Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згвалтаваньне — гэта ня толькі праблема сэксу


25 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын. Прадстаўніцы жаночых арганізацый адзначаюць гэты дзень ад 1981 году

Нагодай для гэтага сталі падзеі, якія мелі месца ў 1961 годзе ў Дамініканскай Рэспубліцы. Тады на загад дыктатара Рафаэля Трухільё забілі трох сясьцёр Мірабал — Патрыю, Мінэрву і Марыю-Тэрэзу, а таксама Руфіну дэ ля Круз. Жанчыны ехалі на сустрэчу са сваімі мужамі, якія былі ў турме. Целы задушаных жанчын знайшлі на дне яра. Гэта выклікала шок у грамадзтве і ўзмацніла рух супраць дыктатара.

17 сьнежня 1999 году ААН абвясьціла 25 лістапада Міжнародным днём барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын і прапанавала ўрадам і недзяржаўным арганізацыям ладзіць у гэты дзень акцыі, каб прыцягнуць да праблемы ўвагу грамадзкасьці.

Сымбаль барацьбы супраць усіх формаў гвалту над жанчынамі — белая стужка.

Калі казаць пра розныя краіны, то ў Канадзе, напрыклад, 6 сьнежня адзначаюць як Нацыянальны дзень памяці і дзеяньняў супраць гвалту над жанчынамі на знак памяці пра Манрэальскі пагром, калі 14 студэнтак забілі толькі за тое, што яны былі фэміністкамі.

У чэрвені 1991 году Цэнтар жаночага лідэрства і ўдзельнікі форуму па жаночых пытаньнях заклікалі правесьці ў Беларусі чарговую кампанію “16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гвалту над жанчынамі”, якая адбываецца штогод у розных краінах сьвету.

У 16 дзён актыўнасьці ўваходзяць чатыры даты: акрамя 25 лістапада, гэта 1 сьнежня — Дзень барацьбы са СНІД, 6 сьнежня — гадавіна забойства 14 студэнтак-фэміністак і 10 сьнежня — Дзень правоў чалавека.

Праваабаронцы зазначаюць, што існуюць розныя формы гвалту над жанчынамі. У Беларусі большасьць жанчын па-ранейшаму зарабляе менш за мужчынаў. У тых навуковых інстытутах, у якіх працуюць пераважна жанчыны, кіраўнічыя пасады займаюць мужчыны. Сярод дэпутацкага корпусу жанчыны складаюць меншасьць.
ў Беларусі зарэгістраваныя 194 згвалтаваньні. 148 зь іх учынілі мужчыны нападпітку ...

Паводле дадзеных беларускай пракуратуры, сёлета ў Беларусі зарэгістраваныя 194 згвалтаваньні. 148 зь іх учынілі мужчыны нападпітку. 19 гвалтаўнікоў яшчэ ня сталі дарослымі. Злачынцы згвалцілі 36 непаўналетніх дзяўчат. Летась згвалцілі 59 непаўналетніх. Больш за трыццаць выпадкаў — згвалтаваньне, зьдзейсьненае групай.

Паводле дасьледчыкаў-псыхолягаў, згвалтаваньне — гэта праблема ня толькі сэксу, але таксама і ўлады. Гвалт у дачыненьні да жанчын — адна з праяваў няроўных уладных адносінаў паміж мужчынамі і жанчынамі ў сям’і і грамадзтве. Гэтая няроўнасьць склалася гістарычна і прывяла да дамінаваньня мужчын і дыскрымінацыі зь іх боку ў дачыненьні да жанчын. Але ад такой сытуацыі пакутуе ня толькі жанчына. Мужчына цярпіць ня ў меншай ступені, перадусім ад навязаных яму стэрэатыпаў мужнасьці.

Жаночыя няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі складаюць каля 3% ад агульнай колькасьці зарэгістраваных.

Паводле дакладу ААН, у Беларусі дагэтуль не наладжаны мэханізм узаемадзеяньня дзяржавы і “трэцяга сэктару”. У Беларусі ня склалася практыка выдачы дзяржаўных грантаў на конкурснай аснове дзеля рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятываў.

Жаночыя арганізацыі вымушаныя плаціць высокую арэндную плату. Улады дзейнічаюць у рамках канцэпцыі сацыяльнага пратэкцыянізму. Таму некаторая частка жаночых арганізацый грунтуе сваю дзейнасьць на абароннай, патэрналісцкай ідэалёгіі, дабіваючыся ільготаў і аказаньня той ці іншай дапамогі для сябе і сваіх сяброў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG