Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2010 год будзе ў Беларусі годам Шапэна


Прэс-канфэрэнцыя міністраў культуры Польшчы і Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы
Прэс-канфэрэнцыя міністраў культуры Польшчы і Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

У Беларусі зараз знаходзіцца прадстаўнічая дэлегацыя Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча. Міністар культуры Беларусі Павал Латушка і ягоны польскі калега Богдан Здраеўскі правялі перамовы. Беларусь далучыцца да сьвяткаваньня 200-годзьдзя Фрыдэрыка Шапэна, эўрапейскія краіны будуць разам адзначаць 600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы, а ў Варшаве хутка зьявяцца помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу.

1 сакавіка 2010 году — 200 гадоў з дня нараджэньня славутага польскага кампазытара Фрыдэрыка Шапэна. Міністар культуры Беларусі Павал Латушка распавёў, што імя Шапэна яднае два народы: беларусаў і палякаў:

Павал Латушка
«З гісторыі вядома, што Фрыдэрык Шапэн сябраваў з Напалеонам Ордам, ягоныя музычныя творы былі вельмі папулярныя ў першай палове 19-га стагодзьдзя ў магнацкіх дамах Беларусі. Мы плянуем адзначыць гэтую важную падзею — 200-годзьдзе, і арганізаваць шэраг мерапрыемстваў. Перадусім гэта шэраг канцэртаў у Белдзяржфілярмоніі, у абласных філярмоніях; мы абмяркоўвалі пытаньне пастаноўкі опэры ў Нацыянальным тэатры опэры і балету; адбудуцца міжнародныя канфэрэнцыі. Менскім гарадзкім выканаўчым камітэтам прынята рашэньне, што школа мастацтваў № 3 Менску будзе насіць імя Фрыдэрыка Шапэна».

Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы падаравала гэтай школе мастацтваў бюст вялікага кампазытара. У Варшаве 1 сакавіка 2010 году будзе адкрыты самы сучасны музэй Шапэна, у якім будзе каля 7 тысяч экспанатаў, паведаміў каардынатар замежных праграмаў бюро на сьвяткаваньні году Шапэна Рышард Кубяк. Дарэчы, у 40 краінах сьвету створаныя ганаровыя камітэты па сьвяткаваньні году Шапэна, ну, а Польшча будзе адзначаць гэты юбілей надзвычай шырока:

«Цэлая інвэстыцыйная праграма прынятая — на аднаўленьне ўсіх месцаў, зьвязаных з Шапэнам, выдаткавана каля 100 мільёнаў даляраў».

Міністры культуры Беларусі і Польшчы распавялі пра праграму супрацоўніцтва ў многіх сфэрах: кіно, музыкі, тэатру, музэйнай і бібліятэчнай спраў, а таксама ў справе аднаўленьня помнікаў гісторыі і культуры. Польскі міністар культуры і нацыянальнай спадчыны Богдан Здраеўскі кажа:

Богдан Здраеўскі
«Сёньня я буду ў Нясьвіжы, дзе мы маем добры прыклад супрацоўніцтва ў сфэры аднаўленьня, рэстаўрацыі аб’ектаў разбураных, моцна пашкоджаных. Польская школа рэстаўрацыі — адна з найлепшых у сьвеце, і мы ўжо вялі перамовы пра пашырэньне супрацоўніцтва ў гэтай сфэры».

Што тычыцца агульнага сьвяткаваньня 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы, міністар культуры Беларусі Павал Латушка паведаміў, што ўжо адбыліся папярэднія перамовы на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў і міністэрстваў культуры Беларусі, Польшчы, Украіны і Літвы:

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб каардынаваць нашу дзейнасьць, зьвязаную са сьвяткаваньнем гэтай гістарычнай падзеі ў нашым эўрапейскім рэгіёне. Што тычыцца Беларусі, мы плянуем арганізаваць шэраг мерапрыемстваў у ліпені ў Наваградку: канцэртную праграму і рыцарскі турнір, правесьці міжнародную навуковую канфэрэнцыю, выставы, выпусьціць паштоўку, дакумэнтальны фільм, прысьвечаны Грунвальдзкай бітве, ёсьць у плянах і стварэньне мастацкага фільму».

Што да ўсталяваньня помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве, міністар культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Богдан Здраеўскі кажа:

«Рашэньне будзе прымаць мэр Варшавы Ханна Гранкевіч-Вальц, і яна ўжо пазытыўна выказалася на гэтую тэму. Так што, спадзяюся, гэта будзе вырашана станоўча».

Дарэчы, на імпрэзе па-беларуску выступіў амбасадар Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін. Павал Латушка паведаміў, што спадар Літвін нядаўна ўвайшоў у клюб амбасадараў, якія размаўляюць па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG