Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Постаранжавыя выбары


17 студзеня ва Ўкраіне пройдуць прэзыдэнцкія выбары з удзелам 18 кандыдатаў. Сярод фаварытаў лідэр апазыцыйнай Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч і прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка. На выбарах у Кіеве акрэдытаваны наш карэспандэнт Валер Каліноўскі. Прапануем ягоны першы рэпартаж пра асаблівасьці цяперашняй выбарчай кампаніі ва Ўкраіне.


У параўнаньні з выбарамі прэзыдэнта 2004 года, якія суправаджаліся фальсыфікацыямі і скандаламі ды ўрэшце выклікалі аранжавую рэвалюцыю, кампанія 2009-2010 гадоў выдалася спакайнейшай, меней агрэсіўнай, – зазначае кіеўскі журналіст Міхаіл Білэцькі:

“Толькі ў апошнія дні палітычныя гульцы пачалі паказваць свае клыкі, пачаліся правакацыі і “наезды” адзін на аднаго, а ў цэлым кампанія была больш міралюбнай і ў пэўны момант мне падалося, што кандыдаты зразумелі, што трэба казаць, чым ён лепшы за іншых, а не што іншыя горшыя за мяне”.

Размоваў пра магчымасьць фальсыфікацый значна меней, кажа спадар Білэцькі. Адзіны рэальны мэханізм, які ўжо выклікаў вострую крытыку Юліі Цімашэнкі, – ініцыяваны Партыяй рэгіёнаў дазвол ЦВК галасаваць удома без прадстаўленьня дакумэнтаў. Фракцыя БЮТ нават паспрабавала тэрмінова разгледзець гэтае пытаньне на пазачарговай сэсіі Вярхоўнай Рады і абскардзіць у судзе. Але беспасьпяхова. Юлія Цімашэнка называе гэта спробай фальсыфікацыі на карысьць Віктара Януковіча:

“За некалькі дзён у Данецкай вобласьці колькасьць жадаючых галасаваць удома склала амаль 18 працэнтаў. Скажыце, калі ласка, гэта што – сумленныя выбары?”

Віктар Януковіч называе самі гэтыя абвінавачваньні перадвыбарчым мэханізмам Цімашэнкі і паведамляе іншую лічбу – 2 працэнты жадаючых галасаваць дома ў Данецкай вобласьці.

Як і ў 2004 годзе, рэальнае змаганьне йдзе паміж дзьвюма камандамі, якія ўмоўна можна назваць постаранжавай (блёк Цімашэнка) і бела-сіняя (Партыя рэгіёнаў). Назіральнікі заўважаюць, што вялікай розьніцы ў іх эканамічных праграмах няма, шмат сацыяльнага папулізму, прызнаецца патрэба добрых адносінаў Украіны і з Захадам, і з Расеяй.

Такога вострага расколу паміж Усходам і Захадам, як гэта было ў 2004 годзе, цяпер не назіраецца, прызнае кіеўскі журналіст Міхаіл Білэцькій:

“Пазытыў гэтай кампаніі ў тым, што абсалютна ўсе кандыдаты, магчыма і занадта часта, згадваюць, што краіну трэба сшываць. Хаця фармальна яе ніхто не разарваў, і калі Ўкраіна ўстаяла пасьля выбараў 2004 года, то запас трываласьці да гэтых выбараў у яе толькі ўзмацніўся”.

Пытаньні статусу расейскай мовы і далучэньня Ўкраіны да НАТО ў агітацыйнай кампаніі прысутнічаюць, але больш асьцярожна, чым раней, без ранейшай агрэсіўнасьці. Выбарчы закон зьмяніўся, яго стараліся зрабіць такім, каб прынамсі з фармальнага пункту гледжаньня перадумоваў для фальсыфікацыяў не было. У кожную выбарчую камісіі могуць быць уключаныя прадстаўнікі ўсіх кандыдатаў.

У адрозьненьне ад 2004 года няма такога актыўнага ўмяшаньня ў кампанію з боку Расеі. Масква нават свайго амбасадара ў Кіеў не прызначыла, але наладзіла кантакт з абодвума фаварытамі гонкі.

Агітацыйная кампанія вядзецца актыўна, аднак часам не знаходзіць водгуку ў людзей, якія стаміліся ад пастаяннай палітычнай барацьбы наверсе. Пра выбарчую кампанію гавораць жыхары Кіева:

“Кампанія надакучыла, яна тупая і бяздарная…”

“Я б гэта не назваў кампаніяй, гэта нашы чыноўнікі недзе там наверсе гуляюцца…”

“Усё тое самае… Няма людзей прынцыповых, якія ішлі б на выбары паводле прынцыпаў, а не паводле свайго жаданьня”.

Ацэньваючы стаўленьне выбаршчыкаў да прэзыдэнцкай гонкі і да шматлікіх абяцаньняў 18 кандыдатаў, кіеўскі журналіст Міхаіл Білэцькій выказвае перакананьне:

“Зараз украінцы будуць падыходзіць больш прагматычна, таму што чыстых палітыкаў, якія не былі б аблітыя брудам канкурэнтамі, або самі не запэцкаліся, няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG