Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд за крыжы прызналі законным


Крыж, устаноўлены на месцы расстрэлу Расьціслава Лапіцкага пад Вялейкаю, 9 верасьня 2009 г.
Крыж, устаноўлены на месцы расстрэлу Расьціслава Лапіцкага пад Вялейкаю, 9 верасьня 2009 г.

Сёньня Менскі абласны суд не задаволіў скаргу актывістаў дэмакратычнага руху зь Вілейскага раёну Аляксея Сюдака, Уладзімера Малярчука і Аляксея Наркевіча.

Яны прасілі скасаваць рашэньне суду Вялейскага раёну ад 8 кастрычніка, калі іх аштрафавалі на 1 мільён 800 тысяч рублёў за мітынг, нібыта арганізаваны пры ўсталяваньні крыжоў памяці ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў Расьціслава Лапіцкага.

Сньня разгляд скаргі ў судзе быў хуткацечны. Пра гэта кажа Ўладзімер Малярчук:

Уладзімер Малярчук
“Разгляд нашай скаргі ў судзе адбыўся літаральна за некалькі хвілін. У судзьдзі загадзя была надрукавана пастанова. Як толькі заслухала маю заяву, загадала выйсьці ў калідор. А літаральна празь дзьве хвіліны выклікала і прачытала па напісанаму рашэньне”.

Расьціслаў Лапіцкі — ахвяра сталінскага тэрору. Сёлета 1-га верасьня крыжы ў яго памяць былі ўсталяваныя ў лесе каля вёскі Красны Беражок Вілейскага раёну. 9-га верасьня новыя крыжы асьвяціў сьвятар праваслаўнай царквы, а наступнага дня драўляныя крыжы зьнішчылі прадстаўнікі мясцовай улады.

Вялейскі актывіст Аляксей Наркевіч кажа, што крыжы ля вёскі Красны Беражок будуць неўзабаве адноўленыя:

“Мы іх адновім. Мы плянуем абавязкова аднавіць крыжы. Іншае пытаньне, што будзем рабіць цяпер трошкі інакш. Ня будзем загадзя афішаваць свае намеры.

У прынцыпе, на такія акцыі мы можам сабраць 50 і больш чалавек, але, відаць, абмяжуем колькасьць прысутных. Не хацелася б зноў падкормліваць рэжым. Бо, як зараз высьвятляецца, чыноўнікі знаходзяць зачэпкі для штрафу. Ну хіба ёсьць сэнс плаціць ім грошы?”

Уладзімер Малярчук таксама дадае, што сёньняшняе рашэньне абласнога суду таксама будзе абскарджана:

“Зараз я буду рыхтаваць касацыю ў Вярхоўны суд. А пасьля гэтая справа будзе перададзена ў Камітэт ААН па правах чалавека”.


Расьціслаў Лапіцкі
Нарадзіўся 9 верасьня 1928 году ў сям’і праваслаўнага сьвятара ў вёсцы Касута Вілейскага раёну. У 1948—1949 гадах стварыў у Смаргонскім і Мядзельскім раёнах антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю моладзі. Арганізацыя выдавала антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі. Неўзабаве яе выкрылі, а яе сябры, у тым ліку непаўналетнія, атрымалі розныя тэрміны лягераў. Расьціслаў Лапіцкі як галоўны арганізатар быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Расстраляны 28 кастрычніка 1950 году.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG