На мінулым тыдні Міністэрства фінансаў ЗША прыняло рашэньне, што надалей ня будзе забараняць прыватным кампаніям дапамагаць дысыдэнтам. Міністэрства адмяніла правілы, паводле якіх раней забаранялася прадстаўляць фізычным асобам у Іране, Судане і на Кубе паслугі па прагляду вэб-старонак, блогаў, электроннай пошты, абмену фота і відэа ці доступу да сацыяльных сетак. Першапачаткова такая забарона мела на мэце аслабленьне аўтарытарных урадаў праз абмежаваньне экспарту ў краіны сучасных тэхналёгіяў. Такую палітыку прынялі кампаніі Microsoft, Yahoo, Google.
Аднак цяпер насьпела разуменьне, што трэба адрозьніваць інфармацыйнае ўзбраеньне рэжымаў і інфармацыйнае ўзбраеньне мужных грамадзянаў, якія з рэжымамі змагаюцца. Патэнцыйную “вызваленчую” сілу інфармацыйных тэхналёгіяў прыадкрылі, напрыклад, падзеі ў Іране, калі апазыцыя арганізавала масавыя пратэсты супраць сфальшаваных выбараў праз сацыяльныя сеткі і мабільныя тэлефоны.
З другога боку сучасныя тэхналёгіі даюць таксама і аўтарытарным рэжымам новую зброю для кантролю і адсочваньня сваіх апанэнтаў. Так, Тэгеран ускладніў доступ да інтэрнэту ў часе плянаваных пратэстаў. Кітай ў часе хваляваньняў у правінцыі Сіньдзянь увогуле адрэзаў доступ да інтэрнэту.
Узьнікае пытаньне, чаму б ЗША не пайсьці далей і не забясьпечыць грамадзянам такіх краін вольны доступ да інтэрнэту? Даючы тлумачэньні зьменаў у падыходзе да экспартнай палітыкі, дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан на мінулым тыдні дала зразумець, што ЗША будуць “падтрымліваць тых іранцаў, якія хочуць абыйсьці цэнзуру з боку Тэгерана”.
Этан Цукерман, дасьледчык з Гарварду і заснавальнік міжнароднага парталу блогаў Global Voices ужо нават падлічыў, колькі б каштавала забесьпячэньне свабоднага доступу да інтэрнэту для Ірану ці Кітаю праз proxy і іншыя тэхналёгіі. Выдаткі можна параўнаць з выдаткамі на забесьпячэньне радыёэфіру падчас халоднай вайны.
І ўсё ж халодная вайна была выйграная шляхам распаўсюду інфармацыі аб вольным сьвеце. І сёньняшні вольны сьвет можа пераканацца, што доступ для інтэрнэту і інфармацыйных інструмэнтаў яшчэ больш умацоўвае людзей у тых краінах, дзе тыраны баяцца сваіх грамадзянаў.