Што для вас свабода?
Яшчэ сто пяцьдзесят гадоў таму беларускі паэт Альгерд Абуховіч-Бандынэлі напісаў байку “Ваўкалак”, якая пачыналася радкамі: “Хоць галодзен, я – свабодзен, дзе мне цягне – там бягу...” Свабода – гэта “бегчы туды, куды цягне”. Мяне заўсёды цягнула ў неба. Свабоду я перажываў толькі некалькі разоў у жыцьці – падчас свабоднага падзеньня зь МІ-9 ды Ілу-76, пакуль раскрыецца парашут…
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Свабоду творчасьці – ніхто. Але часам узьнікае неабходнасьць падзяліцца гэтай творчасьцю з чытачамі, і тут часам узьнікаюць праблемы. Нядаўна мяне запрасілі з выступам у маю родную школу, але з адной умовай – каб бяз розгаласу, каб ціха…
Што для вас шчасьце?
Беларуская Беларусь.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Што аднойчы, праехаўшы мястэчка Дзярэчын, спынюся, як звычайна, на дарозе Слонім-Масты і не пабачу агеньчык у сваёй роднай хаце, дзе жыве маці…
Які талент вы хацелі б мець?
Сьпяваць і танчыць! Голасу – няма, а калі танчу – галава кружыцца…
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Міхасём Чарняўскім, Рыгорам Барадуліным, ксяндзом Уладыславам Завальнюком…
Што вы найбольш любіце рабіць?
Чытаць добрыя кнігі.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Вывучыў бы дзесяць замежных моваў.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ад Ларысы Геніюш: “Трымайце лейцы моцна у далонях і не мыляйце роднай баразны!”
Які ваш улюбёны дэвіз?
Напісанае – застаецца!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У парлямэнцкай рэспубліцы.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Толькі ў Беларусі. Па-за ёй сябе не ўяўляю.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Жыць – у цяперашнюю. А схадзіць у госьці хацелася б у стагодзьдзе 16-ае…
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Рэабілітаваў бы Ларысу Геніюш і выдаў бы яе Поўны збор твораў.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Сяброўскія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Раўнапраўныя.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?
Дыктатура мае звычай распаўзацца за межы краіны. Уявіце сабе дыктатуру ў Расеі. Ці зможам мы ад яе абараніцца? А тут яшчэ свая, якой таксама “не сядзіцца ўдома”, як таму “хлопчыку малому”…
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
А вось у будучыню зазірнуць я не магу – не прарок.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Хутчэй, чым нам усім здаецца.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Тады іх не пачуе Бог.