Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што крызіс робіць з далярам?


Напярэдадні курс амэрыканскай валюты упаў да адзнакі 1,47 даляра за 1 эўра. Даляр працягвае падаць ужо шосты месяц. Што гэта значыць для Амэрыкі і сьвету?

Адназначных адказаў на гэтае пытаньне няма, нават сярод сьвяцілаў эканамічнай навукі.

Мы ўжо паведамлялі на пачатку лета, што даляр, паводле самых кемлівых і прабачлівых аналітыкаў, можа падаражэць напрыканцы гэтага году ледзь не на 17 адсоткаў. Пакуль што нічога такога не адбываецца. Чаму?

На гэтае пытаньне спрабуе адказаць сёньняшняе выданьне „The Washington Post”, якое прыгадвае, што Банк фэдэральных рэзэрваў ЗША сам справакаваў аслабленьне сваёй валюты, запусьціўшы на рынак вялізную грашовую масу, каб запабегчы дэфляцыі і пагаршэньню крызісу.

Газэта цытуе амэрыканскіх аналітыкаў, якія сьцьвярджаюць, што шмат якія краіны сьвету са значным эканамічным патэнцыялам зацікаўленыя ў тым, каб даляр страціў сваю пазыцыю ключавой рэзэрвовай валюты сьвету, якую ён захоўвае ўжо больш за паўстагодзьдзя.

Кітай, напрыклад, зацікаўлены ў тым, каб замяніць даляр як сусьветную рэзэрвовую валюту па адной простай прычыне — ЗША вінаватыя Кітаю 800 мільярдаў даляраў, і чым далей даляр дэвальвуецца на сусьветным рынку, тым менш прыйдзецца аддаваць амэрыканцам.

Незадаволеная сусьветнай пазыцыяй даляра і Расея. На мінулым месяцы расейскі прэм’ер-міністар Уладзімір Пуцін пакрытыкаваў ЗША за „некантраляваны выпуск даляраў”. Як Кітай, так і Расея хочуць, каб у будучыні даляр на сусьветным рынку быў заменены новай „глябальнай звышвалютай”.

Паводле аднага амэрыканскага экспэрта, цытаванага газэтай „The Washington Post”, у бліжэйшыя два-тры гады ня ўдасца пахіснуць пазыцыю даляра як ключавой рэзэрвовай валюты ў сьвеце. Але гэты экспэрт дапускае, што ў пэрспэктыве 10 гадоў іншыя валюты пачнуць адыгрываць значна большую ролю на сусьветным рынку, чым цяпер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG