КНІГАГЛЯД
СЯРГЕЙ ШАПРАН: “ПА ГЭТАЙ КНІЗЕ МОЖНА ПРАСАЧЫЦЬ, ЯК ФАРМАВАЎСЯ ГЕНІЙ БАРАДУЛІНА”.
“Перакуленае/Опрокинутое” – так называецца новая кніга Рыгора Барадуліна, якая выйшла ў маскоўскім выдавецтве “Время”. Гэта дзьвюхмоўнае выданьне – адмысловы падарунак расейскіх выдаўцоў народнаму паэту Беларусі да ягонага хуткага 75-годзьдзя. Пяцьсотстаронкавы том выбранага за паўстагодзьдзя творчасьці надрукаваны паралельна зь перакладамі на расейскую мову. Складальнік кнігі Сяргей Шапран – госьць нашай менскай студыі. Зь ім гутарыць Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Спадар Сяргей, каму належыць ідэя выданьня дзьвюхмоўнай кнігі выбранага беларускага паэта Рыгора Барадуліна ў Расеі?”
Сяргей Шапран: “Шаноўнаму маскоўскаму выдаўцу Барысу Пастарнаку. Яму належыць ідэя самой кнігі. Але вось менавіта дзьвюхмоўны варыянт прапанаваў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, і Барыс Натанавіч пагадзіўся з гэтым”.
Аксак: “На якіх чытачоў разьлічанае гэтае выданьне?”
Шапран: “Добра патлумачыў гэта сам Барыс Пастарнак у прадмове ад выдавецтва. Ён напісаў у прыватнасьці, што тыя прыхільнікі творчасьці Рыгора Барадуліна, хто свабодна валодае беларускай мовай, прачытаюць вершы ў арыгінале. Чытаньне ж лепшых расейскамоўных перакладаў і параўнаньне іх з арыгіналамі прынясе такім чытачам дадатковую асалоду. А для чытачоў, якія валодаюць беларускай мовай на бытавым узроўні, расейскія пераклады дапамогуць засвоіць непаўторную паэтычную мову Барадуліна. Тых жа чытачоў, каму беларуская мова і творчасьць Барадуліна пакуль яшчэ невядомыя, чакае сапраўднае адкрыцьцё”.
Аксак: “Перакуленае/Опрокинутое” – кніга, якую складаюць выбраныя вершы народнага паэта ад самых першых ягоных публікацый больш паўвека таму. Чаму менавіта такі храналягічны прынцып вы абралі для гэтай кнігі?”
Шапран: “Усё-ткі не ад самых першых. Тут такая маленькая таямніца, што сапраўды я прапанаваў пачаць кнігу зь вершаў калі не 1953 году, дык 55-га. Але Рыгор Іванавіч, калі пераглядаў зьмест, папрасіў больш уважліва паставіцца да яго раньніх вершаў і, можа быць, нешта зь іх прыбраць. І гэта зразумела, бо тыя ж “Калаўроты” ці верш “Зь піпетак-сасулек…” мог напісаць раньні, але ня сёньняшні Барадулін. Але гэта – таксама Рыгор Барадулін і гэта – лепшыя ўзоры яго раньняй паэзіі, таму я ўсё-ткі пакінуў іх. Аднак прыбраць вершы 55-57-х гадоў параіў рэдактар кнігі Ўладзімер Някляеў, пра якога Рыгор Іванавіч, між іншым, неаднойчы казаў, што ён – больш чым рэдактар. Някляеў палічыў за лепшае пачаць кнігу з энэргічна-вясновага верша “Як захлынуўся ад радасьці жаўранак…”. Дарэчы, спадар Уладзімер напісаў і вельмі добрую прадмову. Магу дадаць яшчэ, што калі браўся за гэтую працу, дык атрымаў ад Барадуліна такі наказ – у першую чаргу зьвяртаць увагу на пераклады, каб яны гучалі. А яшчэ Рыгор Іванавіч хацеў бачыць у кнізе паэму “Куліна”. У сваю чаргу, ад выдаўца Барыса Пастарнака атрымаў іншы наказ – ён прасіў, каб былі прадстаўлены як мага болей перакладчыкі. І сапраўды, у зборніку дваццаць перакладчыкаў і ў асноўным гэта славутыя імёны: Іван Бурсаў, Аляксандар Дракахруст, Ізяслаў Катляроў, Навум Кісьлік, Рыгор Куранёў, Фёдар Яфімаў, Ванкарэм Нікіфаровіч, Валянцін Тарас, Ільля Фанякоў, Якаў Хелемскі, канешне, Ігар Шклярэўскі… А храналягічны прынцып, на маю думку, абсалютна лягічны, бо гэта ж усё-ткі выбранае. Яно рыхтавалася да юбілею, па ім можна прасачыць, якім чынам фармаваўся паэтычны геній Рыгора Барадуліна, якім чынам адбывалася яго паэтычная і філязофская эвалюцыя”.
Аксак: “А ці ўсё перакладзенае з паэзіі Рыгора Барадуліна на расейскую мову вы ўключылі ў гэты том?”
Шапран: “Канечне, не ўсё, бо для ўсяго і тысячы старонак не хапіла б. Атрымалася сапраўды выбранае. І хоць па просьбе аўтара я зьвяртаў увагу найперш на якасьць перакладаў, нейкім чынам кніга стала томам выбранага, у тым ліку, і арыгіналаў. Я імкнуўся, каб тут былі прадстаўленыя ў першую чаргу этапныя вершы Барадуліна. Але трэба заўважыць, што актыўная перакладніцкая праца спынілася на дзевяностых гадах. І, на вялікі жаль, тое ж “Эвангельле ад Мамы” – кніга 1995 году, якую сам Барадулін называе адной з сваіх самых любімых, – дасюль практычна не перакладзеная. Ужо не кажу пра пазьнейшыя “Ксты”. Але добра, што ў нас было паўгода часу да здачы ў набор, за які Марына Наталіч па просьбе Барадуліна пераклала цыкль “Ахвярынкі” і вершы мінулага году. Такім чынам гэты прабел быў трохі скарочаны: вершы пачынаюцца тут з 1957 году і сканчваюцца 2009-м. Дарэчы, вершы мінулага году яшчэ не былі прадстаўленыя ў кніжных выданьнях. І тут, мабыць, варта згадаць такую гісторыю. Гады тры таму я дапамагаў Рыгору Іванавічу наводзіць парадак у ягоным хатнім архіве. Тады сярод іншага знайшлася трэцяя ці чацьвёртая машынапісная копія “Каласоў пад сярпом тваім” Караткевіча і ягоны рукапіс “Ладзьдзі роспачы”, лісты Васіля Быкава, якія потым увайшлі ў кнігу “Дажыць да зялёнай травы…”, а таксама лісты Барадуліна да сваёй маці, Акуліны Андрэеўны, і яе да яго, якія ў мінулым годзе сталіся кнігай “Паслаў бы табе душу…”. І тады ж на вочы патрапіў машынапіс расейскамоўнай кнігі Барадуліна, якая плянавалася выйсьці, здаецца, у выдавецтве “Советский писатель” у 1990 годзе. Але вы памятаеце, які быў час, – кніжка так і ня выйшла. Я прапанаваў не здаваць машынапіс у Архіў-музэй літаратуры і мастацтва, аднак Рыгор Іванавіч махнуў на гэта рукой: маўляў, цяпер ня час для такіх перакладніцкіх кніг. На шчасьце, ён памыліўся, і час для такой кнігі ўсё-ткі прыйшоў. Між іншым – гэта трэцяя білінгвічная кніга Рыгора Барадуліна. Папярэднікі – праская “Жыць!” і беларуска-ангельскае выданьне “Кстоў”. Але “Перакуленае/Опрокинутое” – гэта першая беларуска-расейская кніга. Выйшла яна ў маскоўскім выдавецтве “Время” ў сэрыі “Поэтическая библиотека”. Раней у гэтай сэрыі выходзілі Андрэй Вазьнясенкі, Навум Каржавін, Юрый Левітанскі, Барыс Слуцкі, аднак ніколі яшчэ не было ні беларускіх аўтараў, ні тым больш, білінгвічных выданьняў. Заўважу яшчэ, што апошняя кніга Рыгора Барадуліна па-расейску выйшла ў 1989-м годзе. І вось цяпер, праз дваццаць адзін год, гэтае вымушанае маўчаньне ўрэшце перапыненае”.
АЎТАР І ТВОР
РАІСА БАРАВІКОВА: “ПАЭЗІЯ ЎМАЦОЎВАЕ ЧАЛАВЕЧУЮ АЎРУ”
У крамах і кіёсках “Белсаюздруку” сярод глямурных выданьняў на глянцавай паперы часопіс “Маладосьць” асабліва ў вочы ня кідаецца. Але ж і не губляецца. Каляровая, яркая вокладка, ды і папера якасная. Вядома, для літаратурнага пэрыёдыка – галоўнае ня вонкавы выгляд, а зьмест і якасьць твораў. Пра тое, што ў “Маладосьці” пад вокладкай, з галоўным рэдактарам часопіса паэткай Раісай Баравіковай пагаварыў Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Спадарыня Раіса, рэдка вы бываеце на нашым радыё, і ўсё ж я прыгадваю адно ваша інтэрвію, дзе вы зьбіраліся ў некалькі разоў узьняць наклад “Маладосьці” і аднавіць выхад часопіснай бібліятэчкі з дапамогай дзяржавы. Наколькі спраўдзіліся вашыя спадзяваньні?”
Раіса Баравікова: “Пра “Маладосьць” мне заўсёды прыемна гаварыць. Мае спадзяваньні шмат у чым спраўдзіліся. Усё спазнаецца ў параўнаньні. Дык вось, калі ўзяць літаратурную сытуацыю ў суседніх краінах, ва Ўкраіне, у Расеі, дзе тоўстыя літаратурныя часопісы таксама перажываюць няпростыя часы, калі нават узяць для параўнаньня эўрапейскую літаратуру, то для літаратурнага выданьня ў нас даволі някепскі наклад. На сёньняшні дзень ён складае каля трох тысячаў асобнікаў. Для часопіса гэта някепска. Хаця, вядома ж, гэта вымагае пэўных высілкаў: сустрэчаў, просьбаў, тлумачэньняў, што такое літаратура, чаму трэба чытаць літаратурныя творы”.
Скобла: “Пачаткоўцам па-ранейшаму праблемна выдаць першую кнігу. Наколькі я зразумеў, “Бібліятэчка “Маладосьці” так і засталася ў мінулым?”
Баравікова: “Якраз не, мы яе адновім, прычым, вельмі хутка. Некалькі гадоў запар у нас існаваў часопіс у часопісе “Фантаст”. Цяпер мы хочам вынесьці яго за межы нашага часопіса і выдаваць як “Бібліятэчку “Маладосьці”. Чаму менавіта “Фантаст”? Мы тут улічваем умовы кніжнага рынку. Кніжку мы можам выдаць, але як яе распаўсюдзіць? Як знайсьці чытача? Мы прыкінулі, што менавіта ў гэтай сэрыі кніжка разыдзецца і будзе мець свайго чытача. Бібліятэчку мы адновім яшчэ ў гэтым годзе”.
Скобла: “Друкуючы адных маладых, наклад наўрад ці магчыма падняць. Хто са старэйшых творцаў супрацоўнічае з вашым часопісам?”
Баравікова: “Кожнае маладое імя трэба раскручваць. Таму ядром публікацый у “Маладосьці”, я ведаю гэта са свайго літаратурнага вопыту, заўсёды было сярэдняе пакаленьне, ад 35 да 50 гадоў, яно, як правіла, самае плённае. Так было заўсёды ў літатаратуры. Найлепш, калі ўжо і вопыт ёсьць літаратурны, і свая літаратурная сьцежка намацана, і імя ёсьць. Таму мы працягваем актыўна друкаваць моладзь, за год у нас публікуецца 30-40 пачаткоўцаў, але асноўную нагрузку мы кладзем на 40-гадовых. Скажам, у другім нумары сёлетняй “Маладосьці” мы друкуем выдатную фантастычную аповесьць Сержа Мінскевіча. У мінулым годзе мы надрукавалі “12 подзьвігаў Геракла” Пятра Васючэнкі, творы Анатоля Казлова, Алеся Бадака, Алеся Наварыча, Андрэя Федарэнкі, Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа. Прадстаўнікоў таго пакаленьня, якое на сёньняшні дзень зьяўляецца самым актыўным у творчым пляне”.
Скобла: “Ці запрашаеце вы на свае старонкі чальцоў незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў? Ці істотна для вас, у якім саюзе знаходзіцца ваш патэнцыйны аўтар?”
Баравікова: “Асабіста для мяне – не істотна, бо літаратура – непадзельная, літаратуру нельга раскласьці па саюзах. Літаратура – гэта суцэльнае палатно, дзе кожны творчы лёс, як нітачка, уплецены ў яго. У чацьвёртым нумары за мінулы год у нас быў выдатны творчы партрэт Рыгора Барадуліна. Мы надрукавалі яго па просьбе школьных настаўнікаў. Рыгор Барадулін – клясык беларускай паэзіі, ён у школьных праграмах. Калі мы бываем на сустрэчах у школах, настаўнікі пытаюцца, чаму ў нашым часопісе не прысутнічае Рыгор Барадулін? Калі Рыгор Іванавіч прынясе нам свае творы, мы іх надрукуем. Летась у “Мадалосьці” быў надрукаваны і творчы партрэт Ніла Гілевіча – таксама па просьбе настаўнікаў”.
Скобла: “Давайце пагаворым трохі пра вашу творчасьць. Ганна Ахматава, чые вершы, дарэчы, вы пераклоадалі на беларускую мову, гаварыла пра адну паэтку-лірыка: “Яна піша свае вершы як бы перад мужчынам, а трэба пісаць як бы перад Богам”. А вы пішаце сваю лірыку “як бы перад кім”?”
Баравікова: “Я ніколі не пісала “як бы перад мужчынам”. Творчасьць зьвязаная з найвышэйшымі энэргіямі, вельмі тонкімі. Кажуць, што талент – гэта пацалунак Божы. Напэўна, ад гэтага трэба і сыходзіць, таму што над усім Бог, а мы толькі выконваем Божую волю”.
Скобла: “Дык усё ж атрымліваецца “як бы перад Богам”?”
Баравікова: “Атрымліваецца – так”.
Скобла: “З чаго жывіцца, зь якіх крыніцаў сілкуецца плынь вашай творчай энэргіі?”
Баравікова: “З тых пачуцьцяў, якімі я жыву. У паэзіі мяне заўсёды вяло натхненьне. Паэзія – вялікая таямніца, многія паэты вам скажуць, што ў момант натхненьня яны ня ведаюць, адкуль што бярэцца. Такое ўражаньне, што радкі прыходзяць з нейкіх Боскіх вяршыняў. Мне часам проста дзіўна, што ёсьць людзі, якія могуць не чытаць паэзію. Я перакананая, што ў вершах прысутнічае энэргетыкая, якая чалавека лекуе, якая садзейнічае ўтварэньню гармоніі ў чалавеку, якая ўмацовае чалавечую аўру. Людзі абавязкова павінны чытаць паэзію!”
РАІСА БАРАВІКОВА. З ЛІРЫКІ ЧЫКАГСКІХ ВЕЧАРОЎ
* * *
Дзіўлюся я, – узор які!
Дол восень выслала дзяружкай,
дзе коньнік, велічны Касьцюшка,
застыў у бронзе на вякі.
Краіны гэтае герой,
ён, можа, мне цяпер найблізкі
мясьцінкай той, што ад калыскі
была ў душы яго адной.
І мроіцца, – ірвуць сьляды
высокіх гмахаў агароджу...
Ах, гэта я яго праводжу
дамоў, адкуль прыйшоў сюды.
* * *
Ледзь бачных аблачын кайма –
цяпла жаданага прыкмета.
Я выпала зь зімы сама,
ці лета даганяе лета?
Душа чужая, як рака,
ты ў вір яе паверыць здолеў
з гарэзьлівасьцю матылька,
што першы раз ляціць над полем.
Патрэбных не знаходжу слоў,
калі сыходжу ў німбе ўраньні
тваіх хвалюючых замоў, –
п’янлівым водары герані...
Каб хто схацеў падслухаць нас,
выказваў бы неўразуменьне, –
не вяжацца да сказу сказ,
ды ў доўгіх паўзах – цвіценьне!
Манэтка рэшкаю ў руцэ
заціснута на нашу згоду,
няма ні Захаду, ні Ўсходу,
адно – герань паўсюль цьвіце...
* * *
Між дрэў іскрыста залатых
плыве ледзь чутнае іграньне,
нібы любоўнай ночы ўздых
казыча соннае сьвітаньне.
Ды той музыка з-за прысад
нічога ўжо не абяцае,
ён толькі ціхенька іграе
на нейкі свой журботны лад.
Бруяцца гукі ўверх, уніз
і мне тваё аблічча сьніцца...
Прачнецца хутка Western Springs*,
а сну кароткаму ці збыцца?
*Адзін з раёнаў Чыкага.
* * *
Адна хвіліна ці імгненьне толькі
мне не дае адчуць тваю далонь.
Скразьняк задзьмухне неўзнарок ля ёлкі
Каляднай сьвечкі спуджаны агонь.
Суніме ноч фіранак калыханьне,
за імі – сьмех, чыіхсьціх санак бег.
Там ёсьць свае адказы і пытаньні,
а тут – дыханьняў нашых лёгкіх зьбег.
Твайго жаданьня просяць мае губы,
іскрыцца келіх казкай для дваіх,
і ўжо ўзьнялі анёлы свае трубы:
харал Каляднай ночы ловіць слых.
Хісьнецца ёлкі соннай дыядэма,
сьнег у дварах – і зблізку, і здаля.
Цалуеш ты... Ці зорка Бэтлеему,
стагодзьдзі адгарнуўшы, апякла?
* * *
Было Эўропы выкраданьне,
марское пены шум і рык,
жамчужынкай з замілаваньнем
яе выносіў з хваляў бык.
Не красавацца кроне буйнай,
як лістапад яе кране...
Нэонавы чыкагскі буйвал
глядзіць спакойна на мяне.
Ужо нічым не рызыкую.
Ліхтарыкам прылёг гарбуз.
А я да астры прыраўную
наш першы і апошні блюз.
Не скажаш усяго адразу,
што з часам разьляціцца ў дым...
Бо любыя сьмяюцца разам,
а плачуць толькі па адным.
* * *
Лірыка чыкагскіх вечароў.
Дрэмле Sears Tower* пад вуалем
дымкі, што трывожыць ціхім жалем,
як мае настроі, зноў і зноў.
Запытайся сёньня, я зманю,
што хачу, каб быў заўжды вясёлым
ты, што стаў ахоўнікам анёлам,
ля прастола нашага агню.
Дзе гучыць яшчэ нявінны сьмех,
дзе завеш мяне галубкай русай,
а ў вачах, як акіян, спакуса
і такі зямны, як прорва, грэх.
*Адзін з самых высокіх будынкаў у сьвеце.
* * *
Магнолія ўжо адцьвіла,
як адцьвітае куст шыпшыны.
Я тут жыла, я тут была,
і вось астатнія хвіліны...
Мяне прывеціць сьнегапад,
(люблю з маленства сьнегапады),
дзе, пэўна ж, будзе нехта рады
сустрэць мой сьцішаны пагляд.
Ды гэта ўсё пасьля... пасьля…
Што будзе там, як адступленьне
ў аповесьці, дзе ўсё – натхненьне!
Але ўжо чуецца здаля...