Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць такая партыя! ...кібэрпіратаў абараняць


Імкненьне зацуляць ды кантраляваць абмен інфармацыяй уласьціва любому ўраду ў любой краіне. З гэтым аксыяматычным пастулятам, напэўна, ніхто ня стане спрачацца. Адны краіны, як Кітай, фільтруюць ўсё, што ідзе ўразрэз з генэральнай лініяй партыі, іншыя, як Паўночная Карэя, фільтруюць увогуле ўсё разам з самім інтэрнэтам, а ў краінах заходняй дэмакратыі хоць і не фільтруюць, а ўсё адно адсочваюць ці то тэрарыстаў, ці то пэдафілаў, ці то тых, хто выкладае ці спампоўвае з інтэрнэту нелегальны кантэнт. То бок, піратаў, як іх прынята называць.


Да эпохі інтэрнэту ўсё было нашмат прасьцей: у піраты збольшага патраплялі тыя, хто капіяваў ды прадаваў відэафільмы ці музыку. Таму змаганьне зь імі асаблівых цяжкасьцяў не выклікала: паліцыя знаходзіла парушальнікаў аўтарскіх правоў, карала іх у адпаведнасьці з законам, а іх прадукцыю пад назовам “кантрафакт” трушчыла бульдозэрамі на гарадзкіх сьметніках.

Але ж са зьяўленьнем хуткага інтэрнэту ўсё зрабілася нашмат складаней. Музыка, фільмы ды “софт” цяпер няма патрэбы капіяваць на нейкія “цьвярдыя” носьбіты, каб перадаць некаму іншаму. Маючы бесьцялесную лічбавую існасьць, прадукты чужой інтэлектуальнай працы лёгка сноўдаюцца па сусьветным сеціве, і пакласьці пад асфальтавы каток іх ужо фізычна немагчыма.

Вось тут на змаганьне зь імі і кінуліся віжы ад кібэрапавучыньня, што атрымалі паўнамоцтвы ад сваіх урадаў адсочваць ды караць правапарушальнікаў. Жудасныя гісторыі пра тое, як хатняя гаспадыня была аштрафаваная на некалькі мільёнаў даляраў за спампоўваньне з інтэрнэту песенек, рэгулярна пужаюць абыватэляў заходніх дэмакратыяў на ўзор таго, як вякамі раней гэткую ж прафіляктычную функцыю выконвалі ўпруцянелыя целы марскіх піратаў на карабельных рэях.

Я сказаў “заходніх дэмакратыяў”, бо ў “апошняй дыктатуры” Эўропы гэткія жахі пакуль успрымаюцца як кадры заходніх баявікоў, дзе экранная кравішча ня мае ніякага дачыненьня да жыхароў “Крышталёвага сасуду”. Бо жыхары гэтага самага сасуду пакуль ня зьведалі тэрору адвакатаў сусьветных мэдыйных ды савтвэрных кампаніяў, у параўнаньні зь якімі клясычная “крывавая гэбня” выглядае ўзорам лібэралізму ды гуманізму. Бо, напрыклад, па ацэнках карпарацыі Microsoft, узровень софтвэрнага пірацтва ў Беларусі вагаецца ў межах 80-85 адсоткаў. Гэта мякка кажучы.

Бо асабіста я ня ведаю нікога, хто б меў на сваім хатнім кампутары легальны софт. Хаця шмат хто і лічыць 5 даляраў, аддадзеныя гандляру кампутаровымі дыскамі ў “Жданах”, дастатковай падставай называць такую пакупку набыцьцём легальнай праграмы. Ці, дакладней, збору твораў з рэальным коштам нешта за 10 кілябаксаў.

Што ўжо казаць пра індывідуалаў, калі ў РБ прыватныя фірмы ды дзяржаўныя ўстановы без праблем карыстаюцца пірацкім сафтом. Зараз толькі “плянуецца” пачаць змаганьне зь імі. А тым часам беларускія інтэрнэт-правайдэры прапануюць (ТУТ ці ТУТ) платную паслугу па скачваньні пірацкага кантэнту з інтэрнэту. А вы кажаце, што ў Беларусі інтэрнэт заціскаюць!

А тым часам у Эўропе шырыцца рух у абарону правоў піратаў і ствараюцца адпаведныя партыі. І ня проста ствараюцца, гэныя флібуст’еры яшчэ і балятуюцца ў на розных выбарах. Напрыклад, на леташніх выбарах у Эўрапарлямэнт пірацкая партыя Швэцыі атрымала два месцы, набраўшы 7% галасоў. Затым адзін з чальцоў пірацкай партыі Нямеччыны трапіў у мясцовы заканадаўчы сход.

І гэта толькі пачатак, гавораць «эўрапіраты». Вялікія надзеі, у прыватнасьці, ўскладаюцца на нацыянальныя выбары ў Швэцыі. Аб рашэньні пайсьці на мясцовыя выбары раней заяўляла пірацкая партыя Вялікабрытаніі. Цяпер да іх далучыліся галяндцы.

Напэўна, некалі і беларусаў чакае нешта падобнае. Як казалі калісьці ў савецкім войску, “дэмбель непазьбежны як усход сонца”. Так і тут, зазірне некалі заходняя дэмакратыя зь яе змаганьнем з піратамі і ў наша ваконца. І вось тады зробіцца актуальным ленінскі воклік “Ёсьць такая партыя!”. Кібэрпіратаў абараняць. А пакуль у “сасудзе” ўсё спакойна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG