Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быць у БРСМ салдату можна, у Маладым Фронце — не


Міністар абароны Леанід Мальцаў падчас абмеркаваньня законапраекту “Аб статусе ваенаслужачых” заявіў, што салдаты абавязаны прыпыніць сваё сяброўства ў палітычных партыях падчас службы ў войску. Апроч таго, яны мусяць прыпыніць навучаньне ў цывільных навучальных установах. Да таго ж, салдат яшчэ больш абмяжуюць у перамяшчэньнях. Палітыкі лічаць, што войска такім чынам ператворыцца ў рэпрэсіўны орган.

Міністар абароны Леанід Мальцаў патлумачыў, што закон і раней не дазваляў вайскоўцам сяброўства ў палітычнай партыі, але ад 1992 года ў законапраект ня ўносіліся зьмены, якія “адпавядаюць рэаліям сучаснага жыцьця”.

Мікола Статкевіч
Падпалкоўнік у адстаўцы Мікола Статкевіч прыгадаў, што ў 1992 годзе былі прынятыя папраўкі “Аб статусе вайскоўцаў”, якія забаранялі сяброўства ў грамадзка-палітычных арганізацыях. У выніку сябрам Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, нягледзячы на тое, што гэта была грамадзкая арганізацыя, абвясьцілі ўльтыматум: звальненьне ці выхад з БЗВ.

“Мне падаецца, што тут больш шырокая трактоўка. Яны потым пад яе падвядуць “Малады фронт” ды іншыя моладзевыя арганізацыі дэмакратычнага накірунку, бо закон і так забараняе вайскоўцам быць сябрам партыі.

Яшчэ адна нагода зьяўляецца прыцягваць да адказнасьці “палітпрызыўнікоў”. Напрыклад, за тое, што яны належаць да “Маладога фронту”. Будуць казаць, што гэта палітычная арганізацыя. Усе аргумэнты, што арганізацыя не зарэгістраваная, грамадзкая па сваёй дзейнасьці, — усё гэта ўлічвацца ня будзе. Будуць рабіць выгляд, што тупыя, дурныя. Апроч таго, не дадуць вучыцца тым, хто вучыцца, напрыклад, у ЭГУ. Гэта дадатковая рэпрэсія”.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка прыгадаў, што паводле артыкулу 13 закону аб палітычных партыях вайскоўцы і так ня могуць быць сябрамі палітычных партый.

“Ад моманту прызыву чалавек перастае быць сябрам нейкай палітычнай партыі аўтаматычна. Таму, накручваньне праблемы мне падаецца чарговай спробай прыдумаць нейкія падставы для маральна-псыхалягічнага з элемэнтамі юрыдычнага абгрунтаваньня ціску на нашых хлапцоў, якія апынуліся ў войску.

Аб’ектыўна яны ня могуць ажыцьцяўляць ніякую палітычную дзейнасьць, якая вядзецца паводле тэрытарыяльнай прыкметы. Яны знаходзяцца на ізаляванай тэрыторыі. Кантакты з вонкавым сьветам рэзка абмежаваныя. І таму гэта абсалютна надуманая праблема. Іншая рэч, што на свае палітычныя погляды і на сваю пазыцыю яны маюць канстытуцыйнае права. Калі нехта думае ламаць хрыбты і мяняць мазгі, то з гэтага нічога не атрымаецца”.

Сёлета ў войска трапілі некалькі прадстаўнікоў моладзевых дэмакратычных арганізацый. Сярод іх Франак Вячорка, Іван Шыла, Зьміцер Хведарук, Віталь Каратыш, Андрусь Цянюта, Яўген Скрабец ды іншыя. За выключэньнем Франка ўсе яны зьяўляюцца сябрамі “Маладога фронту” .

Зьміцер Дашкевіч
Лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч: “У тых умовах, у якіх знаходзяцца нашы сябры, то бок у пэўным абмежаваньні, ў вайсковай частцы, яны могуць толькі займацца агітацыйнай працай у форме размоваў са сваімі саслужыўцамі. Гэтыя размовы наўрад ці нехта можа спыніць. Што ж тычыцца палітычнай дзейнасьці, то самі ўмовы ізаляцыі займацца ёй не дазваляюць.

Ініцыятыва ж забараніць вайскоўцам атрымліваць грамадзянскую адукацыю,
Нават зэкам у турмах і калёніях дазваляецца атрымліваць адукацыю.
сьведчыць пра тое, што ўлада імкнецца зрабіць з войска карны орган, яшчэ больш рэпрэсіўны за нейкія асаблівыя вайсковыя падразьдзяленьні. Нават зэкам у турмах і калёніях дазваляецца атрымліваць адукацыю”.

Тым часам у такія, паводле статуту, грамадзкія аб’ядняньні, як БРСМ ці “Белая Русь” уваходзяць салдаты і афіцэры.

Алесь Каліта
Алесь Каліта, які служыць у адной вайсковай чыстцы з Іванам Шылам: “У нас служаць БРСМ-аўцы, якія ўжо прыйшлі сюды, маючы сяброўства ў арганізацыі. Можа, і тут нехта ўступае ў БРСМ , але я нічога такога ня ведаю”.

Заканадаўства не забараняе афіцэрам быць сябрамі грамадзкіх аб’яднаньняў, напрыклад, такога, як прапрэзыдэнцкая “Белая Русь”. Папраўкі тычацца палітычных партый, ці грамадзка-палітычных арганізацый.

Дэпутаты ніжняй палаты прагаласавалі за законапраект у першым чытаньні.

Тым часам сёньня ў Жлобінскай вайсковай частцы прысягу прыняў актывіст “Маладога фронту” Яўген Скрабец. Хлопец будзе служыць у чыгуначных войсках, адкуль нядаўна дэмабілізаваўся Зьміцер Жалезьнічэнка, сябра Моладзі БНФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG