Мікола Статкевіч, старшыня афіцыйна не зарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада), кажа: зьбіралі подпісы для рэгістрацыі 82 кандыдаты, падаюць дакумэнты ў выбарчыя камісіі —79:
“Тры чалавекі адмовіліся ад удзелу з-за таго, што ідзе ціск, ёсьць звальненьні. Напрыклад, Мікалай Расюк — актывіст “Народнай грамады” з Магілёва ўжо страціў працу. Ёсьць і так званы “ціхі” ціск, калі кажуць: альбо выбары, альбо праца. Асабліва на тых, хто працуе ў дзяржаўных установах альбо мае свой бізнэс. Такім чынам, страты ёсьць, але можна казаць, што яны адносна невялікія”.
Спадар Статкевіч таксама кажа, што больш кандыдатаў вылучаецца ва ўсходніх рэгіёнах і менш — у заходніх. Лідэр партыі тлумачыць гэта так:
“Гэта вынік парлямэнцкай выбарчай кампаніі 2008 году, калі быў жудасны ціск на нашых кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Найбольш ціснулі ў заходніх рэгіёнах, бо мы мелі агульную плятформу з “Эўрапейскай інтэграцыяй”. Улады палічылі, што яна можа быць больш папулярнай у заходняй частцы Беларусі. Там і быў найбольшы ціск, амаль усіх кандыдатаў не зарэгістравалі. І цяпер, як рэха той кампаніі, мы атрымоўваем вось такое разьмеркаваньне ўдзелу партыйных арганізацыяў у мясцовай кампаніі”.
Каля 100 кандыдатаў у дэпутаты вылучае Партыя БНФ, кажа яе старшыня Аляксей Янукевіч. Прыкладна пятая частка зь іх прыпадае на Магілёўскую вобласьць. Найбольш вядомыя партыйцы хочуць паспрачацца за мандаты дэпутатаў у сталічным гарадзкім савеце, адзначае Аляксей Янукевіч:
“Тут я вылучаюся, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка. Ёсьць вядомыя людзі і ў рэгіёнах. Так, у Слоніме Іван Шэга — вельмі аўтарытэтны чалавек”.
Найбольш актыўна вылучае кандыдатаў у дэпутаты партыя левых “Справядлівы сьвет”. Сакратар ЦК гэтай партыі Валеры Ўхналёў адзначае:
“Паводле папярэдніх дадзеных, у нас будзе 150—160 партыйных вылучэнцаў. Мы ведаем дакладна, што ўжо больш за 140 чалавек здалі дакумэнты. Астатнія пад’яжджаюць. Мы пераважна выкарыстоўваем партыйнае вылучэньне. Але там, дзе ў нас няма зарэгістраваных структураў, мы карыстаемся і зборам подпісаў. Такіх людзей меней, параўнальна з партыйным вылучэньнем. Аднак такія таксама будуць”.
На самым пачатку выбарчай кампаніі апазыцыя мела намер вылучыць ня менш за 1500 кандыдатаў у дэпутаты саветаў розных роўняў. Празь дзень-два стане вядома, ці ўправілася яна з гэтым.