Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе лічыць выбарчыя бюлетэні?


Сёньня ў Беларусі пачаўся новы этап выбарчай кампаніі -- фармаваньне ўчастковых камісіяў. Менавіта яны вядуць непасрэдны падлік выбарчых бюлетэняў. Цягам трох дзён будзе вызначаны склад амаль сямі тысяч камісіяў.


Першы дзень фармаваньня ўчастковых камісіяў прыпадае на 8 сакавіка, Міжнародны жаночы дзень. Гэта адбылося таму, што каляндарны плян усёй выбарчай кампаніі традыцыйна складаецца без уліку выходных і сьвяточных дзён.

Фармуюць участковыя камісіі раённыя выканкамы. Аднак зьвестак пра тое, што сёньня дзе-небудзь прайшлі адпаведныя паседжаньні, няма. Да таго ж, паводле графіка выбарчай кампаніі, нават яшчэ ўчора можна было падаваць дакумэнты з прозьвішчамі кандыдатаў у склад камісіяў. Таму, як кажуць у Цэнтарвыбаркаме, рэальнае фармаваньне камісіяў пройдзе 9-10 сакавіка.

Сярод апанэнтаў улады актыўнасьцю вызначаюцца партыя левых “Справядлівы сьвет” і незарэгістраваная дагэтуль партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Сакратар ЦК партыі “Справядлівы сьвет” Валеры Ўхналёў адзначае:
мы вылучылі ў склад участковых камісіяў 179 чалавек. Амаль палова зь іх прыпадае на Гомельскую вобласьцьe ...

“Нашы партыйныя камітэты вылучылі ў склад участковых камісіяў 179 чалавек. Амаль палова зь іх прыпадае на Гомельскую вобласьць. Мы, дарэчы, так і плянавалі, бо там і колькасьць кандыдатаў у дэпутаты будзе большая”.

Бальшыня палітычных партыяў раней заяўляла, што будзе вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў толькі ў тых акругах, дзе зьбіраюцца балятавацца партыйныя кандыдаты. Ці прытрымліваецца такой тактыкі “Справядлівы сьвет”?

Валеры Ўхналёў удакладняе:

“Мы ўлічваем, што ў некаторых акругах у нас не плянуюцца кандыдаты. Але там ёсьць актыўныя людзі, якія хочуць працаваць падчас выбарчай кампаніі. Таму бальшыня вылучаецца ва ўчастковыя камісіі менавіта там, дзе плянуюцца нашы кандыдаты ў дэпутаты. А частка будзе працаваць там, дзе нашых кандыдатаў няма”

Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Павал Севярынец гаворыць:

Павал Севярынец
“Мы вылучалі сваіх кандыдатаў. Праз збор подпісаў гэта рабіць, канечне, цяжэй, чым праз грамадзкія арганізацыі альбо зарэгістраваныя палітычныя партыі. Але каля 160 чалавек у нас вылучана. Я не магу назваць дакладную лічбу. Выходныя дні, і не ўсіх можна знайсьці. Але каля 160 чалавек мы вылучылі па стане на сёньня”.

Фармаваньне ўчастковых камісіяў завяршаецца 10 сакавіка. А што далей будзе ў выбарчай кампаніі? На гэта пытаньне “Свабоды” адказвае сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

Мікалай Лазавік
“Бліжэйшая значаная дата ў выбарчым працэсе гэта 15 сакавіка, калі суб’екты, якія маюць права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, мусяць завяршыць сваю работу. А патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты павінны прадставіць у выбарчыя камісіі пакеты неабходных дакумэнтаў. А далей камісіі пачнуць праверку дакумэнтаў і рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG