Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі пэрформансу арыштаваныя


Павал Пракаповіч
Павал Пракаповіч

Двух актывістаў " Маладой Беларусі" Ягора Баброва і Паўла Пракаповіча суд Заводзкага раёну Менску пакараў арыштам на 15 сутак. Андрэя Кузьмінскага арыштавалі на 7 сутак. Суд над Настай Машчавай перанесьлі на 4 сьнежня. Усіх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Учора а 16 гадзіне каля ўнівэрмагу " Беларусь" маладыя людзі ладзілі пэрформанс.

Паплечнікі Паўла Пракаповіча, Насты Машчавай, Ягора Баброва і Андрэя Кузьмінскага былі ў судзе Заводзкага раёну за дзьве гадзіны да пачатку судовага працэсу. Супрацоўнікі міліцыі, якія суправаджалі затрыманых, ня мелі на форме бэджаў і адмаўляліся прадстаўляцца.

Урэшце капітан, які не даваў запісаць размову з Паўлам Пракаповічам падчас судовага перапынку, назваўся Віталём Лукашэвічам. Ягоны начальнік казаў, што яго клічуць Іваноў Іван Іванавіч і што супрацоўнікі міліцыі пры выкананьні сваіх абавязкаў прадстаўляцца не павінны.

Фотакарэспандэнту Ўладзю Грыдзіну праз паўгадзіны міліцыянты ўвогуле загадалі пакінуць будынак суду.

Першым пачалі судзіць Паўла Пракаповіча. Учора Павал разам зь Ягорам Бабровым, Андрэем Кузьмінскім і Настай Машчавай каля ўнівэрмагу «Беларусь» усталяваў стэнд з намаляваным на ім тварам з вусамі. Пад карыкатурай подпіс: «Ня любіш рэжым — кінь у мяне». Побач са стэндам паставілі скрыню зь яйкамі. Знайшліся ахвотныя, і некалькі яек паляцелі ў стэнд.

Актывістаў затрымалі. Ноч да суду яны правялі ў пастарунку міліцыі.

Прысуд Паўлу стаў для ўсіх нечаканым — 15 сутак арышту.

Падтрымаць падсудных з «Маладой Беларусі» прыйшлі актывісты кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

Кася Людвіг:
Мы вельмі ўражаныя такім прысудам. Ні пра якую лібэралізацыю можна нават і не казаць.
«Мы прыйшлі на суд на знак салідарнасьці з актывістамі „Маладой Беларусі“. Мы вельмі ўражаныя такім прысудам. Ні пра якую лібэралізацыю можна нават і не казаць».

Андрэя Кузьмінскага пакаралі арыштам на 7 сутак. Андрэй пасьпеў сказаць некалькі слоў Радыё Свабода:

«Я ўдзельнічаў у акцыі, каб прадэманстраваць сваю пазыцыю і прыцягнуць увагу грамадзкасьці. Гэта быў папросту пэрформанс».

Наста Машчава ў судзе распавяла, што кепска сябе адчувае, бо ня спала ўсю ноч:

«Усю ноч мы ня спалі. Нас спачатку трымалі ў кабінэце 4 гадзіны, а потым перавялі ў „стакан“. Я сядзела асобна, а хлопцы ў суседняй камэры. Я сядзела ў прахадным пакоі, куды ўвесь час прыводзілі людзей, якія нешта парушылі, і таму заснуць не магла».

Судзьдзя вярнуў пратаколы на дапрацоўку, і Насту адпусьцілі.

Падчас суду над Ягорам Бабровым.
Падчас суду над Ягорам Бабровым прысутныя ледзь стрымлівалі рогат, калі судзьдзя зачытвала міліцэйскі пратакол. У прыватнасьці, там значылася:

«…Усталявалі рэклямны шчыт. На ім было намалявана кола, у ім два вокі, нос, рот з усьмешкай і вусы. Удзельнікі пікету прапаноўвалі людзям кідаць у шчыт прадукты харчаваньня, а таксама гнілыя памідоры і яйкі».

Ягор увесь час кашляў. Ягоныя сябры сказалі, што ён захварэў яшчэ два дні таму. Калі судзьдзя Тацяна Някрасава зачытала прысуд — 15 сутак — Ягор не стрымаўся.

Ягор Баброў: «Ганьба! Ганьба! Ганьба! У гэтай краіне так ня будзе ўвесь час. Вы самі будзеце сядзець за кратамі!»

Кася Галіцкая: «Ягор Баброў толькі нядаўна ўладкаваўся на працу і сёньня мусіў быць на працы. Зразумела, што з працай усё… Тое, што пачалі саджаць на суткі, выклікае шок. Тым больш што гэтую акцыю нельга назваць масавай — колькасьць удзельнікаў чатыры чалавекі, дый то ўсіх затрымалі.

Асабліва ўражвае тое, што аднаму з удзельнікаў пікету далі максымальны тэрмін 15 сутак, а ён быў затрыманы упершыню.

Кася Галіцкая: «Ягор Баброў вельмі кепска сябе адчувае. У яго падвышана тэмпэратура і ціск. Нам учора дазволілі перадаць яму швэдар. Самі міліцыянты казалі: „Прывозьце хутчэй, а то ён тут памрэ“».

Артур Фінькевіч лічыць: жорсткія прысуды сьведчаць пра тое, што пэрыяд так званай лібэралізацыі скончыўся.

Заўтра а 9-й раніцы пачнецца суд на Настай Машчавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG