Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалезьнічэнка зьбіраецца атрымаць дыплём бакаляўра датэрмінова


Зьміцер Жалезьнічэнка
Зьміцер Жалезьнічэнка

Першы беларускі палітычны прызыўнік Зьміцер Жалезьнічэнка, які адслужыў у войску паўтара года й навучаецца зараз ва Ўнівэрсытэце прыкладных навук Амстэрдаму, мяркуе атрымаць дыплём ужо праз два гады.

Падчас калядных кнікулаў Зьміцер пабываў у родным Гомелі і даў інтэрвію нашаму радыё:

«Калі прыехаў туды, думаў, што буду вучыцца чатыры гады па праграме, каб атрымаць дыплём бакаляўра. Але мне прапанавалі выкладчыкі залічыць некаторыя курсы з ранейшага навучаньня ў Гомельскім унівэрсытэце, каб атрымаць дыплём раней. Натуральна, я пагадзіўся. І зараз я мушу наведваць амаль усе лекцыі са студэнтамі трэцяга курсу. Некаторыя курсы па матэматыцы я праходжу са студэнтамі першага году навучаньня, некаторыя курсы па кампутарных сетках — са студэнтамі другога году навучаньня.

Канечне, даводзіцца вельмі шмат займацца й дома. Але мне гэта падабаецца, бо ўсё ж такі шмат часу было змарнавана ў войску. І мне хочацца атрымаць дыплём як мага раней».

Зьміцер Жалезьнічэнка вучыўся «на выдатна» ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Ф.Скарыны. З прычыны актыўнай грамадзкай дзейнасьці яго двойчы адлічвалі з трэцяга курсу матэматычнага факультэту. Урэшце тэрмінова забралі служыць у транспартныя войскі.

Напрыканцы ліпеня мінулага году Зьміцер вярнуўся дадому й паступіў вучыцца ў галяндзкі Унівэрсытэт прыкладных навук, дзе навучаньне вядзецца на ангельскай мове.

Нам прыйдзецца адбудоўваць краіну. Калі зьявіцца ў нас такая магчымасьць браць усё ў свае рукі, адраджаць усё, патрэбныя будуць людзі адукаваныя
Напярэдадні калядных сьвятаў Зьміцер здаў тры першыя іспыты — усе на «дзявяткі» паводле дзесяцібальнай сыстэмы ацэнкі ведаў:

«Калі я там пэўны час павучыўся, мне проста захацелася, каб у нашых беларускіх выкладчыкаў і лепшых студэнтаў, якія цікавяцца, займаюцца, каб у іх была магчымасьць працаваць у такой жа сяброўскай атмасфэры. У атмасфэры, калі ўсяго хапае й ня трэба самому штосьці прыдумляць і скотчам склейваць, каб гэта працавала.

Калі б у нашых студэнтаў і выкладчыкаў, прафэсійных і таленавітых, быў дасяг да тых магчымасьцяў, які забясьпечвае ня самы моцны ўнівэрсытэт у Эўропе, я думаю, узровень нашай адукацыі вырас бы».

Зьміцер апавядае, што галяндзкі ўнівэрсытэт не забюракратызаваны, як беларускія ВНУ. Выкладчык можа лёгка прапанаваць і выкладаць «свой» курс па тэме. Ва ўнівэрсытэце няма непатрэбных курсаў, якія толькі марнуюць час. Студэнты лёгка могуць зарганізавацца, каб вырашаць нейкія свае праблемы. Напрыклад, вывучэньня мовы ці знаёмства з краінай:

«Кіраўнікі ўнівэрсытэту ва ўсім спадзяюцца на студэнтаў. Калі студэнтам нешта патрэбна, яны самі скаапэруюцца. І калі яны зьвяртаюцца ва ўнівэрсытэт, унівэрсытэт ім дапамагае — то бок, маецца на ўвазе: калі чалавек зьвяртаецца, яму гэта забясьпечваюць. Але калі ён ня хоча, яму, натуральна, не навязваюць».

Зьміцер навучаецца ў Амстэрдаме паводле праграмы галяндзкага ўраду. Атрымлівае стыпэндыю, якая дазваляе яму аплачваць навучаньне, наймаць жытло й сталавацца.

Калі выпадае час, знаёміцца з краінай. Кантактаваў з тамтэйшымі беларусамі, пабываў у гістарычным музэі Амстэрдаму, наведваў славутую канцэртную залю, дзе выступаюць найлепшыя сымфанічныя калектывы сьвету. У прыватнасьці, слухаў канцэрт Венскай філярмоніі.

Беларускім палітпрызыўнікам, якіх адарвалі ад вучобы й накіравалі ў войска, Зьміцер Жалезьнічэнка раіць аднаўляць вучобу пасьля службы. Дзе й як, кожны павінен вырашыць сам:

«З большасьцю гэтых людзей мы гэта абмяркоўвалі. Пакуль я быў у войску, пісаў лісты. Мы раіліся, думалі. Усё гэта дарослыя людзі, якія прымаюць рашэньні самастойна. Мне гэтае рашэньне зьехаць вучыцца давалася ня вельмі лёгка. Першы час я думаў, што, магчыма, трэба аднаўляць вучобу ў Беларусі. Напрыклад, завочна ў Менску. Але потым я прыняў рашэньне зьехаць — і не шкадую. Адукацыя, яна важная. Ад чалавека адукаванага Беларусі будзе значна больш карысьці. Нам прыйдзецца адбудоўваць краіну. Вельмі шмат страчана часу, бачна, вельмі шмат згублена. Калі зьявіцца ў нас такая магчымасьць браць усё ў свае рукі, адраджаць усё, патрэбныя будуць людзі адукаваныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG