КАСТУСЬ ЦЬВІРКА: “СВАБОДА І ЗЯМЛЯ – НАЙГАЛОЎНАЕ ДЛЯ БЕЛАРУСА”
На неабжытай высьпе пасярод непраходнага балота жыве чалавек. Ён уцёк з сыбірскага лягеру, але ў роднай вёсцы яму месца няма. На востраве ён урабляе зямлю, будуе хату, а яшчэ спрабуе прыручыць… чалавекападобнае ваўчаня, у якім нечакана пазнае ўласнага сына, калісьці зьнесенага ваўкамі ў лес. Гэта сюжэт новай аповесьці Кастуся Цьвіркі “Воўчая выспа”, што нядаўна пабачыла сьвет у сэрыі “Кнігарня пісьменьніка”. З аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Спадар Кастусь, дзеяньне ў “Воўчай высьпе” адбываецца ў часы калектывізацыі. Калі я чытаў вашу кнігу, то міжволі праводзіў паралелі з раманам Івана Мележа “Людзі на балоце”. У вашым творы дзеяньні ўладаў – больш брутальныя, падкрэсьлена чужацкія. Пагадзіцеся – калектывізацыя ў Мележа прыгладжаная”.
Кастусь Цьвірка: “Іван Мележ вельмі хораша паказаў сытуацыю і расстаноўку сілаў перад калектывізацыяй. Ён выдатна, праз вобразы Яўхіма Карча, Васіля Дзятліка, паказаў калектывізацыю, гвалтоўную ломку селяніна-гаспадара. Вядома ж, у той час больш крытычна паказаць дзеяньні ўладаў ён ня мог. Фактычна, ён быў змушаны абысьці трагедыю людзей, якіх раскулачылі. А наогул, Іван Мележ для мяне – гэта пісьменьнік нумар адзін, якога я люблю бясконца”.
Скобла: “Ваш герой Ігнась Караленя ўцякае з Сыбіры, патаемна вяртаецца ў родную вёску і ноччу, каб ніхто ня бачыў, урабляе сваю зямлю. Ці маюць вашыя героі рэальных прататыпаў?”
Цьвірка: “Усю калектывізацыю, гэтую трагедыю беларускага сялянства, я вельмі добра ведаў з жыцьця. У маёй вёсцы Зялёная Дуброва на Старадарожчыне таксама былі раскулачаныя людзі. Раней я часта езьдзіў у фальклёрныя і этнаграфічныя экспэдыцыі і таксама сустракаўся зь людзьмі, якія расказвалі пра раскулачваньне. Без хваляваньня іх слухаць было немагчыма. А сюжэтныя хады рэканструяваліся з пачутага калісьці і занатаванага. Я хацеў паказаць, як у такіх экстрэмальных умовах селянін імкнецца працаваць, як ён хоча рэалізаваць сябе як гаспадара. Свабода і свая зямля – вось што для яго самае важнае. Ігнась Караленя, які вымушаны быў хаваццца ад уладаў на востраве сярод балота, не апусьціў рукі, як гэта магло здарыцца ў падобнай сытуацыі. Ён і на бязьлюдным востраве будуе хату, урабляе зямлю, зьбірае ўраджай. Прага волі і працы на роднай зямлі перамагла ўсё”.
Скобла: “Адзін мой знаёмец, які таксама прачытаў вашую аповесьць, сказаў: ну вось, яшчэ адзін Рабінзон у беларускай літаратуры. А я падумаў: чаму – Рабінзон? Быў жа ў Лунінецкім раёне Іван Бушыла, які трыццаць гадоў пражыў у лесе і які наўрад ці чытаў Даніэля Дэфо. “Хоць галодзен, я свабодзен” – наколькі гэта характэрна для беларуса?”
Цьвірка: “Гэта вельмі характэрна, і ёсьць на гэта многа фактаў. Нашы людзі рабіліся рабінзонамі мімаволі, іх такімі рабіла жыцьцё. І ў нашых мясьцінах, на Старадарожчыне, людзі ўцякалі ад калектывізацыі ў лес за рэчку, хаваліся ў балоце, каб іх не злавілі. У аповесьці ўсе ваколіцы, пэйзажы, назвы, мікратапаніміка – зялёнадуброўскія”.
Скобла: “Ёсьць ў “Воўчай высьпе” і зусім ужо фантастычны сюжэт: маленькага сына галоўнага героя зносіць у лес воўк, і толькі праз некалькі гадоў бацька ловіць і прыручае чалавекападобнае ваўчаня… Пагадзіцеся, што тут вам трохі дапамог Рэд’ярд Кіплінг са сваім Маўглі”.
Цьвірка: “Ня толькі Кіплінг пра гэта пісаў. Існуе вельмі многа літаратуры пра дзяцей, якія гадаваліся ў лесе разам са зьвярамі. Былі выпадкі, што дзяцей выхоўвалі нават мядзьведзі. У мяне пра гэта – цэлая паліца кніг. Самым складаным было вярнуць гэтых дзяцей у чалавечы стан. Таму што ў іхняй псыхіцы адбываліся незваротныя працэсы. Цяжка было і Ігнасю Караленю. Але ў мяне не паказана, ці ўдалося гэта яму. Бацька гіне, а хлопчык, відаць, ізноў вернецца да ваўкоў. І тут мне бачыцца нешта сымбалічнае: ваўкі выгадоўваюць чалавека, бо людзі сталі варожымі яму”.
АЎТАР І ТВОР
ЮЛЯ ЦІМАФЕЕВА: “ПРАЙДЗІСЬВЕТ МАЕ СВАЙГО ЧЫТАЧА”
Адсутнасьць добрых перакладаў на беларускую мову знаны перакладчык Ян Максімюк назваў культурнай катастрофай. Сапраўды, апошнія дваццаць гадоў сытуацыя зь перастварэньнем сусьветнай клясыкі і папулярных сучасных замежных твораў на беларускую такая, што нават новых Нобэлеўскіх ляўрэатаў не перакладалі. Група маладых перакладчыкаў вырашыла карэнным чынам перамяніць стан рэчаў ды заснавала інтэрнэт-часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСьвет”. З супрацоўніцай выданьня Юляй Цімафеевай гутарыць Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Спадарыня Юля, віншую вас з выхадам ужо трэцяга нумару “ПрайдзіСьвету”. Чытаю яго і дзівуюся: колькі талентаў харошых завялося на ягоных старонках. Раней мы ведалі Шатона, Шэрмана, Сёмуху, Баршчэўскага, Шупу, Максімюка ды яшчэ пару-тройку маладзейшых, хто перакладаў на беларускую з арыгіналаў. А тут – дзясяткі новых, невядомых раней імёнаў. Адкуль яны ўзяліся? Няўжо ў нас ужо так добра рыхтуюць літаратурных перакладчыкаў?”
Юля Цімафеева: “Літаратурных перакладчыкаў у Беларусі практычна не рыхтуюць дзяржаўныя ўстановы. Але ж вельмі добрую справу робіць Беларускі калегіюм, а таксама перакладчыцкая майстэрня, якой кіруе Андрэй Хадановіч. Менавіта адтуль і бяруцца маладыя перакладчыкі. Гэта і Тацяна Ўрублеўская, і Кацярына Маціеўская, і Ганна Янкута, і Наста Гвозьдзева, і Алена Пятровіч, і Ганна Міхальчук, і Паліна Масьлянкова... Я сама таксама наведвала і наведваю перакладніцкую майстэрню. Акрамя таго наш часопіс сам знаходзіць сваіх маладых аўтараў. Найперш дзякуючы нашым конкурсам. У нас ужо было два конкурсы і па іх выніках мы знайшлі такіх добрых перакладчыкаў паэзіі, як Андрэй Стэфановіч, Аляксей Арцёмаў, Ігар Жаўткоў, К. Коракс, Андрэй Саротнік, Лаўрэн Юрага”.
Аксак: “Трэці нумар “ПрайдзіСьвету” прысьвечаны больш і менш вядомым творам сусьветнай клясыкі, у якіх ідзецца пра народныя сьвяты зімовай пары. Рэдакцыя абвясьціла, што наступны будзе прысьвечаны вундэркіндам у літаратуры і ад літаратуры. Вы лічыце, што тэматычны прынцып больш прыцягальны для чытачоў? І наогул, ці ёсьць у рэдакцыі статыстыка папулярнасьці “ПрайдзіСьвету”?
Цімафеева: “Я вас крышачку папраўлю. Наш трэці нумар прысьвечаны ня столькі і ня толькі народным сьвятам. Асноўная тэматыка твораў – гатычная, містычная, калядная, зімовая. Я ня думаю, што тэматызацыя выпускаў не цікавая нашым чытачам. Прынамсі, тых, каго я апытвала, цалкам задавальняе такі мэтад пабудовы нумароў. Бо ён дае магчымасьць раскрыць адну тэму з розных бакоў, падабраць розных аўтараў з розных моваў, з розных культураў. А таксама надае нумару нейкую завершанасьць. Да таго ж, мы абіраем шырокія тэмы. Напрыклад, другі нумар у нас быў прысьвечаны кухні мадэрнізму. У ягоныя рамкі ўпісалася таксама вельмі шмат твораў. Таму я ня думаю, што тэматычны прынцып – гэта нейкая абмежаванасьць. Што тычыцца статыстыкі папулярнасьці, то чытаючы камэнтары на нашым сайце, а таксама ў жывым часопісе, СМІ, магу сказаць, што “ПрайдзіСьвет” мае свайго чытача”.
Аксак: “У трэцім “ПрайдзіСьвеце” маем пераклады з Конан Дойля, Буніна, Майрынка, Бродзкага – імёны, якія прывабныя для любога перакладчыка. А як рэдакцыя выбірае творы менш вядомых, ці зусім невядомых беларускаму чытачу замежных аўтараў?”
Цімафеева: “Тут ёсьць некалькі шляхоў. Адзін зь іх – гэта тыя самыя тэматычныя нумары. Рыхтуючы пэўную тэму, мы глядзім, хто пісаў пра гэта. Дзякуючы чаму мы знаходзім аўтараў, якія маюць творы, прысьвечаныя менавіта гэтай тэме. Ёсьць і іншыя шляхі. Напрыклад, украінскіх аўтараў для трэцяга нумару мы знайшлі дзякуючы анталёгіі “Тагасьветная” Юрыя Вінічука, украінскага пісьменьніка-містыфікатара”.
Аксак: “Украінская, расейская, польская – мовы, блізкія беларусам. Многія перакладаюць з арыгіналаў ангельскія тэксты. А якія менш распаўсюджаныя ў нашых шыротах мовы ёсьць у арсэнале вашых перакладчыкаў?”
Цімафеева: “Маем пераклады з румынскай, японскай, партугальскай, грэцкай моваў”.
Аксак: “У свой час папулярная француская пісьменьніца Франсуаза Саган казала ў інтэрвію савецкаму тэлебачаньню, што яна не патрабуе ганарараў за выдадзеныя ў СССР пераклады яе твораў, але просіць хаця б паведамляць ёй пра гэтыя выданьні. А як вы палагоджваеце аўтарскія правы?”
Цімафеева: “Пытаньне аўтарскіх правоў прынцыповае для нас, і мы стараемся іх захоўваць. У жывых аўтараў мы, натуральна, просім дазвол на пераклад. Клапоцяцца пра гэта рэдакцыя або сам перакладчык. А калі творчасьць ўжо спачылага аўтара ня ёсьць грамадзкім здабыткам, то мы шукаем праваўладальнікаў і просім дазволу ў іх. Усё робім легальна”.
Аксак: “І на астатак – пытаньне да вас як да перакладчыцы. Каго ўжо пераклалі, і дзе гэта пачытаць? І што зь недрукаванага маеце для нашых слухачоў?”
Цімафеева: “З паэзіі – Чарльз Букоўскі. Мае пераклады яго вершаў друкаваліся ў часопісах “ARCHE”, “pARTisan” і на нашым сайце. Таксама на сайце “ПрайдзіСьвету” друкаваліся пераклады вершаў амэрыканскага паэта Мэцью Дзікмана і Эмі Лоўэл. З прозы ў часопісе “Паміж” друкаваліся апавяданьні Шарлоты Пэркінз Гілман і Джойс Кэрэл Оўтс, а таксама ў “ПрайдзіСьвеце” апавяданьні Макса Бірбама, Дэвіда Гэрбэрта Лоўрэнса і Эдгара Алана По”.
ЮЛЯ ЦІМАФЕЕВА. З НОВЫХ ПЕРАКЛАДАЎ
СЫЛЬВІЯ ПЛАТ
Лэдзі Лазар
Я зрабіла гэта ізноў,
Раз на дзесяць гадоў,
Я здолела –
Цудам устала, пайшла, мая скура
Ільсьніцца, як лямпа нацыста,
Мая правая ступня –
Прэс-пап’е,
І мой твар невыразны – тонкае
Габрэйскае палатно.
Здымай жа сурвэтку,
Мой вораг!
Ці пужаю?
Нос, пустыя вачніцы і голыя зубы?
Пах непрыемны
З роту зьнікне празь дзень.
Скора, скора плоць,
Што зьела магіла, наноў
Апрану.
Я жанчына з усьмешкай на твары.
Мне толькі трыццаць.
Нібыта кошка я маю дзевяць сьмерцяў.
Гэтая нумар тры.
Што за глупства
Нішчыць кожны дзясятак!
Што за мільёны валокнаў!
Папкорнам поўны натоўп
Ірвецца глядзець,
Як адкрываюць мне ногі і рукі –
Шыкоўны стрыптыз.
Спадарства,
Вось вам далоні,
Калені.
Няхай я скура ды косьці,
Але ўсё роўна я тая ж, абсалютна тая жанчына.
У першы раз мне было дзесяць,
Няшчасны выпадак.
Другога разу я хацела сама
Гэта прайсьці і больш не вярнуцца.
Я сашчапілася,
Нібы ракавінка.
А яны гукалі, гукалі,
І лічынак вымалі зь мяне, бы ліпкія пэрліны.
Паміраць –
Мастацтва, як любое іншае.
Я валодаю ім беззаганна.
Я раблю так, што баліць да чорцікаў.
Я раблю так, што адчуваеш рэальнасьць.
Можа стацца, гэта і ёсьць маё пакліканьне?
Так лёгка памерці ў клетцы.
Так лёгка памерці і зьнерухомець.
Гэта тэатральны
Выхад на біс
У тое ж месца, у той жа твар, у той жа дзікі
Зьдзіўлены крык:
“Гэта цуд!”
Ён пераможа мяне.
Але трэба плаціць
За сузіраньне маіх шнараў, плаціць
За гукі майго сэрца –
Што б’ецца.
Трэба плаціць вельмі высокую плату
За слова, за дотык,
За кроплю крыві,
За мой волас ці лапік адзежы.
Так-так, гер Доктар.
Так, гер Вораг.
Я ваш опус,
Ваша каштоўнае,
Залатое дзіця,
Што плавіцца ў крык.
Я вярчуся й гару.
Што вы, я вельмі цаню вашу занепакоенасьць.
Попел у попел –
Таўчы, мяшай.
Ні плоці, ні косьці – вось я ўся:
Кавалак мыла,
Заручальны пярсьцёнак,
Залатая каронка.
Гер Бог, гер Люцыфэр,
Пільнуйся,
Пільнуйся.
Рудавалосай,
Мне попел дасьць новы пачын,
І я паглыну, як паветра, мужчын.
ЧАРЛЗ БУКОЎСКІ
дык ты хочаш быць пісьменьнікам?
калі выбухам не імкне зь цябе
ўсяму насуперак,
ня трэба.
пакуль няпрошанае ня рвецца
з твайго сэрца і твайго розуму,
з твайго нутра,
ня трэба.
калі праседжваеш гадзінамі,
утаропіўся ў манітор,
згорбіўся над
друкаркай
у пошуках словаў,
ня трэба.
калі займаесься гэтым для грошай
ці славы,
ня трэба.
калі займаесься гэтым, каб пакласьці
жанчыну ў ложак,
ня трэба.
калі доўга сядзіш,
перапісваючы зноў і зноў,
ня трэба.
калі табе цяжка нават падумаць пра гэта,
ня трэба.
калі спрабуеш насьледаваць
некаму іншаму,
забудзься.
калі трэба счакаць, каб зараўло
ў табе,
чакай цярпліва.
калі ж ніколі ў табе не раве,
займіся чым іншым.
калі спачатку імкнесься прачытаць жонцы,
ці сваёй дзяўчыне, ці хлопцу,
ці бацькам, ці каму там яшчэ,
ты не гатовы.
ня будзь, як многія пісьменьнікі,
ня будзь, як многія тысячы людзей,
што завуць сябе пісьменьнікамі,
ня будзь нудным, сумным,
прэтэнцыёзным. ніколі ня будзь сама-
закаханым.
бібліятэкі ўсяго сьвету
пазяхаюць на ўвесь рот
ад такіх, як ты.
хопіць ужо.
ня трэба.
пакуль не імкнецца на волю
з тваёй душы ракетай,
пакуль бязьдзеяньнем не штурхае
цябе да вар’яцтва,
забойства ці самазабойства,
ня трэба.
пакуль сонца ўнутры цябе,
ня выпаліць кішкі,
ня трэба.
калі ж праўда прысьпеў час,
і ты быў абраны, усё
зьдзейсьніцца
само па сабе і будзе зьдзяйсьняцца,
пакуль не памрэш ты ці яно ў табе.
няма іншага шляху.
і не было ніколі.
АКТАВІЁ ПАС
Начная вада
Гэта ноч, як бяздонныя вочы каня ў халодную ноч,
гэта ноч, як бяздонныя вадкія вочы на поплаве сонным,
яна ў тваіх вачах, падобных да конскіх,
яна ў тваіх вачах з вады запаветнай.
Вачах вады зьмярканьня,
вачах вады бяздоньня,
вачах вады летуценьня.
Спакой і самота –
жывёлы на месячнай пашы –
п’юць гэту ваду,
п’юць з гэтых вачэй.
Ты вочы расплюшчыш,
і вырвецца ноч праз імховыя дзьверы,
уладарства настане вады запаветнай,
што б’е ключом у самай сярэдзіне ночы.
І калі вочы заплюшчыш,
спакойна й маўкліва рака
ўвальецца ў цябе, затопіць, змрокам запоўніць,
і ноч абмые тваёй душы берагі.