КНІГАГЛЯД
УЛАДЗІМЕР СІЎЧЫКАЎ: “ЧЫТАЧ ПАВІНЕН ІСЬЦІ ЗА ПІСЬМЕНЬНІКАМ, А НЕ НААДВАРОТ”
УЛАДЗІМЕР СІЎЧЫКАЎ: “ЧЫТАЧ ПАВІНЕН ІСЬЦІ ЗА ПІСЬМЕНЬНІКАМ, А НЕ НААДВАРОТ”
Эсэістам, падарожнікам, апытальнікам і апытаным паўстае празаік Уладзімер Сіўчыкаў са старонак сваёй новай кнігі “Бювар”, якая днямі выйшла ў выдаветве “Логвінаў”. Перад ейнай прэзэнтацыяй у менскай “Галерэі Ў” з аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Уладзімер, ня ў кожнага слухача “Дому літаратара” знойдзецца пад рукой “Слоўнік іншамоўных словаў” Аляксандра Булыкі. А таму патлумачце нам, чаму вы назвалі сваю кнігу гэткім малаўцямным словам?”
Уладзімер Сіўчыкаў: “З аднаго боку, чытач павінен ісьці за пісьменьнікам, а не пісьменьнік мусіць увесь час думаць – ці зразумее яго шэраговы чытач. З другога боку, сумна пра гэта казаць, наклады кніг сёньня – 300, 500, 1000 асобнікаў, так што гаварыць пра асабліва шырокае кола людзей не даводзіцца. Кнігі сёньня чытаюць людзі адукаваныя, абазнаныя ў замежных мовах. У маёй кнізе, як у бювары – папцы для захоўваньня паштовай паперы, канвэртаў і карэспандэнцыі – сабраныя эсэ, гутаркі і падарожныя нататкі”.
Скобла: “Бювар” – кніга рознажанравая, кніга маналёгаў і дыялёгаў, тут і мастацтвазнаўчае эсэ, і падарожныя нататкі, і інтэрвію з вамі, прычым, падвойнага віду: то вы самі задаяце пытаньні, то адказваеце на іх. А ў якім жанры вы пачуваецеся найбольш разьняволена?”
Сіўчыкаў: “Хутчэй за ўсё, у эсэістыцы, у падарожных нататках, у эпісталярным жанры – у выглядзе лістоў да брата (улюбёны жанр Ван Гога, якому прысьвечанае першае эсэ ў кнізе). А найбольш упэўнена пачуваюся, калі скарыстаць навуковы тэрмін, у літаратуры факту”.
Скобла: “У “Бювар” увайшла і наша з вамі гутарка на Радыё Свабода пра асобу заснавальніка Жодзіна Багуслава Радзівіла. Памятаю, як мы са студыі тэлефанавалі ў гэтай справе і дэпутату Жодзінскага гарсавету, і мясцовым краязнаўцам. Ці зрушылася справа з помнікам Радзівілу?”
Сіўчыкаў: “Наша з вамі перадача – адна з тых кропелек, якімі я спрабую прадзяўбці камень бяспамяцтва і неразуменьня, камень дурноты чалавечай. Работа гэта ідзе, і я тут прыгадаю славутага рымляніна Порцыя Катона, вядомага ў гісторыі як Катон Старэйшы, які ўсе свае прамовы заканчваў словамі: “І акрамя таго, я сьцьвярджаю, што Картаген трэба разбурыць”. У гэтым сэнсе я не стамляюся пісаць, гаварыць пра магчымы помнік заснавальніку Жодзіна ў самых розных месцах, у самых розных выданьнях, скарыстоўваю любую мажлівасьць”.
Скобла: “Асноўнае месца ў вашай кнізе займае эсэ пра Ван Гога. І гэта ня той выпадак, калі ў адным месцы па волі аўтара апынуліся “Гогаль, Гегель і Ван Гог”. Ван Гог упісаны вамі ў кантэкст беларускай культуры. Добрая атрымалася б кніга – зборнік вашых эсэ пра мастакоў”.
Сіўчыкаў: “Мне самому хочацца папрацаваць над гэтай тэмай. У мяне ў свой час было напісанае вялікае эсэ-водгук на альбом-манаграфію Язэпа Драздовіча, да выданьня якога і вы, Міхась, здаецца, спрычыніліся. Ёсьць у мяне развагі і занатоўкі пра вялікага Леанарда. Так што, дзякуй за падказку. Часам бывае, што калегі падштурховаюць у патрэбным кірунку. Нездарма ж кажуць, што Пушкін падарыў Уладзімеру Далю ідэю яго знакамітага слоўніка, а Гогалю падказаў сюжэт “Мёртвых душаў”. Бывае, расказваеш пра нешта Леаніду Дранько-Майсюку, а ён пытаецца: “Валодзя, а ты пра гэта напісаў? Напішы абавязкова!”. І гэтае дабразычлівае падштурхоўваньне вельмі прыемнае. Тады ты разумееш, што твае думкі цікавыя яшчэ камусьці”.
Скобла: “Прачытаўшы ваша эсэ “Мюнхаўзэнаў камень, або Падарожжа ў Крывію”, хочацца вандраваць па Беларусі. Што трэба, каб вандроўка ўдалася?”
Сіўчыкаў: “Трэба няшмат – каб з вамі ў кампаніі быў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антось Астаповіч. І любая вандроўка – абавязкова атрымаецца”.
АЎТАР І ТВОР
АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ: “МЕНСК СТАЎ ГОРАДАМ АКТУАЛЬНЫХ МІЖНАРОДНЫХ ФЭСТАЎ”
Чым увойдзе ў гісторыю беларускай літаратуры 2009 год? Якія падзеі сталі знакавымі, а кнігі – папулярнымі? На гэтыя ды іншыя пытаньні Валянціны Аксак адказвае старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру паэт Андрэй Хадановіч.
Валянціна Аксак: “Спадар Хадановіч, як старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру якія тэндэнцыі вы лічыце найзначнейшымі ў беларускай літаратуры ў 2009 годзе?”
Андрэй Хадановіч: “Пазытыўнымі я лічу дзьве тэндэнцыі. Па-першае, горад Менск нарэшце робіцца месцам міжнародных літаратурных фэстаў, на якіх клясныя замежныя аўтары сустракаюцца на адной пляцоўцы (раней гэта было неяк падзелена) з найлепшымі беларускімі аўтарамі. Варта згадаць нямецка-літоўска-беларуска-украінска-швайцарскі фэст “Эўрапейскія краіны-суседкі”, які пачаўся ў Вільні, а пасьпяхова скончыўся ў Менску. Не пасьпеў скончыцца той фэст, як пачаўся ня менш прыгожы міжнародны фэст “Вялікае Княства Паэзіі”. Не пасьпеў адгрымець ён, як у Менску пасьпяхова зьдзейсьніўся ўкраінска-беларускі фэст “Пералаз” з творчымі вечарынамі, слэмамі, дакумэнталістыкай, мультыплікацыяй. Вось вам тэндэнцыя – Менск стаў горадам актуальных міжнародных літаратурных фэстаў.
Другая тэндэнцыя таксама зьвязана з уключэньнем Беларусі ў эўрапейскі і ўсясьветны літаратурны кантэкст. Беларускія літаратары актыўна пачалі высоўвацца (ня самі высоўвацца, а высоўвацца міжнародным істэблішмэнтам) на міжнародныя ўзнагароды. Хочацца згадаць Ігара Бабкова, які трапіў у шорт-ліст і ледзь ня выйграў прэстыжную польскую ўзнагароду “Ангелус”. Хочацца яшчэ патрымаць сьціснутыя пальцы за Ўладзімера Арлова, які таксама ўдзельнічае ў шорт-лісьце прэстыжнай польскай прэміі “Эўрапейскі паэт свабоды”.
Аксак: “Беларускія літаратары, як і беларускія футбалісты клюбу “БАТЭ”, пакуль што нічога ня выйгралі, але ўжо гуляюць на міжнародных арэнах. Што яшчэ ў літаратурным жыцьці краіны за прамінулы год вы адзначыце?”
Хадановіч: “Мне падаецца, варта адзначыць праект году – шыкоўны сайт, які можна назваць інтэрнэт-часопісам перакладной літаратуры, – “Прайдзісьвет”. Ён сабраў клясных аўтараў, апублікаваў вялікую жменю клясных твораў з розных моваў. І які, што прыемна, рэгулярна абнаўляецца. Адзін нумар можа зрабіць кожны – “Прайдзісьвет” выходзіць з зайздроснай рэгулярнасьцю.
Яшчэ хачу адзначыць пасьпяховы літаратурны піяр году. Гаворка пра беларускі лёс не ў Беларусі выдадзенай кніжкі Віктара Марціновіча “Параноя”. У пэўных чыноўнікаў, відаць, праявілася апісаная аўтарам параноя, вынікам чаго стала негалосная забарона распаўсюджваць кніжку. Можна тут паспачуваць аўтару і яго эмоцыям, а можна аўтару і пазайздросьціць, бо ў выніку сіла нэгатыўнай рэклямы спрацавала так, што ўсе добрыя і сумленныя людзі пачалі імкнуцца прыдбаць і пачытаць забароненую кніжку. Даўнавата я ня бачыў столькі твараў у мэтро пад знаёмай вокладкай”.
Аксак: “Яшчэ некалі Андрэй Вазьнясенскі казаў, што найлепшая рэкляма – гэта антырэкляма. А якую адзнаку вы паставіце такой падзеі, як стварэньне месяц таму пісьменьніцкага саюзу так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі?”
Хадановіч: “Беларусь, безумоўна, пісучая краіна. Шмат пэўных дзеячаў – часам на дзяржаўнай службе, а часам, у вольны ад яе час, могуць займацца прыемнай ім і любімай справай. Але так склалася гістарычна – у мяне іншыя любімыя аўтары. Таму я ня буду ставіць ніякіх адзнак гэтай падзеі. А вось падвесьці кніжныя вынікі году варта. Тут я хачу згадаць трох паэтаў і трох празаікаў. Сярод кожнай тройкі я згадаю двух беларускамоўных і аднаго расейскамоўнага аўтара. У паэзіі – Алесь Разанаў і ягоныя кніжкі з пасьпяховага шасьцітомніка, выдадзенага Ігарам Логвінавым. Гэта кніжка зномаў “Сума немагчымасьцяў” і кніжка вершаказаў “Пчала пачала паломнічаць”. Другая кніжка – зборнік Уладзімера Арлова, выдадзены таксама Ігарам Логвінавым, – “Усё па-ранейшаму, толькі імёны зьмяніліся”. І трэцяя кніга – кніга Дзьмітрыя Строцава “Бутылкі сьвета”. Даўнавата штосьці выдадзенае беларусамі па-расейску не выклікала такога рэзанансу ў паэтычных колах на постсавецкай прасторы. Што тычыць прозы, то гэта зборнік вялікай і кароткай прозы Ўладзімера Някляева “Цэнтар Эўропы”, гэта вялікая літаратурная пасьлямова Альгерда Бахарэвіча да ім жа перастворанага “Халоднага сэрца” Гаўфа, і гэта згаданая ўжо кніга Віктара Марціновіча “Параноя”.
Аксак: “І нарэшце, скажыце, калі ласка, пра асабістыя вынікі году паэта Андрэя Хадановіча”.
Хадановіч: “Асабістым вынікам магу палічыць кніжку “Несымэтрычныя сны”. Яна напісаная, але зьявіцца ў друку хіба напачатку наступнага году”.
АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ. ВЕРШЫ З НОВАЙ КНІГІ “НЕСЫМЭТРЫЧНЫЯ СНЫ”
Фальшывыя сябры перакладчыка
Ён верыў у Дзеда-Мароза, яна ў выкраданьне Эўропы,
яго бацькі ў камунізм, яе бацькі ў гараскопы.
Ён – лютаўскі Вадалей, яна – верасьнёвыя Шалі,
і ейныя тата і мама яго на першых парах запрашалі.
Ейныя продкі былі элітай яйкагаловай:
бацька – доктар навук, маці – проста мэгера.
А кавалер іх дачкі меў тады восем з паловай,
і ўсе яго звалі Гоша, яна ж называла – Гера.
Яна ў свае сем была вундэркіндам і нават ведала троху
лаціну. Сказала яму: “Carpe diem! Перакладзеш з Гарацыя?”
Ён дома аскуб адрыўны каляндар. Пасьля стаяў на гароху,
бо бацька ня трапіў тады на цягнік, а ў бацькі рука гарачая…
Празь дзесяць гадоў ён сустрэў яе на ўзьбярэжжы Юрмалы.
Убачыў – і крочыў за ёю ў ваду, адчуўшы юр не малы.
Яна крычала: “тану!”, а ён: “не патонеш, мячык!” –
і перакладаў яе з хвалі на хвалю, як перакладчык.
Яна яму: “што ты робіш?”, а ён у адказ: “то и делаю!” –
і цалаваў яе проста ў Балтыйскае мора.
Потым ён жартаваў, што вышэйшы на цэлую
галаву. А яна яму: “Цэлую? Ты ж на яе – хворы!”
Ейны бацька сказаў: “Валіў бы ты ў войска, лепш у памежнікі!”
Ён адказаў: “Carpe diem! Гэта з паэзіі Рыма”.
Потым дадаў: “Вы – вяршкі грамадзтва, мы – яго вершыкі”.
Потым ляснуў дзьвярыма.
Ейная мама на кухні да ранку рыдала, як плачка,
павучала дурніцу восем гадзінаў запар:
“Доча, калі ты хочаш у лінгвістычны на перакладчыка,
ён – твой фальшывы сябар!
Хочаш на перакладчыка – менш паэзіі!
Хочаш у лінгвістычны – сябруй з галавою!”
Уночы яна прысьніла, што яму галаву адрэзалі,
і яна размаўляла зь ёй, як з жывою,
любавалася ўсьмешкай зь беларусьфільмаўскім прыкусам
і пахавала ў вазоне з маміным фікусам…
Хтось назаве ўсё гэта казкай ці містыкай,
іншыя скажуць: “Жыцьцё – тэатар, які пачынаецца зь вешалкі”.
Сёньня яна працуе высокааплатнаю сынхраністкай.
Ён сядзіць у яе на шыі, перакладаючы вершыкі.
Псыхааналіз
Упершыню цалаваўся ў дзіцячым садку:
сярэдняя група, сярэдзіна ціхай гадзіны.
Дзеўчына доўга трымала мяне за руку,
потым прызналася: я ў яе не адзіны.
Упершыню мяне моцна пабілі ў старэйшай
групе – тая дзяўчынка, зь якой цалаваўся ў сярэдняй.
Я наглядзеўся tv – і назваў яе гейшай.
Гейша таксама глядзела tv. Бойка была канкрэтнай.
Упершыню пасварыўся зь сябрам у першай клясе,
дзеля дзяўчынкі, зь якою біўся ў старэйшай групе:
“Ты ж мне пакляўся! Я ж на цябе паклаўся!
Што робіць ейны волас у гэтым гарохавым супе?!”
Упершыню спавядаўся, мыючы сходы за шатняю,
сябру сяброўкі на тэму сяброўкі сябра.
“Сёньня дала мне…” – кажу. Патлумачыць: “…дала сьпісаць хатняе”
я не пасьпеў – перашкодзіла сябрава швабра…
Дваццаць гадоў мінула – і вось, ляжу на кушэтцы
сябра-псыхааналітыка, што зламаў аб мяне
некалі швабру: “Ты тут ні пры чым. Я ня верыў Сьветцы.
Дзеўкі няверныя. Здрада не абміне.
Я таксама герой. На тую цягне, да гэтай хіліць.
Хоць ты жаніся зь першаю выпадковаю.
Пабяруся з баўгаркай – і хай мяне піліць!
Пазнаёмлюся зь фінкай – і хай падколвае!
Сьветка ж (ты сьведка!) заўжды карысталася попытам.
У адзінаццатай клясе скокнула ў даўжыню.
Прызямляецца. З попы пясок атрасае. А попа там!..
Дваццаць гадоў мінула, а бачу, бы ўпершыню”.
Хутка пясок будзе сыпацца, а ён пра дзіцячыя дупы.
Слухаеш – і ня ведаеш, хто аналітык, хто псых.
Раскажы пра садок. Інвалідам сярэдняй групы
хопіць кушэтак. На ўсіх.
Як я правёў лета (з драматычнай паэмы “Дзяды”)
Першыя ўрокі. Мусоліш аловак і сьцёрку.
Тэма на дошцы – пішы, як праводзіў ты лета.
Пішуць, казлы. Ты таксама хацеў бы “пяцёрку”,
толькі пра што тут пісаць, як раскажаш пра гэта?
Як ты глядзеў тэлевізар тайком ад бабулі:
над галавою імгненьні сьвісьцяць, нібы кулі,
ледзь нашы гол у адказ забіваюць шатляндцам –
бабця ў адказ прабівае па задніцы сланцам.
Як ты з набітых кашоў выкідаеш лісічкі:
месца няма ўжо, а белых грыбоў усё болей.
Як літаральна за тыдзень мяняюцца звычкі
і геніяльна смакуе партвэйн дзядзі Колі.
Як па дарозе дамоў спатыкаўся, бы Чаплін.
Як, пачатковец-нудыст, ледзь ня зьмерз у Сажы
і, каб сагрэцца, – ударыла ў голаў мача, блін! –
сена калгаснага стог падпаліў. Раскажы!
Як ты глядзеў у кіно “Чалавека-амфібію”,
рот адкрываючы прагна спайманаю рыбаю.
Ўражаны бацька назаўтра купіў табе ласты.
Славік зайздросьціў: “Тапелец, а не вадалаз ты!”
Як з Засажэўскага лесу дамоў на папутцы –
першы твой раз, як сказаў бы цяпер, аўтаспынам.
Як ад дажджу ў тэлефоннай хаваліся будцы
з той, што пасьля назаве цябе сучыным сынам.
Дзе гэта ўсё? Аўтастанцыя. Ціша. Бязьлюдна.
Цераз пітомнік (бабуля казала “пітоўнік”)
крочыш паволі. Зьмянілася ўсё абсалютна.
Толькі дзядоўнік, дзядоўнік, дзядоўнік, дзядоўнік.
Пафарбавалі ў зяленіва дом бабы Валі,
вуліцу неяк бяздарна заасфальтавалі,
роў закапалі – і не засталося сьлядоў.
Толькі дзяды, нібы ўнукі тых вашых дзядоў.