Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка і Баршчэўскі адказваюць на вашы пытаньні


Лявон Баршчэўскі і Вінцук Вячорка
Лявон Баршчэўскі і Вінцук Вячорка

Былыя кіраўнікі партрыі БНФ Вінцук Вячорка і Лявон Баршчэўскі знаходзяцца ў Вашынгтоне на запрашэньне амэрыканскага Інстытуту дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе. Мы правялі зь імі тэлефоннае інтэрвію, скарыстаўшы пытаньні, якія даслалі нам наведнікі сайту Радыё Свабода.

***



Пытаньні наведнікаў сайту агучваў Ян Максімюк.

Максімюк: Напачатку я хацеў бы ў вас запытацца, у якой якасьці вы запрошаныя ў Вашынгтон?

Вячорка: Нас запрасілі як людзей, многія гады зьвязаных зь лідэрствам у Беларускім народным фронце, як прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія ня йдуць на супрацу зь цяперашнім рэжымам. Ну, і тут вядома, што Лявон Баршчэўскі разглядаецца як прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты ў будучай кампаніі.

Максімюк: Палітыка ЗША адносна Беларусі зараз істотна адрозьніваецца ад палітыкі Эўразьвязу. Працягваюць дзейнічаць амэрыканскія эканамічныя санкцыі. У вашых гутарках з амэрыканскімі суразмоўцамі, урадоўцамі ці атрымалі вы ўяўленьне пра нейкі плян дзеяньняў ЗША адносна Беларусі? Як ЗША асэнсоўваюць і ўспрымаюць гэты разрыў паміж Вашынгтонам і Брусэлем адносна Беларусі?

Вячорка: Якраз адной з мэтаў нашага прыезду было і ёсьць высьветліць, як фармулюецца цяперашняя амэрыканская палітыка адносна Беларусі. Ці паўплывалі на яе зьмены ў амэрыканскай адміністрацыі, у амэрыканскім урадаваньні, і ў якой ступені каардынуецца амэрыканская палітыка з эўрапейскай. Мелі і яшчэ будзем мець сустрэчы у Дзяржаўным Дэпартамэнце, у прынцыпе з усімі адказнымі за наш рэгіён, у Нацыянальнай радзе бясьпекі, у Офісе віцэ-прэзыдэнта і ў Кангрэсе. І фактычна ўсюды мы пераканаліся, што Акт аб дэмакратыі, які быў заўсёды двухпартыйным – яго ініцыявалі абедзьве партыі ЗША – ён захоўвае сваю моц як у канцэптуальным, так і ў практычным пляне. Усе суразмоўцы прызнавалі, што, на жаль, апошнім часам пазыцыі ЗША і Эўропы стасоўна Беларусі разышліся, і гэта ёсьць пэўным выклікам для амэрыканскай дыпляматыі.
Да расколу БНФ прыводзяць тыя людзі, якія фармальна знаходзяцца ў адной партыі, а фактычна працуюць на замовы пад кіраўніцтвам іншых палітыкаў.

Максімюк: Зараз пытаньне спадару Баршчэўскаму. Ваша крытыка Беларускага незалежніцкага блёку была хіба ня самая рэзкая сярод апазыцыйных дзеячоў. Ці ня лічыце вы, што канфлікт вакол палітыкі новага кіраўніцтва БНФ можа прывесьці да яго расколу?

Баршчэўскі: Да расколу БНФ прыводзяць тыя людзі, якія фармальна знаходзяцца ў адной партыі, а фактычна працуюць на замовы пад кіраўніцтвам іншых палітыкаў. Гэтая сытуацыя, якая стварылася перад зьездам партыі БНФ і на зьезьдзе партыі – не сакрэт. Пра гэта кажуць і пішуць людзі дасьведчаныя, то мабілізацыя прадстаўнікоў руху “За Свабоду” ў якасьці дэлегатаў зьезду БНФ прадвызначыла такі вынік гэтага зьезду. Я думаю, што рана ці позна гэтыя людзі пазыцыянуюць сябе, мусяць з двух крэслаў перасесьці на адно, і тады ніякага расколу не адбудзецца. БНФ, які стаяў на прынцыповых незалежніцкіх пазыцыях, угрунтаваных на маральных каштоўнасьцях, будзе працягваць дзейнічаць менавіта ў гэтым рэчышчы.

Максімюк: Ваша апошняя сустрэча зь Зянонам Пазьняком, спасылкі на ягоныя меркаваньні... Ці азначае гэта, што старыя паплечнікі, якія разышліся ў 1999 годзе, сыдуцца зноў? Магчыма, нават у межах адной арганізацыі ці аднаго праекту?

Вячорка: Зь Зянонам Пазьняком у нас было адзінае разыходжаньне галоўнае – як можна кіраваць партыяй, якая знаходзіцца ў Беларусі. Ці можа гэта эфэктыўна рабіць лідэр, які працуе за мяжой. Гэта адзінае істотнае разыходжаньне. Таму думаю, што ніколі няма дарогі, закрытай назад. Мне здаецца, з нашага боку было больш ініцыятывы ў сэнсе ўзгадненьня пазыцый, чым з таго боку. Я спадзяюся, што гэта памяняецца ў лепшы бок.

Максімюк: Вы сустракаліся з Пазьняком. Ці пыталіся, калі ён вернецца на Беларусь? Калі так, то што ён адказаў?

Баршчэўскі: Я сустракаўся сапраўды. Такое пытаньне я не задаваў, я думаю, ён сам дастаткова самастойная асоба, каб вызначыцца, ці можа і калі ён можа вярнуцца на Беларусь. Безумоўна, у сёньняшняй Беларусі ні для каго, ня толькі для яго, няма аніякіх гарантый бясьпекі і дабрабыту, факты палітычных зьнікненьняў і, фактычна, палітычных забойстваў былі, таму гэтае пытаньне да спадара Пазьняка далікатнае, і ён сам павінен вызначыцца”.

Максімюк: Калі вы зноў зоймецеся вельмі важнай мовазнаўчай і перакладніцкай справай, якая, мне так падаецца, даецца вам значна лепей, чымсьці палітычная дзейнасьць, бо атрымліваецца, што добрых палітыкаў мы не набылі, а добрых перакладчыкаў страцілі.
Што да перакладніцкай і мовазнаўчай дзейнасьці, я яе ніколі не спыняў.

Вячорка: Нагадаю, што Лявон Баршчэўскі быў каардынатарам апазыцыі БНФ у Вярхоўным савеце, якая якраз і дамаглася пабудовы падвалінаў беларускай незалежнасьці і пачатку дэмакратызацыі, палітычнай і эканамічнай. І я думаю, што гэта той радок у гісторыі, які запісаны навечна, таму наконт удаласьці/няўдаласьці яго палітычнага досьведу думаю, што гісторыя разважыць. А цяпер ёсьць вельмі практычная задача, вельмі сур’ёзны выклік: як ўсё ж такі не дапусьціць стварэньня ў Беларусі кіраванай апазыцыі паводле пуцінскага ўзору. І відаць, наш досьвед дзейнасьці, апазыцыйнай яшчэ пад камуністычнай уладай, тут як нельга больш прыдатны.

Баршчэўскі: Што да перакладніцкай і мовазнаўчай дзейнасьці, я яе ніколі не спыняў. Я чалавек вельмі працавіты, магу працаваць па 18 гадзін у дзень. У наступным нумары часопісу “Дзеяслоў” будзе пераклад “Цара Эдыпа” Сафокла, які я рабіў увесь гэты час у тым ліку. Таксама зьявяцца іншыя пераклады, якія рабіліся, робяцца. Каардыную выпуск беларускіх эўраграматык – і гэтая работа не спынялася, таму што я яе ніколі ня кідаў і не зьбіраюся кідаць.

Максімюк:
Спадар Вячорка, калі вы вернеце новаму кіраўніцтву БНФ коды доступу да афіцыйнага партыйнага сайту? Лявон, Вінцук, хто з вас забыўся перадаць коды ад сайту БНФ? І як вы ўсё ж умудрыліся перадаць новаму кіраўніцтву партыі столькі пазык па аплаце камунальнікам: за арэнду офісу і камунальныя паслугі, якія не аплочаныя аж з траўня 2009 году?

Вячорка: Спадар Рыгор, я ўвогуле не лічу правільным выносіць унутраныя побытавыя і камунальныя праблемы нашай партыі на публічныя абмеркаваньні. Хачу толькі сказаць, што новы кіраўнік БНФ належаў да старога кіраўніцтва і кіраваў інфармацыйнай камісіяй. І каму, як не яму, ведаць статус сайту і ведаць, дзе і як знаходзяцца коды ад гэтага сайту (я іх ніколі ня меў). Адзінае, што мне вельмі шкада, што на сайце пачалі прападаць, праўда, потым аднаўляцца, тэксты, відаць, зь якімі новае кіраўніцтва ня згоднае, у прыватнасьці, аналітычныя тэксты Баршчэўскага.

Баршчэўскі: Другая палова пытаньня: у нас было ўсё аплочана не па май, а па ліпень гэтага году. Трэ было заплаціць за жнівень. Я знайшоў спонсара такой аплаты, але аргкамітэт зьезду, які адбываўся 5 верасьня, палічыў неабходным гэтыя грошы ўкласьці ў правядзеньне зьезду. Мы прапаноўвалі яго правесьці пазьней, у сьнежні. І таму ўзьнікла гэтая запазычанасьць, і яна была за адзін месяц. Ня болей. Цяпер іншае пытаньне, што яна расьце, паколькі нашы магчымасьці займацца гэтым пытаньнем звузіліся, ёсьць новае кіраўніцтва.

Максімюк: Наступнае пытаньне, відавочна, ад сябры партыі БНФ. Хутка рух “За Свабоду” разам з нашай партыяй правядуць гэтак званы Эўрапейскі форум. Што ён дасьць Беларусі? І што пасьля яго можа зьмяніцца ў нашай партыі?

Вячорка: Думаю, што Эўрапейскі форум – гэта чарговае мерапрыемства, якое пройдзе, пра якое будуць гаварыць тыдзень-два, а штодзённая праца і падрыхтоўка да важнейшых палітычных кампаній наступнага і 2011 году застаецца. Таму наконт таго, што ён дасьць Беларусі, мне цяжка адказаць. Да таго ж, што пасьля гэтага можа зьмяніцца ў нашай партыі – хачу спадзявацца, што партыя ня зьменіць сваіх пазыцый, у сэнсе таго, што ня ўсё, што гавораць некаторыя эўрапейскія палітыкі, нам трэба прыняць да выкананьня. Мы павінны мець самастойную беларускую палітыку. Мы ў першую чаргу прабеларуская, не праэўрапейская, не прарасейская партыя.

Максімюк: Скажыце, чым вы зараз займаецеся? Калі можна, распавядзіце, як арганізуеце свой працоўны час, як выглядае ваш звычайны працоўны дзень?

Баршчэўскі:
Мой працоўны дзень прынцыпова не зьмяніўся. Я не працаваў прафэсійна кіраўніком патыі, у чым, вядома, праблема, бо я ня мог сабе гэтага дазволіць. Таму і выкладчыцкая праца, і перакладчыцкая, і палітычная праца разьмеркаваныя ў роўных долях, і я стараюся свой плян на кожны дзень выконваць – тое, што заплянавана на гэты дзень і на бліжэйшы тыдзень. Часам даводзіцца ўносіць карэктывы, але гэта звыклы для мяне парадак працы, якога я трымаюся ўжо са студэнцкіх гадоў.

Вячорка: Калі пытаньне пра тое, чым мы зараз, у гэты момант займаемся, то мы знаходзімся ў Вашынгтоне, то ў нас кожны дзень па 6-7 статусных і важных сустрэчаў, ну а ў Беларусі я, напэўна, цяпер болей урываю часу на навуковыя працы для асьвяжэньня, для паляпшэньня лёсу часопіса “Спадчына”, ну, і для працы ў якасьці выкладчыка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG