Палітычны enfant terrible
Прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі належыць да найбольш калярытных палітыкаў на сьвеце, калі ўзяць пад увагу ягоныя публічныя паводзіны. Цяжка вырашыць, ці гэтая калярытнасьць зьяўляецца неаддзельнай часткай яго сапраўднай натуры, ці гэта толькі дасканала завучаная поза, якая дае яму палітычныя дывідэнды. Ясна толькі адно — Бэрлюсконі дакладна сабе ўсьведамляе, што імідж enfant terrible ідзе на ягоную карысьць у палітычнай кар’еры, а таму ён ня толькі не стараецца гэты імідж зьмяніць, але актыўна і пры кожнай магчымай нагодзе падтрымлівае яго і падкормлівае.
Значыць, трэба адкінуць інтэрпрэтацыю, што славутыя “ляпы” Бэрлюсконі на публіцы і ягоныя эратычна-сэксуальныя скандалы, якімі жыве бульварная прэса Эўропы, ідуць ад недалёкага розуму італьянскага прэм’ер-міністра. Як можа быць недалёкім чалавек, які кіруе адной з васьмі найбольш прасунутых эканомік сьвету, і то кіруе настолькі разумна і ўдала, што ўжо цяпер зьяўляецца самым даўгавечным кіраўніком ураду ў гісторыі Італіі?
“Я ніколі не плаціў за сэкс”
Сёлета жонка Бэрлюсконі, Вэраніка Лярыё, падала на развод. Зь ёю ў Бэрлюсконі трое дзяцей. А ў яго яшчэ двое дзяцей ад першай жонкі, зь якою ён разьвёўся ў 1985 годзе. Усе дзеці Бэрлюсконі займаюць адказныя і добра аплачваныя пасады ў ягонай мэдыяльнай імпэрыі. Італьянскі прэм’ер-міністар публічна заявіў, што падзеліць сваю фартуну справядліва паміж усімі нашчадкамі.
Жонка Бэрлюсконі сказала СМІ, што ўжо не магла сьцярпець, як яе муж безупынна трапляе ў розныя эратычныя скандалы ды публічна фліртуе з рознымі эстраднымі паненкамі, утрая маладзейшымі за яго, а потым яшчэ раздае ім важныя палітычныя пасады ва ўрадзе. Адна з такіх харыстак-танцорак, якая раней прыцягнула ўвагу Бэрлюсконі сваімі эстраднымі выступамі толькі ў адных майтках, цяпер зьяўляецца міністрам у пытаньнях роўных магчымасьцяў у ягоным кабінэце. Мабыць, да месца будзе тут якраз прыгадаць, што Бэрлюсконі ўпершыню зьвярнуў увагу на сваю цяперашнюю жонку ў 1980-м, калі яна выступала з голымі грудзьмі ў адной п’есцы ... Дык чаго ўжо тут абурацца на тое, што яе муж застаўся верны прынцыпу роўных магчымасьцяў і пасьля 30 гадоў?
Сыльвіё Бэрлюсконі 73 гады. Сёлета адна 42-гадовая паненка, якая свае повабы ацэньвае ў эўрапейскай валюце, распавяла прэсе, што якраз тую ноч, калі амэрыканцы выбіралі прэзыдэнтам Барака Абаму, яна правяла ў прыватнай рэзыдэнцыі Бэрлюсконі, і што прэм’ер-міністар ня даў ёй заснуць ні на хвілінку. “Ён быў няўтомны, як бык” — прызналася журналістам сіньярына Д’Адарыё. “Гэта лухта і мана. Я ніколі не плаціў за сэкс. Мне не зразумела, у чым задавальненьне, калі мужчына адмаўляецца ад прыемнасьці заваяваць жанчыну” — публічна адказаў на гэтыя прызнаньні Бэрлюсконі. Ці такія публічныя прызнаньні і запярэчаньні могуць зрабіць 73-гадоваму палітыку нейкую палітычную шкоду? Хутчэй, наадварот...
“Я ня даў рады паўстрымаць сябе”
Самы вядомы з публічных моўных “праколаў” Бэрлюсконі меў месца два дні пасьля выбару Барака Абамы прэзыдэнтам ЗША. “Я паспрабую дапамагчы наладзіць адносіны паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі, дзе да ўлады прыйшло новае пакаленьне. Я ня бачу ніякіх праблемаў, каб Мядзьведзеў мог устанавіць добрыя адносіны з Абамам, які і малады, і прыгожы, і нават загарэлы” — заявіў Бэрлюсконі на ўсю Італію.
Відавочна, ніякай выразнай палітычнай шкоды Бэрлюсконі гэтая заўвага не прынесла, бо пяць месяцаў пазьней ён дадаў: “Я бляднейшы [за Абаму], бо я ўжо даўно не загараў”. І яшчэ — будучы на месцы трагічнага землятрусу ў Аквіле ў цэнтральнай Італіі ў красавіку сёлета, кіраўнік італьянскага ўраду “камплімэнтаваў” прысутнага там добраахвотніка Чырвонага крыжа з Афрыкі: “Вы прыгожа загарэлі”. А потым схапіў яго ў абдымкі і папрасіў: “Абдыміце мяне і называйце мяне папам”. А ўсіх мясцовых жыхароў, якія страцілі дах над галавою, ён папрасіў паставіцца да сваёй нядолі як да “вакацыяў у намёце”. Падбадзёрыў, так бы мовіць. А дэпутатку мясцовай муніцыпальнай рады, якая аказалася ў дасягу ягонай неўгамоннасьці, ён запытаў у прысутнасьці журналістаў: “Ці я магу вас палашчыць?”
У 2006 годзе Бэрлюсконі выказаўся ў тым сэнсе, што камуністы елі дзяцей. Падтрымліваючы гэтае сьцьверджаньне, ён згадаў Кітай часоў Мао Цзэ Дуна: “Пачытайце “Чорную кнігу камунізму” і вы дазнаецеся, што ў камуністычным Кітаі Мао яны ня елі дзяцей, але варылі іх, каб угнаіць палі”. Празь нейкі час, усё ж, ён адумаўся і прызнаўся: “Гэта была сумнеўная іронія... Але я ня даў рады паўстрымаць сябе”.
Магчыма, у Кітаі гэта некаму і не спадабалася. Але ў Італіі ў 2008 людзі пераабралі яго прэм’ер-міністрам трэці раз.
“Правыя прыгажэйшыя за левых”
У выбарчай кампаніі 2008 Бэрлюсконі сказаў, што ў італьянскім парлямэнце дэпутаткі з правых палітычных партый прыгажэйшыя за тых зь левых. “У левых няма густу, нават калі справа датычыць жанчын”, — дадаў ён. Левыя партыі голасна абурыліся. А правыя ўзялі і прамаўчалі.
У 2005-м, на інаўгурацыі дзейнасьці Эўрапейскай управы ў пытаньнях бясьпекі харчаваньня ў Парме ў Італіі (за пастаяннае месцазнаходжаньне гэтай арганізацыі з Італіяй спрачалася Фінляндыя), Бэрлюсконі сказаў, што яму давялося “абтрэсьці пыл са сваіх здольнасьцяў плэйбоя”, каб пераканаць прэзыдэнтку Фінляндыі Тар’ю Халонэн, што згаданая ўправа павінна быць у Італіі. Фіны вядомыя як народ зь мінімальным пачуцьцём гумару, а таму нічога дзіўнага, што яны выклікалі на размову італьянскага амбасадара, каб ён ім патлумачыў, што насамрэч мелася на ўвазе. Але сытуацыю разьясьніў адзін зь міністраў у кабінэце Бэрлюсконі, які сказаў, што “кожны, хто хоць раз зірнуў на здымак Халонэн, мусіць зразумець, што ён [Бэрлюсконі] жартаваў”. Бедныя фіны больш ужо нічога не пыталіся...
А з Ангелай Мэркель Бэрлюсконі пагуляў у хованкі. У лістападзе летась яна прыехала ў Італію і ішла на сустрэчу зь ім у атачэньні аховы і журналістаў. Тым часам Бэрлюсконі, які меўся чакаць яе недзе на калідоры, схаваўся за калёнай. Мэркель яго мінула і пайшла далей, а тады — журналісты прысягаюцца, што гэта чысьцюсенькая праўда — ён выглянуў з-за калёны і ўсклікнуў “ку-ку!”. Мэркель азірнулася, убачыла яго, усьміхнулася і сказала: “Ох, Сыльвіё...”
На гэтым і закончым.