Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Сацукевіч запрашае на экскурсіі па Менску


Іван Сацукевіч распавядае неверагодную гісторыю скульптуры мужчыны, што зараз ў Міхайлаўскім сквэры. Фота Натальлі Косар
Іван Сацукевіч распавядае неверагодную гісторыю скульптуры мужчыны, што зараз ў Міхайлаўскім сквэры. Фота Натальлі Косар

У нядзелю, 28 лютага адбылася традыцыйна экскурсія па вуліцах Менску ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі”. Яе ладзіла моладзевае аб’яднаньне “Гісторыка”. Экскурсія мела назву “Ад вакзала да Гарадзкога Вала”.

Экскурсію праводзіць гісторык-тапаніміст, выкладчык гісторыі БДЭУ, сябра тапанімічнай камісіі пры Менгарвыканкаме Іван Сацукевіч.

Спадар Сацукевіч кажа, што пра Менск можна расказваць усё жыцьцё, былі б слухачы:

“Экскурсіі могуць быць абсалютна рознымі, таму што Менск – горад абсалютна цікавы, абсалютна таямнічы, абсалютна загадкавы. Вельмі прыемна, што менчукам цікавы гэты горад, таму я думаю, гэтыя экскурсіі будуць працягвацца і ў будучыні. Тут, у Менску, можна падабраць абсалютна розныя маршруты, іх дзесяткі можа быць, проста дзесяткі, калі не сотні. Менск – вельмі цікавы горад, і ня ўсе менчукі ведаюць, што такое Лошыца, што такое Парк валуноў ва Ўруччы, што ў нас ёсьць Кальварыя і абсалютна розныя прадмесьці, якія таксама чакаюць свае экскурсіі ў будучым”.

Іван Сацукевіч пачынае сваю экскурсію ад Прывакзальнай плошчы:

“Мы з вамі зараз паглядзім на гэтыя дзве вежачкі. Гэтыя дзве вежачкі – гэта так званая “брама Менска”. Будынкі былі пабудаваныя ў пасляваенны час, прычым будавалі іх, так скажам, у якасці ўзорных будынкаў сталінскага ампіру, таму што БССР была ўзорнай рэспублікай, асабліва пасля таго, як яе будавалі фактычна нанава пасля Вялікай айчыннай вайны. І вось гэтыя будынкі павінны былі паказваць веліч савецкай Беларусі. Таму да іх паставіліся вельмі складана, змяняўся неаднаразова калектыў архітэктараў, якія працавалі над імі. За аснову гэтай брамы Менску ўзялі легенду, што нібыта падобным чынам выглядала брама старажытнага менскага замка. Справа ў тым, што да гонару савецкай археалёгіі, грошай не хапала заўсёды, але нават ў 1946 годзе, калі быў голад, холад, карткавая сістэма яшчэ існавала, пасляваенныя часы, – але тым не менш, знаходзілі магчымасьці і грошы праводзіць археалягічныя раскопкі. І вось менавіта тады, у 1946 годзе, упершыню быў раскапаны Менскі замак. Капаў яго археоляг Тарасенка, і ён меркаваў, што менавіта так прыкладна выглядалі дзьве драўляныя вежы, а паміж імі – брама самога драўлянага замка, там на Нямізе, у старым горадзе. Вось гэту ідэю падхапілі архітэктары і вырашылі паказаць, што вось гэта такая брама ўжо сучаснага савецкага велічнага Менска. Праўда, потым іншыя археолягі даказалі, што Тарасенка памыляўся, не так выглядала брама менскага замка. Але гэта было няважна, таму што справа была зробленая”.

Экскурсійны маршрут прайшоў па самым цэнтры Менску. Ад Сацукевіча таксама можна было даведацца, як пачалі будаваць менскую чыгунку, якая знаходзілася на месцы цяперашняй плошчы Незалежнасьці, што некалі месьцілася у будынку тэатра імя Максіма Горкага і шмат іншых цікавых фактаў.

Звычайна на экскурсіі, якія ладзіць “Гісторыка”, зьбіраецца ня меней за 50 чалавек. Пра гэта я даведалася ад выканаўчы дырэктара “Гісторыкі” Кірылы Сінюціча:

“Вандроўкі ў межах кампаніі “Будзьма”, у тым ліку і гэтыя экскурсіі, адбываюцца ўжо больш за год. Мы ўжо на шмат якіх экскурсіях былі – гэта экскурсія па прасьпэкце Незалежнасьці, экскурсія ў раёне Залатой горкі”.

У Івана Сацукевіча, ёсьць і свае сталыя экскурсанты. Напрыклад, студэнт 5 курса гістфаку БДУ Сьцяпан:

“На экскурсію з Сацукевічам я прыходжу ўжо чацьвёрты раз. Гэта, можна лічыць, – такая прафэсійная мэта, таму што я таксама ваджу экскурсіі, і не толькі па Менску, але і па Беларусі. Івана Сацукевіча заўсёды цікава паслухаць, вельмі пазнавальны матэрыял, які часам не знойдзеш ні ў воднай кніжцы”.

Паслухаць аповяды Сацукевіча ходзіць і пэнсіянэрка, а ў нядаўнім мінулым фізык, кандыдат тэхнічных навук Валянціна Гатальская.

“Я мянчучка, як і мае бацькі. Я вельмі люблю Менск. Досыць шмат, я лічыла, ведаю, але хаджу вось ужо ня першы раз зь Іванам Сацукевічам, да якога з вельмі вялікай пашанай стаўлюся, і даведваюся шмат новага. І галоўнае ж, на беларускай мове ўсё. Вось дзьве гадзіны беларускай мовы, добрай беларускай мовы – гэта вельмі здорава!”

Цягам бліжэйшых шасьці месяцаў “Гісторыка” плянуе яшчэ некалькі экскурсіяў па Менску. Па якіх вуліцах – пакуль сакрэт. Бо, як казаў Іван Сацукевіч, складаньне экскурсіі – гэта творчы працэс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG