Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршаецца суд над Алегам Сурганам


Алег Сурган
Алег Сурган

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску яго судзяць за напад на міліцыянта. Лейтэнант Дудкевіч цьвердзіць, што падсудны ўкусіў яго за мезенец падчас затрыманьня. Затрымлівалі Алега Сургана за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга.

Суд над 47-гадовым Алегам Сурганам працягваецца каля двух месяцаў, з 27 студзеня ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Такое рашэньне прынялі ў Кастрычніцкім РАУС, дзе працуе лейтэнант Сяргей Дудкевіч.

Міліцыянт заявіў, што Алег Сурган укусіў яго, калі ён не даваў затрыманаму “ біцца галавой аб дзьверы міліцэйскай машыны” і “церціся шчокамі аб падлогу”. Лейтэнант Дудкевіч патрабуе ад падсуднага 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі – за тое, што ён мог заразіцца гепатытам у выніку ўкушэньня.

Алег Сурган паказаньні міліцыянта абвяргае. Ён кажа, што ў міліцэйскай машыне яго зьбівалі. І адразу пасьля таго, як ён напісаў пра гэта скаргу ў пракуратуру, міліцыянт Дудкевіч заявіў пра напад. У судзе ён паўтарыў свае паказаньні, а таксама зазначыў, што пратакол, складзены на яго за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга, некуды зьнік і ў справе не фігуруе.

Паводле артыкула 364 крымінальнага кодэксу Алегу Сургану пагражае ад 3-х да 6-ці год абмежаваньня волі. У мінулым ён быў двойчы асуджаны за кішэнныя крадзяжы, і напад на міліцыянта расцэньваецца як рэцыдыў крымінальнага злачынства. Таму пракурор патрабуе пасадзіць Алега Сургана на 3 гады ў калёнію строгага рэжыму.

Адвакат Вячаслаў Праскаловіч спрабаваў давесьці, што яго падабаронны невінаваты, і справу супраць яго трэба скасаваць. Адвакат пэўны, што справа супраць Алега Сургана распачалася менавіта з факту вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга, і што падчас транспарціроўкі ў РАУС міліцыянты перавысілі паўнамоцтвы – зьбілі Алега Сургана, і ў якасьці падстрахоўкі паскардзіліся на яго самога.

Паколькі паказаньні падсуднага і пацярпелага кардынальна адрозьніваюцца, судзьдзі Яўгену Бурунову засталося вызначыцца, якім сьведчаньнем ён больш давярае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG