Што для вас свабода?
Свабода – гэта тое, што немагчыма адабраць, бо яна заўжды з табой. Свабода – гэта быць сабой. Свабода – гэта адказнасьць.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Я сама.
Што для вас шчасьце?
Стан гармоніі – гармоніі з сабой, з навакольлем, з тымі, хто побач. Шчасьце – гэта ўсьмешкі навакол, адчуваньне паўнаты жыцьця. Шчасьце – калі цябе разумеюць. Шчасьце – калі бачыш вынікі сваёй дзейнасьці, калі іх бачаць і ўхваляюць людзі. Шчасьце – быць карыснай і запатрабаванай. У шчасьця шмат вызначэньняў. Шчасьце – гэта непастаянны стан, яно сыходзіць, але, што добра, абавязкова вяртаецца.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Хацелася б напісаць – нічога. У дзяцінстве баялася цемры, а цяпер... Хіба што – не апынуцца там, дзе найбольш патрэбна быць. Самае страшнае – гэта бясьсільле.
Які талент вы хацелі б мець?
Захоўваць аптымізм у самыя складаныя моманты, перадаваць яго іншым людзям.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Я захапляюся шмат кім са сваіх сучасьнікаў. Мне выпала шчасьце працаваць з самымі таленавітымі і актыўнымі, самымі лепшымі людзьмі нашага часу – у Беларусі і на эміграцыі. У Беларусі гэта – Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Анатоль Грыцкевіч, Уладзімер Арлоў, на эміграцыі – Ірэна Каляда, Івонка Сурвіла, Хведар Нюнька, а. Аляксандар Надсан, Лявон Юрэвіч, Алена Міхалюк, Яўген Вапа, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Адчуваць плён бягучага дня.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Некаторыя рэчы я б усё ж памяняла. Папярэдзіла б некаторыя нэгатыўныя ці нават трагічныя падзеі ў жыцьці сваіх блізкіх.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Жыць сёньня. Жыць цяпер.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Не спыняцца.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У канстытуцыйнай манархіі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Я ўжо жыву там, дзе хачу.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Мяне цалкам задавальняе мая эпоха. Але на пэўны час хацела б наведацца ў часы Хрыста, Эўфрасіньні Полацкай, Усяслава Чарадзея.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Вярнула б нацыянальныя герб і сьцяг. Да інаўгурацыі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Партнэрскія. Найперш, на маю думку, варта было б далучыцца да палітыкі дабрасуседзтва.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Празрыстыя.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?
Беларусы нарэшце сталі ўсьведамляць сябе жыхарамі незалежнай краіны. Але колькі актыўных людзей выехала за межы Беларусі! Колькі, ня маючы магчымасьці рэалізавацца, дэградуюць і сьпіваюцца! З-за адміністрацыйнай формы кіраваньня заводамі зьніклі прафэсіяналы-мэнэджары, ёсьць проста выканаўцы. За апошнія гады мы згубілі вельмі шмат са свайго эканамічнага патэнцыялу, з інтэлектуальных рэсурсаў. Мы змаргіналізавалі нашу культуру і мову, фактычна зьнішчылі ў нашага народу пачуцьцё адказнасьці за краіну, нібыта мы не перанялі яе ў нашых продкаў, каб годна перадаць нашым дзецям. А што мы можам перадаць сёньня – пазыкі за крэдыты, пачуцьцё віны перад беларускай мовай і культурай?!
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Нечакана.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі гэта будзе зьвязана з пэрспэктывай.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Загавораць.