Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь-Вэнэсуэла: адсюль – “Беларусы” і МАЗы, адтуль – кава і бананы


Сёньня, пасьля двухгадовага перапынку, з новым візытам у Вэнэсуэлу выправіўся Аляксандар Лукашэнка. 16—17 сакавіка ён правядзе перамовы са сваім калегам Уга Чавэсам.

Лукашэнка і Чавэс сустракаліся паўгода таму ў Менску і цяпер зьбіраюцца спраўдзіць, як іх падначаленыя выконваюць дэклярацыі наконт наладжваньня супрацоўніцтва. Экспэрты не выключаюць, што ў часе 10-дзённай паездкі Лукашэнка можа наведаць і некаторыя іншыя краіны рэгіёну.

Прыезду Аляксандра Лукашэнкі папярэднічаў дэсант у Каракас першага віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Ўладзімера Сямашкі і прэзыдэнцкага памочніка па асаблівых даручэньнях Віктара Шэймана. Па выніках працы сумеснай камісіі Сямашка паведаміў, што дасягнутыя прынцыповыя дамоўленасьці пра сумесную здабычу газу і павелічэньне аб’ёмаў здабычы нафты, пра вытворчасьць у Вэнэсуэле беларускай тэхнікі і будоўлю прамысловых і сацыяльных аб’ектаў:

“Мы пачалі газыфікацыю асобных раёнаў Барынаса; распачата будаўніцтва асобных мікрараёнаў, пачалі будаваць завод па вырабе цэглы. Да сярэдзіны лета наступнага году, мы так мяркуем, здамо аўтазавод. Да 1 ліпеня два прэзыдэнты перарэжуць стужку на двух зборачных заводах па вытворчасьці трактароў (магутнасьцю 10 тысяч адзінак штогод) і па вытворчасьці грузавых аўтамабіляў (5 тысяч машынаў на год)”.

Паводле Сямашкі, да 2025 году будзе інвэставана блізу 8 мільярдаў даляраў у распрацоўку нафты ў басэйне ракі Арынока. У сваю чаргу, вэнэсуэльскі бок заявіў пра намер закупіць цягам 2010 году 500 трактароў “Беларус” і 10 тысяч тон сухога малака, пераарыентавацца на Беларусь у закупах пшаніцы і інгрэдыентаў для вытворчасьці цукерак. У Беларусь, апроч нафты і газу, будуць адпраўляцца трапічная садавіна, кава і г.д.

Васіль Шлындзікаў, экс-дырэктар заводу спэцыяльнай тэхнікі “Амкадор”, прадукцыя якога таксама экспартуецца ў Вэнэсуэлу, хоць і ў нязначнай колькасьці, перакананы: актывізацыя двухбаковых адносінаў — ад безвыходнасьці. Па яго словах, тая ж беларуская тэхніка ў высокатэхналягічнай Заходняй Эўропе не патрэбная:

Васіль Шлындзікаў
“Зь іншага боку, досыць цяжка сказаць, ці будуць гэтыя праекты пасьпяховымі нават у Вэнэсуэле. Асабіста я да такіх заяваў стаўлюся досыць скептычна. Пабудаваць заводы — гэта адно, а вось якая прадукцыя адтуль будзе выходзіць? Калі будуць пераважна зьбіраць — гэта зусім ня тое ж самае, што вырабляць больш складаныя вузлы і агрэгаты. Як мне падаецца, яны ня здолеюць дасягнуць адпаведнай якасьці, калі асноўныя вузлы будуць рабіць наўпрост у Вэнэсуэле. І ўрэшце гэтыя МАЗы будуць яшчэ горшыя, чым нашы, беларускія. А пры такой якасьці вельмі і вельмі праблематычна рухацца нават на лацінаамэрыканскі рынак. Таму гэта праект надзвычай складаны і шабляй тут, як прызвычаіліся нашы кіраўнікі, не махнеш”.

Падчас леташняга візыту Чавэса ў Менск вэнэсуэльцы выказалі намер акцыянаваць буйныя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі. Аднак, як кажа кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, наўрад ці можна чакаць прадуктыўнага супрацоўніцтва ад суб’ектаў, якія лічаць рынкавыя адносіны “шкоднымі”:

Валянцін Лопан
“Калі той бок пагодзіцца зь якімісьці ноў-хаў, ацэніць іх, то гэта нядрэнна. Але гэта сумнеўна, бо, на жаль, і ў нас, і ў іх праца з інтэлектуальнай уласнасьцю на прадпрыемствах — на вельмі слабым узроўні. Яшчэ адно пытаньне — у тым, каму будуць належаць гэтыя прадпрыемствы. Фармальна ўсё залежыць ад таго, колькі і якім чынам кожны з бакоў уносіць у статутны капітал. У дадзеным выпадку асноўнае пытаньне — у якім выглядзе? Самае простае — грашыма. Але, мяркуючы па ўсім, грошай у нас няма. У іх — ёсьць. Але няма неабходнага досьведу”.

У беларуска-вэнэсуэльскіх адносінах экспэрты не выключаюць вайсковага складніку, але гэтая сфэра заўсёды застаецца закрытай ад грамадзкасьці. Яшчэ ў 2006-м, пасьля першага візыту Чавэса ў Менск, замежныя СМІ сьцьвярджалі: Беларусь і Вэнэсуэла падрыхтавалі кантракт аб пастаўках беларускай зброі на суму 1 мільярд даляраў. Аднак Мінабароны пацьвярджае толькі факт супрацоўніцтва ў справе стварэньня сыстэмы супрацьпаветранай абароны Вэнэсуэлы. Паводле дамовы, завяршыць яе фармаваньне Беларусь абяцае цягам 6 гадоў.



Закрытасьць асобных тэмаў не перашкаджае Лукашэнку і Чавэсу падкрэсьліваць ідэнтычнасьць поглядаў на актуальныя пытаньні. Падчас першай сустрэчы яны адразу перайшлі на “ты”, вырашыўшы лічыць сябе “братамі”. Абодва не цырымоняцца ў крытыцы “амэрыканскага імпэрыялізму” і адстойваюць права Ірану на ўласную ядзерную праграму. У чаканьні “брата” Чавэс узяў на ўзбраеньне беларускія мэтады кантролю над інтэрнэтам. Па яго словах, інтэрнэт не павінен быць даступны для ўсіх, не павінен быць месцам, дзе можна напісаць усё, што заўгодна. Маўляў, кожная краіна павінна ўводзіць уласныя законы ў адносінах да глябальнай сеткі, якая “не павінна быць непадкантрольным асяродкам”. Нагадаем, што нядаўнім указам Лукашэнка абмежаваў нацыянальны сэгмэнт сеткі Інтэрнэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG