Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паніка сьціхае?


Ці паменеў ажыятаж у аптэках Менску? Якія мэдыкамэнты людзі набываюць у першую чаргу? Як засьцерагаюцца, каб не захварэць? І ці паведамляюць новую інфармацыю афіцыйныя крыніцы?

Час перапынку на абед. Апошнімі днямі ў аптэцы “Бераліна” на праспэкце Незалежнасьці ў гэты час яблыку няма дзе ўпасьці — уся невялікая прастора запоўнена людзьмі ў чарзе па лекі і прафіляктычныя сродкі. Сёньня ж — тры чалавекі ў адну касу і два — у другую.

Аказваецца, асноўны наплыў людзей быў зранку, распавядае супрацоўніца:

— У нас шмат людзей. З раніцы прыйшоў проста натоўп — акурат да адкрыцьця.

—А што найперш набываюць?

—Сродкі прафіляктыкі ад грыпу ў першую чаргу, вітаміны…

— А павязкі?

— Павязак цяпер, на жаль, няма.

—А ці пытаюцца іх?

— Так, пытаюцца, але мы прапаноўваем самастойна іх шыць — марля, бінт для гэтага ёсьць у наяўнасьці.

— А ці зьявіўся «Грапрынасін»?

— Не, пакуль што яго як не было, так і няма.

Жанчына прыйшла ў аптэку па вітаміны. На яе погляд, паніка псуе псыхіку і зьніжае імунітэт.

— Чым вы засьцерагаецеся ад грыпу?

— Здаровым ладам жыцьця.

— Вітаміны п’яце?

— Вітаміны трэба піць адмыслова курсамі, незалежна ад таго, ёсьць цяпер эпідэмія ці яе няма.

— Ну, а падставы для панікі ёсьць, на ваш погляд, ці проста трэба жыць сабе спакойна?

— Спакойным быць — спакойным жыць.

Мужчына выходзіць з аптэкі з набыткам у фірмовым пакеціку. Але, аказваецца, да грыпу гэта дачыненьня ня мае.

— Я не хварэю — дык і ня ведаю асабліва.

— А ў аптэку па іншае хадзілі?

— Ды гэта не ад грыпу, гэта папрасілі мяне для ног сродак набыць.

— А грыпу як сьцеражацеся?

— Я? Я гарэлку п’ю. Зь перцам.

Маладыя дзяўчаты таксама лічаць галоўным спакой і здаровы лад жыцьця:

— Ну, калі мы едзем у нейкія людныя месцы — то тады маскамі карыстаемся, нам выдаюць на працы штодня. У МТС працуем — яны ўсіх сваіх супрацоўнікаў забясьпечваюць бясплатнымі маскамі. А паніка… Напэўна, сьціхае — учора нават паказвалі па тэлебачаньні, што людзі спрабуюць здаць мэдыкамэнты ў аптэку назад. І маскі таксама.

У даведцы 180 сказалі, што шмат хто пытаецца “Таміфлю” — сродак менавіта супраць сьвінога грыпу. Але пакуль што яго ў менскіх аптэках няма:

— Пакуль што прагназуюць, што праз тыдні два зьявіцца ў дзяржаўных аптэках спачатку. Але гэта прагноз толькі. Чакаем пастаўкі, як толькі паставяць — зьявіцца. Рэгістрацыя ў яго ёсьць.

На сайце Міністэрства аховы здароўя новай інфармацыі пра колькасьць захворваньняў на грып і пнэўманію не зьявілася. Паводле стану на 5 лістапада Мінздраў дае гэткія лічбы: 2154 чалавекі знаходзяцца на лячэньні, у некаторых адзначаюць цяжкое цячэньне хваробы. За гэты пэрыяд ад пнэўманіі памерла 19 чалавек, у 7 зь іх лябараторна выявілі вірус грыпу А (H1N1).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG