушалі”, паведаміла “Свабодзе” Сюзана Паўль.

Грамадзянкі Нямеччыны сёньня паспрабавалі выпытаць факты свайго законанепаслушэнства у аддзеле грамадзянства й міграцыі. Што з гэтага атрымалася кажа Зюзана Паўль:

“У нас няма на руках ніякіх дакумэнтаў, якія даказваюць нашую віну. Нас выгналі з кабінэта, што мы патрабавалі гэтых дакумэнтаў. Начальнік сказаў, што мы павінны пакінуць бліжэйшым часам краіну. Чаму? Ён не сказаў. Я яшчэ зьбіраюся пабыць у Магілёве. У мяне віза да 30 красавіка, але могуць выгнаць і раней”.

Як кажа Сюзана Паўль адміністрацыйны перасьлед ужо мае свае нэгатыўныя наступствы:

“Цяпер пэўна будуць сачыць за студэнтамі, зь якімі мы сустракаліся ва ўнівэрсытэце імя Куляшова. Яны цяпер баяцца з намі сустракацца. Мы ўчора спрабавалі з імі стэлефанавацца. Яны напалоханыя. У іх пыталіся пра нас і яны баяцца, што ў іх праз нас будуць непрыемнасьці”.

У Магілёў валянтэркі прыехалі 5 месяцаў таму ад няўрадавай нямецкай арганізацыі “Нямецка-рускі абмен” (DRA). Яны працуюць у дабрачынным фондзе “Блакітныя берагі”. Ён апякуецца дзецьмі-інвалідамі. Зь імі й займаюцца маладыя немкі. Цяпер у фонду могуць быць таксама праблемы, цьвердзіць Сюзана Паўль.

“Мы будуць сачыць за сытуацыяй з фондам. Будзем рабіць усё, каб валянтэрскі рух не спыніўся і не зачынілі фонд”.

Праблемы з магілёўскай міліцыяй ў нямецкіх валянтэрак пачаліся 23 сакавіка. У гэты дзень двое супрацоўнікаў, як кажуць дзяўчаты, невядомай ім арганізацыі са здымачнай групай наведалася ў фонд. Двое мужчынаў дамагаліся, каб немкі адказвалі на іх пытаньні пры ўключанай камэры. Калі гэтага не ўдалося дасягнуць, ім выпісалі позву ў міліцыю.

24 сакавіка валянтэрак пратрымалі ў міліцыі тры з паловай гадзіны. Спачатку іх вінавацілі ў тым, што яны без дазволу наведвалі навучальныя ўстановы ў Магілёве й гутарылі там з моладзьдзю, а потым абвінавачваньне нечакана зьмянілі на парушэньне правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў у Беларусі. Тады ж у валянтэрак забралі пашпарты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG