Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аграгарадок у Варанцэвічах не для людзей — паказуха!”


Гэтым разам у часе вандроўкі на Талачыншчыну шукаць адрэсу не было патрэбы. Напярэдадні, далёка па-за межамі раёну, стала вядома пра трагічнае здарэньне ў вёсцы Варанцэвічы. Многія мясцовыя, аднак, лічаць яго забойствам — задыхнуліся і згарэлі жыўцом трое дзяцей да 12 гадоў з трох суседзкіх сем’яў. Іх бацькі-алькаголікі сабраліся ўвечары на чарговую гулянку. Пра далейшае распавёў мне ў 5 раніцы кіроўца ўсюдыпраходнай “Нівы”, які падхапіў мяне пасьля цягніка на пустэльнай дарозе з Талачына, па якой інакш давялося б крочыць 15 км пехатой.

Хадорскі: “Утрох згарэлі ў адным доме. Тыя напіліся і ляглі, адзін пайшоў закурыў і зноў заваліўся. І ніхто не паклапаціўся пра гэтых бедных дзяцей…”

Тым ня менш, самі п’яніцы, паводле суразмоўцы, выскачыць з палаючай хаты пасьпелі. Кіроўца ж у вёсцы, нарэшце, назваў сябе — як аказалася, я ехаў з дырэктарам тутэйшага СВК “Камсамольская праўда” спадаром Хадорскім. З Анатолем Уладзіміравічам тут жа паглыбіліся ў тэму:

Хадорскі: “Выпіваюць па 30 скрыняў віна ў дзень на 300 насельнікаў, дарослых чалавек за 70. У тым годзе я закадзіраваў 18 чалавек. І адмоўную падзяку хочацца сказаць Сайкову. Афэрыст! Я сам вазіў у Оршу іх, грошы плаціў па 220 тысяч за кожнага. У іх такіх грошай не было, сыстэматычна цяпер вылічваюцца. Засталося чалавек 5, астатнія ўсе самі раскадзіраваныя. Сайкоў тлумачыць, што сам чалавек павінен. Дык а ты навошта? Каб садраць з чалавека ўсю суму?!”

Спадар: “Алкашы то працуюць, то не працуюць. А няма каму працаваць — іх зноў просяць. І пэнсіянэраў…”


Гэта падышоў дзед Міхась з бліжэйшай хаты — яму ня спалася. Спадар Хадорскі распавёў, што ўвесну вёска ўвайшла ў склад створанага аграгарадка. Але, маўляў, “капеечная” спэцыялізацыя на малацэ ды збожжы асаблівых даходаў не прыносіць. Хоць сам старшыня літаральна гарыць на працы — апошнім часам атрымаў два інфаркты запар. 52-гадовы мужчына зь мяшкамі пад вачыма выглядае значна старэйшым, словы для ацэнкі сытуацыі ён ня надта выбіраў.

Хадорскі: “Цяпер старшыняў не мяняюць у раёне — няма на каго. Калгас проста распускаюць. Вы ў 5 раніцы мяне сустрэлі — і ноччу выклікаюць. Прыяжджаю дахаты не раней 10 вечара — 17 гадзін даводзіцца працаваць у суткі. У нашай эканамічнай сыстэме я не ўяўляю, як калгасьніку і жыць. Цану на малако ўрэзалі, тлустасьць зрэзалі, на зерне цана ў паўтара раза ўпала ў параўнаньні зь мінулым годам. Рапс здалі — ні халеры не разьлічваюцца! Ідзем назад у сацыялістычны лад. Яго трэба было мяняць у корані. Яно б так і было, каб не прыйшоў… ясна…”

З фэрмы на сотню кароў з ранішняй дойкі вярталася 35-гадовая Натальля Шандрыкава — яна тут з 11 гадоў.

Шандрыкава: “Зарабіла 78 тысяч. Гэта заробак за ліпень будзе. Як у сярэднім, 300-400 выходзіць. Няма малака ад іх — 7 тон за месяц надаіла. Мы расьпісваемся толькі ў ведамасьці, а разьліковы нам не даюць. Дарогі да фэрмы абы якія — зімой не праехаць, ямка на ямцы і ня чысьцяцца. Скардзіліся ў сельсавет — няма сэнсу…”

Сярэдні надой у СВК найслабейшы ў раёне — 10 літраў ў суткі. Нізкія заробкі тлумачацца і падсыпаньнем жывёлам так званых “антыбіётыкаў”, што прыводзіла з-за зьніжэньня якасьці да вяртаньня малака назад. Нядаўна, аднак, змаганьне з “хіміяй” павёў 28-гадовы галоўны вэтэрынар Дзьмітрый Векавішчаў:

Векавішчаў: “Антыбіётыкі я на кантролі трымаю. Калі іх увёў, даяркі расьпісваюцца — ёсьць каранцінны тэрмін, дояць асобна на асобных апаратах. Хатніх уладальнікаў папярэджваю…”

Карэспандэнт: “Ты змог хоць аднаго чалавека, які ўжывае антыбіётыкі, злапаць за руку?”

Векавішчаў: “50 на 50. Можна паймаць, калі асобна доіць. Але ж я не магу разарвацца. Адзін чалавек гад і гэты гад будзе ўсё псаваць…”

Мо й таму ў хатніх уладальнікаў колькасьць статку скарацілася з 96 да 18 рагуляў. Працягваю напоўніцу скарыстоўваць ранішнія часіны, каб застаць усіх да разьезду на палеткі. На мэхдвары 4 камбайны, зь якіх тры з Нямеччыны. Побач згуртаваліся мэханізатары, якія весела сустракаюць 17-гадовага выпускніка 173 Коханаўскага ПТВ Сяргея Савіка:

Спадарства: “О, самы малады мэханізатар — студэнт!

Савік: “Працую памочнікам камбайнэра першы месяц. Заробка яшчэ не было, але думаю заставацца — трэба адпрацаваць год…”

Як гэта бывае зазвычай, “дзяды” выдзелілі хлопцу старэнькі “гомсельмашавец”, дзе ён працуе з таксама нядаўна пераехаўшым з Кругляншчыны 37-гадовым Ігарам Саянам. Але той на жыцьцё ня скардзіўся — вось ужо дзе ўсё спасьцігаецца ў параўнаньні!



Саян: “Па тэрміне зносу трэба “на ўтыль” — 17 гадоў. Ломіцца, што, вядома, адбіваецца на заробку. Але з астатнімі амаль нароўні іду — мо па мільёне заробім. Але тут лепей. У Кругляншчыне аб’ядналі гаспадаркі — за 15 км на працу трэба было езьдзіць. Школу закрылі — а ў мяне трое дзяцей. Кожны дзень ехаць за 12 км — дзе ім грошай набрацца?! Тут школа на месцы, далі дом добры. Там няма працы — сядзі да вечара, пакуль машына завязе дадому. А тут пайшоў, у хаце нешта зрабіў, усю жыўнасьць трымаю. Там 15 мэханізатараў на 3000 га зямлі працавалі да ночы, а тут 9-10 гадзін, і плацяць адсотак, калі болей папрацуем…”

***
На трактары пад’ехаў мажны Вадзім Мікалаеў. Тутэйшы, працуе 16 год. Выглядае ўпэўненым — у яго часы калгасная хата каштавала 70 мільёнаў, цяпер — 140. Да стварэньня аграгарадка, кажа, ставіцца “спакойна”.


Мікалаеў: “У прынцыпе, нічога не зьмянілася. Клюб добра зрабілі, кантору, сельсавет. А як плацілі, так і плацяць — па 500 тысяч, не болей. А ўзімку тысяч 200. Сьлесарам іду па сумяшчальніцтве. Жыву ў калгасным доме. Плачу тысяч 25. Самі ўсё ўнутры зрабілі, бо голыя сьцены былі. І пабудоў ніякіх — толькі хлевушок…”

Вадзім паказвае, дзе знаходзіцца бліжэйшая з 25 пабудаваных за дзесяцігодзьдзе калгасных хатаў. Балазе, гаспадыня, Алена Лявонава, на месцы — даярку, што абслугоўвае 43 “першацёлкі”, два з паловай месяцы таму моцна ўдарыла па назе карова. Адчыніла сама:


Лявонава: “Таму што даіцца не навучаныя ні да апарата, ні да людзей. Хату год таму атрымалі — фарбавалі, клеілі, яшчэ не дарабілі. Гэта службовае жыльлё. А дровы самым нарыхтоўваць — трэба іх 2 прычэпы і 4 тоны брыкету — 150 на 300 тысяч. Для дзяцей у школу для двух не купілі ні-чо-га! Адзін у дзявятую клясу, другі ў сёмую. Толькі што “палатка” прыяжджала, у доўг абутак і касьцюм спартовыя ўзяла — няма грошай…”

Акурат у той дзень побач з крамай расстаўлялася прамысловая аўталаўка. Прадавачка Сьвятлана на прапанову прадставіцца замахала рукамі:

Сьвятлана: “Ой, мяне пасадзяць. Я з Круглянскага раёна, маю права толькі па ім гандляваць. Ежджу на сваю рызыку. А прыедзе падатковая…”

Падышла бабулька і ўступілася за пачынаючую індывідуальную прадпрымальніцу.

Бабуля: (на фоне шумоў камбайнаў): “Яна чэсная маладзіца, ў мяне сын едзе на камбайне — яму нідзе нельга купіць касьцюм, бо такі здаровы. Кажу, Сьвятлана прывязі рубашачку — яна прывезла 58 памер рубашак, штаноў…”

Карэспандэнт: “Сьвятлана, ты палачка-выручалачка, а даўно езьдзіш?”

Сьвятлана: “Гады два, да гэтага на маслазаводзе працавала. Прывожу, калі хтосьці штосьці просіць. Прыяжджаю на месяц два разы. Паўсшытка даўгоў! (сьмяецца ) Грошы не вяртаюць мала, але ўсе бедныя…”

Бабуля: “І дзе будуць багатыя?! Сын мой мэханізатар 6 месяцаў толькі заробак мае, зіма прыйдзе — 50-60 тысяч, на маю пэнсію жыве…”



Яшчэ зранку старшыня СВК Хадорскі параіў завітаць да самай сталай у вёсцы па ўзросьце, 90-гадовай былой настаўніцы, спадарыні Каралёвай. У школе з 1944 Вера Данілаўна мусіла выкладаць адразу тры мовы — беларускую, нямецкую і расейскую. Пытаньні давялося перакрыкваць па тры разы, бо кабета дрэнна чуе, хаця сама яшчэ ў ясным розуме.

Каралёва: “Настаўнікаў не хапала, працавалі дзень і ноч. Па 42 у клясе, а 9 клясаў трэба весьці было. Школьнікі галадавалі, паперы, сшыткаў не было Пісалі на кнігах — парэжуць іх ды сшыюць. Некаторыя ў школу не хадзілі, бо бацькі не накормяць. Галодныя, разьдзетыя, школа замярзала. Захварэюць — паміраюць і паміраюць. Паглядзім на гэтых дзяцей і плакаць хочацца…”

Крочу на ўскраіну, дзе жыве настаўнік гісторыі, спадар Сапежынскі. Яго краязнаўчая даведка:

Сапежынскі: “У мэтрыцы ВКЛ у 1501 годзе ўпершыню ўпамінаецца наша вёска. Назва ад князя Варанцова. Вёсцы 500 гадоў, а калгасу “Камсамольская праўда” 80 гадоў. У нас з выпускнікоў шмат вучоных — авіяканструктар Сімяновіч, тры кандыдаты гістарычных навук — браты Карніловічы і Мянжынскі. Ёсьць футбаліст Кандрацьеў, які кіруе юнацкай зборнай Беларусі. Але калі я прыйшоў сюды працаваць, 170 вучняў было, на пачатку гэтага навучальнага году 62…”

Карэспандэнт: “А гэта праўда, што ваша школа адзіная ў краіне мае 8 хатаў?”

Хмялёва: “Так, зрабілі рамонт, сьвятло. Печам зайздросьцяць і гарадзкія жыхары…”

Гэта падышла жонка, дырэктарка школы спадарыня Хмялёва. Прыкры выпадак, што адбыўся зь ёй, дагэтуль абмяркоўвае ўся вёска. Жанчыне днямі суд з падачы рыбнагляду даў 7 з паловай мільёнаў штрафу. Пытаньне задаю, як той казаў, “на мяккіх лапах”:

Карэспандэнт: “Што на самай справе было?”

Хмялёва: “Не расскажу — ня ў той час паехала…”

Карэспандэнт: “Жанчына, якая не ўмее плаваць, каталася на плыце, паспрабавала сетку паставіць і за 12 карасёў 7 мільёнаў умантулілі?!”

Сапежынскі: “Зрабілі яе “ворагам народа” — у 37-м і пастралялі б, мабыць! Але ж плююць, цягаюць — яшчэ ўчора. Ім трэба ёй нэрвы парваць!”

Між іншым, выпадак выклікаў абурэньне ўладамі ў жыхароў Варанцэвічаў. Вось што сказалі мне наўперамен камбайнэры:

“7 з паловай мільёнаў за 12 карасёў — жорстка, канечне. Камусьці не хапіла месца побач сетку паставіць — заклаў, там жа бур’ян, хто ведае, што хтосьці ловіць…”

Вадасховішча, што побач, расьцягнулася на некалькі кілямэтраў. Асабіста бачыў іншамаркі з рыбаловамі. Штодзень жа назірае іх 67-гадовы былы трактарыст, спадар Вячаслаў Стэльмакоў. Яго хата на горцы, адкуль ён і спусьціўся да мяне.


Стэльмакоў: “Вунь зайдзіце на возера — там 20 машын стаіць! Каб яна электравудай рыбу біла, я б адразу судзіў. А што сеткай злавіла, дык несправядліва далі ёй. Знайшлі крайнюю, а гэтыя, як возяць, так і возяць.

Прыяжджалі да мяне з рыбнагляду, а я сучкі арэшніку вёз. Арыштоўваюць мяне і гавораць — “700 тысяч рублёў табе штрафу”. А я ўсё жыцьцё лес выпісваю, а арэшнік палясоўшчыкі самі прымушаюць убіраць. А ты, гавораць, падпільнуй, хто рыбу возіць. Не, кажу, хату падпаляць і усё..”

Цяперашнюю ж выхавальніцу дзіцячага садка, спадарыню Валянціну Грышман, усе дагэтуль называюць “пчолкай”. 20 год працавала ў калгасе заатэхнікам-пчаляром, дзе абслугоўвала 130 пчоласем’яў. Пакуль заварваецца зёлкавая гарбата, успамінае:

Грышман: “У той час калгас займаўся вырошчваньнем канюшыны — ружовая была, белая. Пчолы “працавалі” на асемяненьне. Мёд быў таварны — 800 кіляграмаў за сэзон. Гэта прыносіла прыбытак на 100%. Цяпер канюшыну зьвялі. У сябе дома 17 вульлёў — мёдам магу вас пачаставаць…”

Пад гарбату з абвалакваючым рот мядком, спадарыня Валянціна вучыць мяне, як правільна ім частавацца:

Грышман: “Гарбата бяз цукру, пажадана на травах, ня вельмі гарачая. Мёд лыжачкай браць, разьмякчыць у роце і не разьмешваць. Калі натуральны мёд, ён выклікае пырханьне ў горле, а калі цукровы, арамату няма. Вазьмі лыжачку мёду і адчуй смак яго!” (сьмех)

Гаспадыня ўжо зьбіраецца разьвітвацца са мной, як да брамы падыходзіць яшчэ адзін варанцэвіцкі — спадар Баркоўскі. Ён прачуў пра прыезд карэспандэнта і гамана ізноў зайшла пра надзённае:

Баркоўскі: “Беспрацоўны, бо няма сэнсу хворую маму пакідаць за нейкія 200 рублёў. Я “шабашнік”, будаўнік-электрамантажнік. Становішча, як чую па БТ, — веру на 25%. Гляджу на сваю вёску — на 25% у пэрспэктыву таксама веру. А аграгарадок, як у савецкія часы — агарадзілі гараж і пафарбавалі. Для каго трэба?! Не для людзей — паказуха!”

Грышман: “Дзяржава позна ачомалася будаваць тыя хаты. Трэба раней былі аграгарадкі, каб нашы дзеці засталіся тут працаваць. Тады б была нейкая будучыня…”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG