Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ася Паплаўская – пра кніжкі-антыдэпрэсанты


Ася Паплаўская
Ася Паплаўская

Сучасная беларуская літаратура багатая на вясёлыя і дасьціпныя творы, чытаньне якіх можа даць станоўчы тэрапэўтычны эфэкт, лічыць наша экспэртка Ася Паплаўская. Свой сёньняшні прыватны рэйтынг яна прысьвяціла кнігам, якія, на яе думку, лекуюць ад зімовай дэпрэсіі.






Пятро Васючэнка. Каляровая затока. Менск, “Мастацкая літаратура”, 2008

У любым узросьце і пры любым надвор’і палепшыць настрой дапаможа казка. Экалягічная чытанка вядомага казачніка Пятра Васючэнкі – пра наіўную і гжэчную Хахулю, сьціплага Шчупака, апантанага Рыбалова і гэткага самага апантанага Алхіміка, вадзянога Клапа ды іншых насельнікаў Затокі. Каляровай. Не таму што ў ёй шмат яркіх водарасьцяў ды рознакаляровых рыбінаў, а таму, што зьлівае ў раку апантаны Алхімік розныя шкодныя рэчывы.

Чарвяк, журналіст-афэрыст, які аднойчы гучным “боўць” заяўляе аб сябе ў Затоцы, дадае ціхаму жыцьцю яшчэ тыя галівудскія жарсьці. Тут сэнсацыя на сэнсацыі!

Казачнік Пятро Васючэнка сагрэе вас сваім цёплым гумарам, любоўю да ўсяго жывога. Буйны шрыфт, яркія малюнкі, якасная папера робяць чытаньне суцэльным задавальненьнем. Адарвацца немагчыма.


Севярын Квяткоўскі. Фрашкі да пляшкі. Менск, 2007

Адна з самых папулярных кніг апошніх трох гадоў. Менавіта дзякуючы свайму антыдэпрэсантнаму характару. Сумаваць ня прыйдзецца. Тут і пра парасон, які парасёнак, і пра насоўку, якая… прэзерватыў, і пра легендарнае радыё 101,2, і пра сьмешныя выпадкі з жыцьця знакамітасьцяў. Прыкладм, рок-сьпявачкі Касі Камоцкай…

“У сярэдзіне 1980-х пасьля затрыманьня групы моладзі, якая ладзіла пад Менскам Купальле, афіцэр КДБ запытаўся ў Алеся Камоцкага пра Касю Камоцкую: “Вы ведаеце, што ваша жонка сьпявае нацыяналістычныя песьні?” “Так, - адказаў Камоцкі”. - А яшчэ яна таньчыць нацыяналістычныя танцы”.

Ды што пераказваць? Тут чытаць трэба.


Леанід Дранько-Майсюк. Цацачная крама. Менск, “Медысонт”, 2008

“Кніжка для малых і вялікіх” сатканая зь вясёлых, жартаўлівых, дасьціпных вершаў-песенькаў пра братоў нашых меншых.

У цацачнай краме, акрамя Гаспадара, вы сустрэнеце Галоднага Ваўка, Злога Сабаку, Баязьлівага Барсука, Няшчаснага Казла, Незалежнага Зубра, Рахманага Каня, Заклапочанага Ката, “Абычную” Сьвіньню ды іншых… Кожны пэрсанаж – характар. Чытайце, сьпявайце, шукайце ў герояў сябе. А калі адначасна будзеце слухаць аднайменную кружэлку Зьмітра Вайцюшкевіча, атрымаеце двайную порцыю шчасьця…




Адам Глобус. Казкі. Менск, выдавец І.П. Логвінаў, 2007

Ці баяліся вы ў маленстве аповедаў пра “чырвоную руку”, пра “чорны-чорны горад”, пра… Я баялася вельмі. Я іх і цяпер баюся. Асабліва калі ў цемрачы. Пад коўдрай. Сьвечкі гараць… І хтось шэпча страшшшшшную гісторыю… Чытаю казачкі Адама Глобуса. Не да дэпрэсіі мне. Часам страшна. Часам весела.

Кніжачка чытаецца хутка. Асабліва пра “Шэры сьцяг”, “Шэрую кнігу”, “Шэрага пераможцу”... Але тут ня ўсё шэрае. Ёсьць жоўтае, фіялетавае, ружовае, белае і, натуральна, чорнае…

Бярыце “Казкі” Глобуса, засядайце зь сябрамі ў чорным-чорным пакоі і пужайце сябе і іншых… Сум, як рукой здыме.



Вера Бурлак, Віктар Жыбуль. Забі ў сабе Сакрата. Менск, “Галіяфы”, 2008

Гэта той выпадак, калі кнігу лепей слухаць у выкананьні аўтараў, чым чытаць у выкананьні сябе самога. Але калі аўтарскае чытаньне вершыкаў-сьцёбчыкаў паслухаць не атрымалася, чытайце самі. Як умееце.

Я працягнуў руку дапамогі,
а мне ў адказ працягнулі ногі.

Запусьцілі мы ракету.
Быў сусьвет – няма
Сусьвету…

У мяне зачасалася сьпіна –
на ёй завялася вош.
Я гэта так не пакіну.
Калі ня я, дык хто ж?

Бывае, пасьля куфлю піва
дрэва шукаць ідзеш –
так хочаш зрабіцца шчасьлівым.
Калі ня тут – дык дзе ж?

Што рабіць з гэтымі філязофскімі разважаньнямі і як выкарыстоўваць такія карысныя веды – вырашайце самі.

Не сумуйце! І часьцей усьміхайцеся!:)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG