Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нафтавымі перамовамі Масква спрабуе паставіць Менск на месца”


Хто выйграў і хто прайграў ад падпісаных у Маскве нафтавых пагадненьняў? Ці можна сказаць, што Масква сваёй жорсткай эканамічнай пазыцыяй карае Менск за геапалітычны рух у бок Захаду? Ці асьмеліцца кіраўніцтва Беларусі на перагляд падпісаных дамоўленасьцяў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць: з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш, зь Менску — галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.


Кірыл Коктыш
Валер Булгакаў
Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: «У першых камэнтарах наконт падпісаных у Маскве нафтавых пагадненьняў пераважае думка, што Беларусь здала свае пазыцыі. Сапраўды, летась Беларусь плаціла толькі 35,6% ад стандартнага экспартнага мыта. Зараз за ўсю расейскую нафту, акрамя 6 мільёнаў для ўнутранага спажываньня, Менск будзе плаціць сто працэнтаў мыта. Ці можна гэта ацаніць, як паразу беларускага кіраўніцтва ці тут ня варта ацэньваць сытуацыю ў такіх катэгорыях?»

«Стратэгічна Беларусь, безумоўна, здала пэўныя пазыцыі»


Коктыш: «Наколькі можна меркаваць паводле зробленых выказваньняў, бакі пагадзіліся на нейкім сярэднім варыянце. Бо ў горшым варыянце Беларусь магла страціць больш на 2 мільярды, у лепшым — магла выйграць 6 мільярдаў. Здаецца, формула была знойдзена такая, што лічбы будуць блізкія да мінулагодняга пагадненьня.

Цікава таксама, што Расея зрабіла нейкія абяцаньні па інвэставаньні ў пабудову беларускай АЭС. Гэта ўжо адчыняе нейкія пэрспэктывы, калі гэта не застанецца пустымі словамі».

Цыганкоў: «Але нагадаю, што зыходныя пазыцыі Менску былі іншыя. Менск ад пачатку перамоваў заяўляў, што ў сувязі з Мытным саюзам гэтае мыта зусім можа не плаціць. Хіба з гэтага пункту гледжаньня нельга расцэньваць заключаныя пагадненьні як паразу?»

Коктыш: «Не зусім так. Тут я нагадаю думку, якую неаднойчы агучваў Леанід Заіка, што прыродныя рэсурсы ўвогуле не павінны ўваходзіць у рэгуляваньне Мытнага саюзу, паколькі гэта сыравіна. Гэтаксама як Расея ня можа прэтэндаваць на беларускі танны калій, Беларусь ня можа прэтэндаваць на танную расейскую нафту. А Мытны саюз павінен рэгуляваць адносіны па таварах канчатковай вытворчасьці».

Цыганкоў: «Валер, ці можна сказаць, чыя параза і чый выйгрыш?»

Булгакаў: «З аднаго боку, прайшло вельмі мала часу, зь іншага, мы да канца ня ведаем, якія дамоўленасьці падпісаныя і дзякуючы чаму яны былі дасягнутыя. Мяркую, што ў кароткачасовай пэрспэктыве Беларусь шмат ня страціла. Тое, што беларускія чыноўнікі жадалі адмены мыта на расейскую сыравіну, — гэта было хутчэй падыманьне ставак падчас перамоўнага працэсу, якія заўсёды выстаўляюцца зь вялікім запасам.

Сапраўды, відаць, значнага пагаршэньня ў кароткачасовай пэрспэктыве не адбылося, але стратэгічна Беларусь, безумоўна, здала пэўныя пазыцыі. Працягваецца досыць небясьпечны для беларускага кіраўніцтва рух, зьвязаны з адыходам ад эксклюзіўнасьці беларуска-расейскіх эканамічных адносінаў. Цяпер ужо Менск апэлюе не да „саюзнай дзяржавы“ і яе каштоўнасьцяў, а зьвязвае свае эканамічныя спадзяваньні выключна з Мытным саюзам».

«Узьнікае пытаньне: а навошта было ўваходзіць у той Мытны саюз?»


Цыганкоў: «Я б зьвярнуў увагу на словы Ўладзімера Сямашкі, што ва ўмовах Мытнага саюзу дасягнутыя сёньня ў Маскве дамоўленасьці „ня змогуць доўга жыць“ з аб’ектыўных прычын. Гэта зноў-такі даводзіць, што дасягнутыя пагадненьні ня вельмі выгадныя Менску. Ці магчымы такі сцэнар, што Беларусь пры пэўных умовах паспрабуе рэвізаваць гэтыя пагадненьні?»

Коктыш: «Так, гэта, як здаецца, даволі верагодны сцэнар. Перад падпісаньнем Мытнага саюзу было праведзена вельмі мала падлікаў. Але ж беларуская, расейская і казахстанская эканомікі — структурна вельмі розныя. Расея і Казахстан зацікаўленыя ў тым, каб былі вялікія кошты на энэргарэсурсы. Беларуская эканоміка зацікаўленая, каб быў максымальны кошт на канчатковую прадукцыю. І каб гэта ўзгадніць, патрабаваўся ня месяц, а нашмат больш часу, доўгая і руплівая праца. Наколькі можна меркаваць, яна не была зробленая.

Навошта было ўваходзіць у той Мытны саюз і ўва што ўвайшлі, не паглядзеўшы і не разьлічыўшы?
Таму, вядома, „трэсьці“ з Мытным Саюзам яшчэ будзе, і будуць спробы яго перагледзець. Бо спадзяваньні былі, што ў Мытным Саюзе Беларусь атрымае доступ да таннай нафты і ўсе праблемы ў адзін момант вырашацца. Калі стала відавочна, што гэтыя надзеі ня спраўдзіліся, узьнікае пытаньне: а навошта было ўваходзіць у той Мытны саюз і ўва што ўвайшлі, не паглядзеўшы і не разьлічыўшы?

Таму спробы даць назад будуць, але гэта ня будзе дадаваць аўтарытэту дзяржаве. Бо калі пагадненьне на наступны дзень становіцца аб’ектам перагляду, то ўзьнікае рэзоннае пытаньне — а навошта было падпісваць?»

«Датаваньне беларускай эканомікі магчыма толькі пры ўмове геапалітычнай вернасьці афіцыйнага Менску»


Булгакаў: «Па-мойму, сам тон перамоваў сьведчыць пра тое, што нафтавыя справы выкарыстоўваюцца Масквой для палітычнага націску на цяперашні беларускі рэжым. Пэўныя істэрычныя ноткі ў развагах расейскіх палітолягаў пра „Ўсходняе партнэрства“, пра апэляцыі Менску да Эўразьвязу (калі б перамовы зайшлі ў тупік) недвухсэнсоўна сьведчаць, што гэтыя перамовы выкарыстоўваліся, каб чарговы раз паставіць афіцыйны Менск на сваё месца.

Беларусі як бы кажуць, што такая мадэль датаваньня беларускай эканомікі магчымая толькі пры ўмове геапалітычнай вернасьці афіцыйнага Менску. Гэта мае на ўвазе такую замежную палітыку Беларусі, якая фактычна зводзіцца да падтрымкі палітыкі Расеі. І менавіта адмова Менску некалькі гадоў назад ад такой мадэлі дачыненьняў і паслужыла спускавым курком для цяперашніх жорсткіх разборак».

Цыганкоў: «Вы лічыце, што Масква дабілася свайго? Паставіла саюзьніка на месца?»

Там існуе разуменьне, што беларуская ўлада займацца эканамічным самагубствам ня будзе
Булгакаў: «Не, я думаю, гэта проста чарговае „кітайскае папярэджаньне“. Ня трэба пераацэньваць сілы і рэсурсы Крамля. Ён ня можа зрабіць болей, чым зрабіў. Поле для манэўру досыць абмежаванае — ёсьць грамадзкая думка, ёсьць выбарчыя кампаніі, з гэтага пункту гледжаньня ня думаю, што магчымыя больш сілавыя сцэнары ўзьдзеяньня на Беларусь.

Я і пачаў сваю рэпліку зь меркаваньня, што ў кароткачасовай пэрспэктыве падпісаныя пагадненьні ня ёсьць нейкім найважнейшым выклікам для беларускай эканомікі. Але бомба запаволенага дзеяньня палягае ў тым, што Менск сутыкаецца з дылемай — чым болей адбываецца геапалітычны разварот Беларусі ў бок Эўропы ці хаця б выхад Беларусі з моцнай гравітацыйнай арбіты Расеі, тым больш будуць зьмяняцца эканамічныя адносіны паміж дзьвюма дзяржавамі.

І гэты працэс даволі непрадказальны, бо беларуская эканоміка стратэгічна залежыць ад расейскіх паставак і рынкаў збыту. У такім выглядзе, якая яна ёсьць цяпер, яна ня можа безбалесна пераарыентавацца на Эўропу, Лацінскую Амэрыку, Сярэднюю Азію ці іншыя рэгіёны сьвету».

Цыганкоў: «Кірыл, ваша меркаваньне наконт гэтага геапалітычнага аспэкту, які закрануў Валер Булгакаў? Ці можна ацэньваць такія жорсткія эканамічныя дзеяньні Масквы як яе рэакцыю на „паварот Менску на Захад“?»

Коктыш: «Я б так не сказаў. Вядома, ёсьць нейкая эмацыйная рэакцыя на нейкія крокі Менску. Але, акрамя яе, ёсьць разуменьне, што амаль увесь экспарт беларускай прамысловай прадукцыі ідзе ў Расею (у Эўразьвяз ідуць прадукты нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі). Так што існуе ўпэўненасьць, што ад гэтай структурнай залежнасьці Беларусь пазбавіцца без катастрафічных наступстваў проста ня здолее. Эўропа ня дасьць Беларусі новыя рынкі, нават калі сама гэтага пажадае. Бо гэтых рынкаў і для самой Эўропы сёньня не хапае. Так што я б не сказаў, што гэтыя рухі Беларусі ў пляне арыентацыі ўспрымаюцца ў Маскве досыць сур’ёзна. Там існуе разуменьне, што беларуская ўлада займацца эканамічным самагубствам ня будзе».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG