Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Venceremos, браты! Каго?


Наглядзеўшыся дзяржаўнага вэнэсуэльскага тэлебачаньня (VTV, Corporation Venezolana de Televisión) пра візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Баліварыянскую Рэспубліку Вэнэсуэлы, я ня мог стрымаць сябе, каб не запісаць жменькі ўражаньняў пад, так бы мовіць, сьвярблівую руку.

На адным відэакліпе прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс кідаюць шуфлі бэтону ў нейкі роў падчас закладкі нейкага сацыялістычнага пасёлка ў вэнэсуэльскай правінцыі. “Вось мы і закапалі капіталізм",– камэнтуе Лукашэнка прэзыдэнцкі пачын для журналістаў, а Чавэс з энтузіязмам паўтарае гэтую фразу па-гішпанску для свайго электарату.

На другім відэакліпе Лукашэнка доўга тлумачыць, якія выгоды будуць мець абодва братнія народы, баліварыянска-вэнэсуэльскі і беларускі, ад таго, аб чым ён дамовіўся з Чавэсам падчас візыту. “У нас з Угам не было закрытых тэмаў”,– заявіў Лукашэнка, што на мове будаўнікоў сацыялізму ХХІ стагодзьдзя азначае якраз тое, што ні адзін, ні другі народ пра гэтыя адкрытыя тэмы нічагусенькі не дазнаецца. Але гэта дробязь, стылістычнае практыкаваньне. Чавэс быў больш сьціслы і сьціплы, але і ён, пасьля некалькіх агульных фразаў пра братэрства абодвух народаў, узьнёсла падсумаваў: "Venceremos!" (Пераможам!)

"Venceremos" — баявы заклік палымянага лацінаамэрыканскага рэвалюцыянэра Чэ Гевары ў 1960-х — стаў кідкай фразай і проста рэклямным лёзунгам, які любілі выкарыстоўваць усе відныя палітыкі левага крыла ў Лацінскай Амэрыкі: Фідэль Кастра, Сальвадор Альендэ, цяпер Уга Чавэс. Каго пераможам? Агульна кажучы, контррэвалюцыянэраў, а перш за ўсё, галоўнага контррэвалюцыянэра – ЗША.

Калі насупраць галоўнага контррэвалюцыянэра яшчэ стаяў галоўны рэвалюцыянэр — Савецкі Саюз, гэты лёзунг можна было ўспрымаць нават даслоўна. Вось жа Хрушчоў паслаў свае караблі на ЗША — хто ведае, як павярнуўся б лёс галоўнага контррэвалюцыянэра, калі б саветы ўсё ж бабахнулі адну-дзьве ядзерныя боегалоўкі недзе над Флёрыдай?

Але зараз, калі няма СССР і сьвет зрабіўся, як пагаворвае Аляксандр Лукашэнка, аднаполюсны, а Беларусь здала ядзерную зброю Маскве, перамога Вэнэсуэлы над ЗША, нават з дапамогай усяго вайсковага і эканамічнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца абсалютна праблематычнай. Дый навошта перамагаць ЗША, калі Вэнэсуэла прадае ў гэтую краіну каля 60 працэнтаў свае экспартнае нафты? Ляснуцца Злучаныя Штаты — лясьнецца, як мінімум, і "баліварыянскі сацыялізм" Уга Чавэса.

А на які хрэн, запытаемся далей пасьлядоўна-бязьлітасна, перамагаць ЗША Беларусі? Калі лясьнецца Амэрыка, а за ёю і згаданы вэнэсуэльскі сацыялізм, дык ці панюхаем мы вэнэсуэльскую густую нафту ў Наваполацку?

Дабрабыт Беларусі, я ўпэўнены, наўпрост залежыць ад дабрабыту ЗША. Гэта закон сёньняшняй палітыкі, які можна сфармуляваць больш-менш так: чым багацейшыя амэрыканцы, тым больш сацыялістычныя вэнэсуэльцы, і тым менш бедныя беларусы. Сьвет двухполюсны або трохполюсны (калі ўзяць пад увагу новы гэапалітычны полюс Каракас–Менск),– гэта для беларусаў немінучы капец, Schluss, finita la commedia! Інакш кажучы, беларусам трэба маліцца, каб гэты другі полюс, ня кажучы аб трэцім, лепш і не спрабаваў падымацца.

Тэлесюжэт з Вэнэсуэлы, дзе беларускі прэзыдэнт называе вэнэсуэльцаў братамі, мяне ня толькі натхніў на публічнае адкрыцьцё закону разьвіцьця беларускага дабрабыту, але і сапраўды ўзрушыў. Вось нарэшце Беларусь знайшла братоў, якія ня толькі што не гавораць па-кітайску ці па-віетнамску і не будуюць разам з праклятымі немцамі трубаправод па дне Балтыкі ў абыход сінявокай, але і прапануюць нафту калі не задарма, дык усяго за публічныя абяцаньні дапамогі ў перамаганьні здаровага глузду.

Канешне, ні Чавэс, ні Лукашэнка ваяваць са здаровым глуздам не зьбіраюцца, але хто сказаў, што іхнія выбаршчыкі гэтага змаганьня ня хочуць?

І на заканчэньне: тым, якія ня помняць, калі кітайцы былі нам братамі, я прывяду два кавалачкі песьні, якая і навядзе ўсіх дапытлівых на правільны адказ:

Русский с китайцем братья вовек.
Крепнет единство народов и рас.
Плечи расправил простой человек,
С песней шагает простой человек,
Сталин и Мао слушают вас.
.........
В мире прочнее не было уз;
В наших колоннах ликующий Май.
Это шагает Советский Союз;
Это могучий Советский Союз,
Рядом шагает новый Китай!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG