Сярод іншага госьць пракамэнтаваў апытаньне. Людзі ў Магілёве гаварылі пра тое, як яны ставяцца да хворых на СНІД.
Голасаў: Спачатку, калі я чуў словы, што такіх хворых трэба шкадаваць, што “яны бедныя і няшчасныя", мне думалася (а гэта, дарэчы, думка многіх ВІЧ-пазытыўных у Беларусі), што шкадаваць, напэўна, ня трэба. Патрэбныя падтрымка і разуменьне. Больш нічога ня трэба.
Як мы чулі ўжо ў іншых выказваньнях у апытаньні, ВІЧ-пазытыўныя – гэта такія самыя людзі, як і іншыя. Самае асноўнае, што я заўважыў, гэта тое, што ў Беларусі пакрыху-патроху пачало зьмяняцца стаўленьне да ВІЧ-пазытыўных людзей, таму што грамадзтва зразумела, што гэта ёсьць у Беларусі і ад гэтага нікуды ня дзенесься.
Другі момант, які мяне вельмі непакоіць, – што ўсё-такі яшчэ большасьць нашых людзей вельмі абыякава ставіцца да ўласнага здароўя. Вельмі шмат выступаючы ў школах, на прадпрыемствах, на розных акцыях, я чую, што, маўляў, ВІЧ-інфікаваныя ўва ўсім вінаватыя, вінаватыя за тое, што ВІЧ распаўсюджваецца. Але даруйце, людзі ж самі пра сябе не клапоцяцца. Калі пытаесься: “Вы дапускаеце, што вас можа закрануць праблема ВІЧ”, – чуеш, як правіла, адказ: “Не, не дапускаем”. Я пытаюся чаму. “А таму, – адказваюць, – што мы ня геі, не прастытуткі і не наркаманы. Таму нас гэта не закране”. А я пытаюся: “А калі вы апошні раз тэст на ВІЧ здавалі”. Гавораць: “А мы ніколі не здавалі”. Я кажу: “Так адкуль жа вы ведаеце тады, што ў вас ёсьць, якія ў вас кантакты былі або якія небясьпечныя паводзіны былі ў вашага партнэра?” І тады людзі пачынаюць задумляцца...
Сыстэма прафіляктыкі яшчэ даволі слабенькая. Яна пачала працаваць у Беларусі, але на даволі такім яшчэ зачаткавым узроўні. І калі мы, грамадзкія арганізацыі, здолеем дамовіцца зь дзяржаўнымі структурамі, зь Міністэрствам адукацыі, з мэдыкамі, калі мы знойдзем кантакт і ўзаемаразуменьне, тады будзе вельмі добра, і тады, я думаю, магчыма, у нас пойдзе работа далей. Але пакуль што яшчэ вельмі-вельмі складана пра такое ўзаемадзеяньне гаварыць.