Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Хілары Клінтан добрае ўражаньне ад Хаміда Карзая


Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан прысутнічае на цырымоніі інаўгурацыі прэзыдэнта Аўганістану Хаміда Карзая. У эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабодны Аўганістан яна разважае пра бясьпеку, карупцыю і пэрспэктывы міжнароднага супрацоўніцтва.

Радыё Свабода: Міжнародная супольнасьць, у прыватнасьці ЗША, засьцерагала прэзыдэнта Аўганістану супраць уключэньня ва ўрад вайскоўцаў. Зь іншага боку, вы падтрымліваеце мірныя перамовы з Талібанам, які ўяўляе сабой збройныя фармаваньні. Ці азначае гэта, што міжнародная супольнасьць аддае перавагу адным вайскоўцам перад іншымі?

Клінтан: Я думаю, што вельмі важнай была сёньняшняя прамова прэзыдэнта Карзая, дзе ён абмаляваў сваё бачаньне будучыні Аўганістану: якой ён хацеў бы бачыць краіну ў канцы другога тэрміну свайго прэзыдэнтцва. Вельмі важна тое, што павінна быць зроблена для насельніцтва Аўганістану. У мяне была магчымасьць сустрэцца з многімі вашымі міністрамі: яны падрабязна распавялі, што робяць у галіне сельскай гаспадаркі, адукацыі, фінансаў, інфармацыі – і на маю думку, кваліфікацыя людзей ва ўрадзе сапраўды высокая. Я ведаю, што міжнародная супольнасьць шырока камэнтуе, хто ўвайшоў, а хто не ўвайшоў ва ўрад; мы сваю пазыцыю выказвалі ясна: трэба, каб ва ўрад увайшлі здольныя людзі. Мы хацелі б бачыць людзей, адданых аўганскаму народу – тых, хто зможа палепшыць іхнае жыцьцё. Таму калі прэзыдэнт будзе прыцягваць да супрацоўніцтва людзей, падобных тым, зь якімі я сустракалася, я думаю, што мы зможам супрацоўнічаць вельмі эфэктыўна.

Што да пытаньня супрацоўніцтва з Талібанам – гэта справа аўганскага народу. Але на маю думку, важна, каб любы чалавек, які інтэгруецца назад у грамадзтва, усьвядоміў, што ён павінен адмовіцца ад гвалту. Зброя павінна застацца ў руках толькі спэцыяльных фармаваньняў – ваенных і паліцыі: чаму мы і дапамагаем вашай краіне ў пабудове прафэсійнай, дысцыплінаванай арміі і паліцыі.

Хілары Клінтан і Хамід Карзай
Радыё Свабода: Калі ў новым урадзе будзе шырокае прадстаўніцтва ваенных, ЗША тым ня менш падтрымаюць новы аўганскі ўрад?

Клінтан: Ёсьць ваенныя і ваенныя. Сярод тых, каго так называюць, ёсьць тыя, хто змагаўся ад імя Аўганістану супраць савецкага саюзу, супраць Аль-Кайды, Талібану і іхных хаўрусьнікаў. І ёсьць людзі, якія дазвалялі сабе вельмі сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека і кепскае абыходжаньне зь людзьмі ў часе вайны: з-за гэтага цяжка ацаніць гэтых асобаў і разабрацца, як іх судзіць. Я патлумачыла, што мы хацелі б бачыць у кабінэце людзей прафэсійных, вопытных і кампэтэнтных, якія маглі б рабіць працу, якая ад іх патрабуецца. Я думаю, прэзыдэнт Карзай разумее гэта, і ў мяне склалася ўражаньне, што менавіта так ён і мае намер дзейнічаць.

Радыё Свабода: Адной з галоўных праблем у часе першага прэзыдэнцкага тэрміну прэзыдэнта Хаміда Карзая была вялікая колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, спрычыненая амэрыканскімі сіламі ў Аўганістане. І гэта вельмі падрывала давер да Карзая сярод аўганцаў. Ці плянуюць ЗША нейкія захады, каб такіх ахвяраў больш не было?

Клінтан: Так, фактычна мы ўжо пачалі зьдзяйсьняць іх. Я падзяляю клопат і жаль наконт ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Паводле новых правіл, уведзеных генэралам Стэнлі Маккрыстэлам, ня толькі ЗША, але і ўсе саюзьнікі плюс узброеныя сілы Аўганістану зробяць усё магчымае, каб выключыць ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Гэта не заўсёды магчыма. На жаль, здараюцца трагічныя сытуацыі. Але я думаю, апошнім часам, калі кіраўніцтва пераняў генэрал Маккрыстэл, колькасьць такіх выпадкаў зьменшылася. Значна зьменшылася.

Радыё Свабода: Прэзыдэнт Абама адвёў Хаміду Карзаю шасьцімесячны тэрмін для зьнішчэньня карупцыі. Але многія аўганцы лічаць, што Карзаю будзе цяжка даць рады такой задачы ў вызначаны тэрмін. Калі Карзай ня справіцца ў тэрмін, якой будзе рэакцыя вашай краіны?

Клінтан:
Я была рада пачуць тое, што прэзыдэнт Карзай сказаў сёньня пра карупцыю, і гэта выклікала аплядысмэнты ў аўдыторыі – калі ён так цьвёрда выказаўся супраць карупцыі і беспакаранасьці, калі ён сфармуляваў некаторыя крокі, якія ён зьбіраецца зрабіць: запатрабаваць ад чыноўнікаў дэкляраваньня іх даходаў, стварыць трыбунал у справе цяжкіх злачынстваў, аднавіць антыкарупцыйную камісію. Гэта ўсё – пазытыўныя крокі. Гэта ўсё дэманструе сумленныя намеры з боку прэзыдэнта Карзая. Тыя крокі, якія ён робіць – я думаю, гэта тое, што хацеў бы бачыць прэзыдэнт Абама.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG