Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці заменіць вэнэсуэльская нафта расейскую?


Першым вынікам візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу стала паведамленьне, што вэнэсуэльская нафта будзе пастаўляцца на перапрацоўку ў Беларусь. Ці будзе ад гэтага эканамічная выгада? Ці сапраўды расейская нафта самая танная? Ці вялікія дывідэнды атрымлівае Беларусь ад супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай?


Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы і рынок» Тацьцяна Манёнак і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая.

Тацьцяна Манёнак
Ірына Тачыцкая
Валер Карбалевіч

Ці будзе эканамічная выгада?


Валер Карбалевіч: «Яшчэ ўчора ў перадачы „Панарама“ беларускага тэлеканалу ў сюжэце пра здабычу Беларусьсю нафты ў Вэнэсуэле паведамлялася, што, канечне, везьці гэтую нафту ў Беларусь ня будуць, бо нявыгадна. Яе будуць прадаваць там на амэрыканскім рынку, а за выручаныя грошы купім расейскую нафту.

І вось сёньня інфармацыйныя агенцтвы перадаюць, што паміж вэнэсуэльскім і беларускім прэзыдэнтамі Уга Чавэсам і Аляксандрам Лукашэнкам дасягнута дамоўленасьць аб пастаўках сумесна здабытай у Вэнэсуэле нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ), каб перапрацоўваць і прадаваць нафтапрадукты ў Эўропу. Аб’ём штодзённых паставак складзе да 80 000 барэляў. Беларускі кіраўнік адзначыў, што „ўзгодненыя ўсе ўмовы гэтых паставак на беларускі рынак“.

Як можна гэта пракамэнтаваць? Калі нават пастаўкі расейскай нафты з мытам цяпер выяўляюцца нявыгаднымі, то што можна казаць пра вэнэсуэльскую нафту?»

Тацьцяна Манёнак: «У Вэнэсуэле створанае беларуска-вэнэсуэльскае сумеснае прадпрыемства (СП) па здабычы нафты, якое мінулым годам здабыла каля 800 тыс. т. Беларуская доля складае 40%. Для параўнаньня: мінулым годам два беларускія НПЗ перапрацавалі амаль 22 млн. т.»

Дзе ўзяць нафту і грошы?


Манёнак: «Чавэс сказаў, што аб’ём штодзённых паставак складзе да 80 000 барэляў. Гэта крыху больш за 10 тыс. т. Але цікава, адкуль возьмецца гэтая нафта. Бо сёньня беларуска-вэнэсуэльскае СП здабывае ў суткі каля 15 тыс. барэляў. Адкуль узяць астатнюю, каб дасягнуць лічбы ў 80 тыс. барэляў? Хіба што Чавэс зробіць падарунак Беларусі. За што? Можа, за ваенныя пастаўкі. Тут шмат палітыкі».

Карбалевіч: «Чавэс абяцае даць Беларусі пяць радовішчаў, каб здабываць нафту».

Манёнак: «Так, мінулым годам гаворка ішла пра тры радовішчы, цяпер — пра пяць. Але іх трэба распрацоўваць, а для гэтага патрэбныя вялізныя грошы. Была інфармацыя, што цягам 25 гадоў Беларусь і Вэнэсуэла ўкладуць у гэтыя радовішчы 25 млрд. даляраў. Дзе Беларусь возьме такія грошы? Паводле маіх зьвестак, беларускі бок пакуль ня змог знайсьці грошы для таго, каб унесьці сваю долю ў сумесны капітал СП. І таму свой прыбытак ад дзейнасьці гэтага прадпрыемства беларускі бок накіроўвае цяпер на фармаваньне сваёй часткі статутнага фонду СП».
Вэнэсуэльская нафта цяжэйшая, чым расейская. І там вышэйшае ўтрыманьне серы. Таму ўзьнікнуць тэхнічныя праблемы для перапрацоўкі гэтай нафты на беларускіх НПЗ.

Ірына Тачыцкая: «Хацела б зьвярнуць увагу на такі аспэкт, як якасьць нафты. Вэнэсуэльская нафта цяжэйшая, чым расейская. І там вышэйшае ўтрыманьне серы. Таму ўзьнікнуць тэхнічныя праблемы для перапрацоўкі гэтай нафты на беларускіх НПЗ.

Сэнс пастаўкі вэнэсуэльскай нафты я бачу ў тым, каб загрузіць нашы НПЗ тады, калі прыпыняцца пастаўкі расейскай нафты зь нейкіх прычын».

Ці ёсьць альтэрнатыва расейскай нафце?


Карбалевіч: «Ці ўвогуле можна знайсьці варыянт паставак нафты — ці то казахстанскай у рамках Мытнага саюзу, ці то касьпійскай па прадоўжаным нафтаправодзе Адэса-Броды, — каб продаж нафтапрадуктаў ад яе перапрацоўкі было выгадна экспартаваць? Ці ёсьць альтэрнатыва расейскай нафце?»

Манёнак: «Праект паставак касьпійскай нафты праз нафтаправод Адэса-Броды не працуе. Да таго ж Беларусь пакуль у гэтым праекце знаходзіцца ў статусе назіральніка.

А вось атрымаць казахстанскую нафту больш рэальна. Сёньня Казахстан пастаўляе праз нафтаправод „Дружба“, які праходзіць празь Беларусь, нафту ў польскі Гданьск. І калі б запрацаваў напоўніцу Мытны саюз, то можна было б пастаўляць нафту і на беларускія НПЗ. Лепш прадаваць на захад нафтапрадукты, перапрацаваныя на беларускіх НПЗ, чым нафту, бо большая маржа, прыбытак. Але для гэтага павінен быць дазвол Расеі, бо казахстанская нафта ідзе ў Гданьск праз расейскі нафтаправод».

Карбалевіч: «Вы кажаце, што няма тэхнічнай магчымасьці атрымліваць казахстанскую нафту. Але ці ёсьць для гэтага эканамічная мэтазгоднасьць?»

Манёнак: «Трэба сачыць за канкрэтнай каньюнктурай. Напрыклад, цяпер нашым НПЗ выгадна купляць мазут у Казахстане, накіроўваць на другасную перапрацоўку, атрымоўваць сьветлыя нафтапрадукты».

Пытаньне ў цане


Манёнак: «Здаецца, што гэтыя заявы пра пастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь — гэта больш дэманстрацыя, сродак ціску на Расею, каб падштурхнуць яе да саступак.

У Вэнэсуэле здабываецца і лёгкая нафта, падобная да расейскай. Але на тым радовішчы, дзе працуе беларуска-вэнэсуэльскае СП, здабываюць цяжкую нафту. Хіба толькі Чавэс дасьць загад пастаўляць Беларусі лёгкую нафту ў якасьці падарунка.

Напрыклад, у 2006 годзе Мажэйкяйскі НПЗ у Літве, застаўшыся без расейскай нафты, закупіў адзін танкер нафты ў Вэнэсуэле. Яны зьмешвалі тую нафту з расейскай, каб павысіць эфэктыўнасьць перапрацоўкі. Тым ня менш яны прызналі гэта эканамічна немэтазгодным і адмовіліся ад такой схемы. Прычым выдаткі Літвы былі меншыя, чым будуць у Беларусі. Бо Літва мае свой нафтатэрмінал. Беларусі ж давядзецца яшчэ з порта везьці нафту чыгункаю. Бо хоць трубы пустыя і зьвязваюць беларускія НПЗ з балтыйскім портам, але яны не падрыхтаваныя».
Тэарэтычна купляць казахстанскую нафту магчыма, а практычна да гэтага яшчэ далёка.

Тачыцкая: «Прывезьці іншую, не расейскую нафту ў Беларусь можна. Купляй на біржы і вязі. Пытаньне ў яе цане. Падаецца, што Беларусі ня ўдасца перапрацоўваць і экспартаваць такую колькасьць нафтапрадуктаў, як гэта было раней, калі краіна будзе купляць нафту паводле сусьветных цэнаў. Асноўная прычына пасіўнага стаўленьня Беларусі да паставак касьпійскай нафты — у яе высокай цане ў параўнаньні з расейскай. Тэарэтычна купляць казахстанскую нафту магчыма, а практычна да гэтага яшчэ далёка».

Палітычны праект?


Карбалевіч: «Магчыма, дамова пра пастаўкі сумесна здабытай у Вэнэсуэле нафты на беларускія НПЗ — гэта не эканамічны праект, а палітычны. І ўзамен Беларусь атрымае нейкія іншыя дывідэнды ад Вэнэсуэлы. Вось у паведамленьні агенцтва „Інтэрфакс-Захад“ нейкі экспэрт кажа, што пастаўка вэнэсуэльскай нафты мае тады толькі сэнс, калі будуць выкарыстоўвацца схемы ўзаемаразьлікаў, бартэр і інш. Таму ў гэтым вялікім комплексным праекце нафта — гэта толькі адзін з элемэнтаў. Магчыма, Чавес плаціць Беларусі за антыамэрыканскую рыторыку?»

Манёнак: «Беларуска-вэнэсуэльскіх праектаў вельмі шмат. Магчыма, Вэнэсуэла таксама хоча атрымаць ад Беларусі нейкія тэхналёгіі, у тым ліку ў вайсковай сфэры. Але нафтавы праект пераважыць усе іншыя».

Калі вяртацца да нафты, то хто будзе аплачваць гэты праект? Нядаўна прадстаўнік аднаго банку, які крэдытуе НПЗ, сказаў, што за студзень заводы мелі 100 млн. даляраў стратаў. І якія банкі будуць крэдытаваць гэтыя вэнэсуэльскія пастаўкі? Сёньня размаўляла з адным дасьведчаным чыноўнікам, які сказаў, што гэтыя схемы сур’ёзна не прапрацоўваліся«.

Тачыцкая: «Цяжка ацэньваць усё гэта, бо тут больш пакуль дэклярацый. Акрамя таго, што бартэрныя схемы — гэта мінулы век, яны ня будуць дзейнічаць пры продажы нафты. Бо гэта той прадукт, які лёгка прадаць. Таму мяняць яго на іншы прадукт шляхам бартэру — гэта нерацыянальна і бессэнсоўна. Іншае пытаньне, ці змогуць купіць у Вэнэсуэле нашы тавары, ці хопіць грошай у насельніцтва і эканамічных суб’ектаў?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG