Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці далучыцца Беларусь да “антырасейскага праекту”?


Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў

Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў на чале беларускай дэлегацыі ўдзельнічае ў міжнароднай энэргетычнай канфэрэнцыі, якая завяршаецца сёньня ў Батумі. Адметна, што «Кракаўскую ініцыятыву», пад эгідай якой праводзіцца канфэрэнцыя ў Грузіі, у Маскве звычайна называюць антырасейскім праектам. Ён прадугледжвае пастаўкі энэрганосьбітаў у Эўропу, абмінаючы Расею.

Міністэрства замежных спраў Грузіі лічыць важным далучэньне Беларусі да энэргетычных праектаў транспартаваньня касьпійскіх энэрганосьбітаў. Прынамсі, намесьнік міністра Давід Джалаганія заявіў журналістам:

«Мы лічым вельмі важным падключыць як мага больш удзельнікаў да рэалізацыі праектаў, якія забясьпечваюць альтэрнатыўныя шляхі забесьпячэньня Эўропы энэрганосьбітамі. І мы толькі вітаем удзел дэлегацыі Беларусі ў Батумскай энэргетычнай канфэрэнцыі».

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа: Азэрбайджан, Грузію, Украіну, Літву, Польшчу і яшчэ 5-6 краін, сярод якіх і Беларусь, аб’ядноўвае адна ідэя — стварэньне адзінай транзытнай прасторы:

Раман Якаўлеўскі
«Гэта ідэя Юшчанкі — каб транзытныя краіны размаўлялі з Расеяй адным агульным голасам. А што тычыцца батумскай канфэрэнцыі, то трэба зьвярнуць увагу на тое, хто ачольвае беларускую дэлегацыю. На мой асабісты погляд, Кабякоў паехаў туды ў якасьці асабістага прадстаўніка Лукашэнкі. І пра гэта яскрава сьведчыць той факт, што яго прыняў асабіста прэзыдэнт Грузіі».

Паводле грузінскіх мэдыяў, Міхаіл Саакашвілі падзякаваў Андрею Кабякову за «непрызнаньне сэпаратыцкіх рэгіёнаў краіны».

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка сказаў «Свабодзе»: энэргетычная бясьпека — надзвычай важны фактар устойлівага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Таму і ігнараваць батумскую рэгіянальную канфэрэнцыю было б няправільна:

Ігар Карпенка
«Ну, у нас кожны год цяпер пачынаецца зь некаторых „залепаў“ з боку Расеі па энэрганосьбітах. Цяпер з нафтай узьнікла сытуацыя. І трэба ўлічваць, што сёньня ў Беларусі няма мноства труб, якія б гарантавалі рынкавыя ўмовы атрыманьня нафты, газу, іншых энэрганосьбітаў. То бок нам усё пастаўляе манапаліст. І таму трэба шукаць выйсьце — можа, дывэрсыфікаваць пэўную залежнасьць ад энэрганосьбітаў».

Раман Якаўлеўскі кажа, што Беларусь можа скарыстаць сваё геапалітычнае становішча і ўзяць удзел ня толькі ў транзыце, але і ў атрыманьні касьпійскай нафты:

«Напрыклад, праз удзел у праекце „Адэса-Броды-Плоцк-Гданьск“. І беларускі кавалачак зямлі тут вельмі важны, каб гэтая сыстэма стала замкнёнай. Галоўнае — транзыт, які абмінае Расею. Азэрбайджанская нафта — праз Украіну, Беларусь. А ў нас яшчэ і нафтавыя заводы буйныя».

Ля вытокаў «Кракаўскай ініцыятывы» стаялі прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі і тагачасны прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус. Яе саміты праходзілі ў Кракаве, Вільні, Кіеве, Баку. Беларусь у якасьці назіральніка прадстаўляў намесьнік міністра замежных спраў Валеры Варанецкі.

У Батумі спачатку таксама плянаваўся саміт з удзелам прэзыдэнтаў альбо кіраўнікоў урадаў 11-ці краін. Аднак з-за немагчымасьці прыезду сюды ў гэты час Віктара Юшчанкі было вырашана саміт правесьці пазьней, а цяперашняй сустрэчы надаць статус міжнароднай канфэрэнцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG