Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечарына памяці Валянціна Тараса скончылася прэзэнтацыяй кнігі яго сына


17 лютага ў Менску ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры родныя, сябры і чытачы ўшанавалі памяць Валянціна Тараса. 9 лютага паэту, перакладчыку і публіцысту споўнілася б 80, а 13 лютага – год, як яго ня стала.

Вечарына памяці пачалася фрагмэнтамі фільма “Калі мяне ня стане”, сцэнар якога напісаў Валянцін Тарас і ў якім сам здымаўся. А потым прагучаў аўдыёзапіс ягонага апошняга верша:

“Шуміць сяброў маіх дуброва,
яна – ня пустка,
ня сталася залою шэрай.
Хто там сьпісаў мяне на дровы?
Ня маніць прымаўка:
сякерай ня высекчы жывыя словы”.

Генадзь Бураўкін: "Зь ім было лёгка, бо ён ніколі ня здраджваў прынцыпам і не хлусіў"

І выступоўцы гаварылі пра Валянціна Тараса не ў мінорна-журботнай танальнасьці. Яны ўзгадвалі яго жывы дасьціпны розум, вострае слоўца, таленавітыя радкі і бескампрамісную маральную пазыцыю. Паэт Генадзь Бураўкін:

“Ён быў дэмакратам для мяне абсалютным. І тады, калі ў сілу сваёй пасады і ў сілу свайго часу ён, можа быць, рабіў ня ўсё, што хацеў, але ён быў заўсёды дэмакратам. Таму так радасна, так па-юнацку трапятліва прыняў ён і перабудову, і адраджэньне беларускае, бо гэта было сугучна ягонай душы. І сёньня –Валянцін з намі”.

Сямён Букчын: "Ён не чакаў, ён жыў у сваім часе і рабіў учынкі"

Валянцін Тарас пачынаў як расейскамоўны паэт і публіцыст. Потым шмат перакладаў на расейскую мову беларускіх пісьменьнікаў, а разам з Карласам Шэрманам пераклаў “Восень патрыярха” Маркеса. У гады незалежнасьці стаў пісаць па-беларуску. Але па сьветаадчуваньні заўсёды быў беларускім пісьменьнікам. Пра гэта гаварыў публіцыст Сямён Букчын.

“Ад самага пачатку, хоць ён пісаў па-расейску, я яго ўспрымаў як беларускага пісьменьніка. Я адчуваў беларускі корань у яго душы праз тое, як ён чыста псыхалягічна ўспрымаў беларускую літаратуру. Нават у сваіх пародыях. Ён як бы сьмяяўся зь некаторых, і я не хачу сказаць, што гэты сьмех быў добранькі. Але ў гэтым было такое адчуваньне нацыянальнага пачатку, што я адчуваў яго як тутэйшага, беларускага літаратара”.

Сын Валянціна Тараса Віталь і бард Зьміцер Бартосік

На вечарыне прэзэнтавалася кніга Віталя Тараса “Хроніка бягучых падзей”. Вядомы беларускі журналіст прысьвяціў свой новы зборнік публіцыстыкі памяці бацькі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG