Што для вас свабода?
Хто не ў Хрысьце – абмежаваны,
Нібы ў малым чаравіку,
Альбо – як вершнік зацугляны,
Ці у кайданы хто закуў.
Нехрысьціянскія “мадэлі”
Сьветабудовы й грэшных нас,
Нібы дзіцячыя арэлі,
Што гойдаюць зь бясчасься ў час.
Хто зьведаў існую Свабоду,
Што даў нам Бога-Чалавек, –
Вяртае Богу зь веку ў век
Даўгі Адамавага роду…
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Грэх.
Як Еву Зьмій абмежаваў
А сьледам і Адама сьціснуў,
Грэх, як атрута, ўсё працяў,
Зачараваў, зрабіў няісным.
Сьвятыя Божыя дары –
Сусьвет, свабоду, навакольле –
Ператварыў у бляск зары,
Недасягальнае ніколі…
Што для вас шчасьце?
Шчасьце – гэта выйсьце зь вязьніцы жарснага, грахоўнага часу.
Чаго вы найбольш баіцеся?
З духам ліхім сябе зьвязаць
У плынным і у вечным лёсе,
Ў спакусах страціць Благадаць,
Што даў Гасподзь мне ў сьвятым хросьце.
Які талент вы хацелі б мець?
Хачу я не адзін, нябога,
Няўпынна чуць і бачыць Бога.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Хто зь верай дбае пра жыцьцё
І Богу дзякуе за ўсё…
Што вы найбольш любіце рабіць?
Ураз: маліцца… і раяліць,
І (трэцім голасам) – рыфмарыць…
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Каб зноў жыцьцё змагло пачацца,
Раней пачаў бы ўцаркаўляцца…
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Якая – на усе вякі – парада?
Ўхіляйся ў сэрцы Кайнавай вайны,
Агню пякельнага – прад бліжнім здрады,
Прад Богам – нераскайнае віны.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябёснае.
У якой палітычнай сыстэме і якой краіне вы хацелі б жыць?
Я жыць хачу там, дзе законы дзяржавы
Адпавядаюць Канонам Царквы,
Дзе людзі жывуць дзеля Божае Славы –
Ад Вашынгтона аж да Масквы.
А дзеля назвы тае краіны
Я ў Бога літасьці папрасіў:
Дай, Божа, жыць Твайму блуднаму сыну
У Трыадзінай Сьвятой Русі…
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Мая эпоха заўжды са мною:
З Царства Нябёснага – ў царства зямное…
Потым – назад, да Крыніцы Натхненьня,
У Богадайны рай летуценьняў…
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Зыходзячы з таго, што Беларусь –
Царкоўнае й зямное права
Злучала ў сэрцах напрасткі
І устаяла праз вякі,
Як праваслаўная дзяржава,
А дух ліхі не для забавы,
Як люты зьвер, на нас паўстаў,
Бо славім Госпада-Хрыста
Сымфоніяй Царквы й дзяржавы, –
Я працягваў бы наша, ужо больш як 1000-гадовае, зыглыбленьне ў гэтую жыцьцядайную Сымфонію Богачалавечнасьці…
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам і з Расеяй?
Як і ў час Канстанціна Вялікага,
Сёньня зноў Эўропа – хрысьцьянская:
Праваслаўная, каталіцкая,
А на поўначы – пратэстанцкая.
Беларусь – яе Сэрца… А ў Цэласьці –
Ўсё сумовіцца з Божае Ласкі,
Усе Крэсы хрысьцьянскія – наскія!
Толькі б веры хапіла і сьмеласьці.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А вы?
Я ў мянушкі гуляць ня раю –
Ні ў “чужыя”, ані ў “свае”…
Дзеткі бацьку не выбіраюць,
Дзеткам бацьку – Гасподзь дае!
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
“Калі зьменіцца татуля?” –
Прашаптаў у сьне сынок
І матулечку расчуліў:
“Сьпі, дзіцятка, – як дасьць Бог”.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
На Боганатхнёнай Мове
Мы сумовімся з Хрыстом
Шмат вякоў… І ў Бозе-Слове
Наш жыве Царкоўны Дом.
Ну, а сьвецкія гаворкі
І паноў, і мужыкоў
Трэ а б о ж ы ц ь доляй горкай…
…………………………………
Хто пакаяцца гатоў?
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Мо, я зьлёгку глухаваты,
Але сьведчыць Дух Сьвяты:
Я ня чуў ад майго брата –
Беларуса – нематы…