Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт самаабвешчанай Абхазіі падаў у адстаўку. Пратэстоўцы сустрэлі гэта воплескамі


Аслан Бжанія. Архіўнае фота
Аслан Бжанія. Архіўнае фота

Удзельнікі акцыі пратэсту паабяцалі разысьціся 19 лістапада.

Прэзыдэнт самаабвешчанай Абхазіі Аслан Бжанія падаў у адстаўку, сваю пасаду пакінуў і кіраўнік ураду Аляксандар Анкваб.

Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», згодна зь перамовамі паміж уладай і апазыцыяй, якія працягваліся шмат гадзін, удзельнікі акцыі пратэсту паабяцалі разысьціся 19 лістапада.

«У мэтах захаваньня стабільнасьці і канстытуцыйнага парадку ў краіне ў адпаведнасьці з артыкулам 65 Канстытуцыі Рэспублікі Абхазія я падаю ў адстаўку з пасады прэзыдэнта Рэспублікі Абхазія», — гаворыцца ў дакумэнце, які падпісаў Бжанія.

У выпадку адмовы пратэстоўцаў завяршыць сваю акцыю ён заявіў аб намеры адклікаць і сваю адстаўку.


19 лістапада абхаскі парлямэнт (Народны Сход) разгледзіць заяву аб адстаўцы Аслана Бжанія. Выконваць абавязкі прэзыдэнта будзе віцэ-прэзыдэнт Бадра Гунба. На пасаду прэм’ера прызначылі Валерыя Бганба, экс-сьпікера парлямэнту. «Дзейныя міністры выконваюць абавязкі да ўступленьня на пасаду новага выбранага прэзыдэнта Рэспублікі Абхазія», — адзначаецца ў дакумэнце.

Раней Бжанія заяўляў аб намеры ўдзельнічаць у чарговых прэзыдэнцкіх выбарах, якія мусілі адбыцца вясной 2025 году.


У Сухумі з 15 лістапада ішлі масавыя акцыі пратэсту супраць ратыфікацыі інвэстыцыйнага пагадненьня з Расеяй. Пратэстоўцы зьнеслі частку агароджы вакол комплексу ўрадавых будынкаў і ўвайшлі на прылеглую да парлямэнту тэрыторыю, а потым увайшлі ў парлямэнт і адміністрацыю прэзыдэнта.

Калі пачалося супрацьстаяньне паміж сілавікамі і ўдзельнікамі пратэсту, парлямэнт скасаваў сваё пасяджэньне, а ў адміністрацыі прэзыдэнта паабяцалі адклікаць інвэстпагадненьне з Расеяй.

Кіраўнікі Абхазіі двойчы пакідалі пасады пасьля пратэстаў апазыцыі: 1 чэрвеня 2014 году пайшоў у адстаўку Аляксандар Анкваб. Канфлікт тады быў справакаваны выдачай абхаскіх пашпартоў жыхарам грузінскай нацыянальнасьці ва ўсходніх раёнах рэспублікі.

12 студзеня 2020 году ў адстаўку пайшоў Рауль Хаджымба — пасьля таго, як абхаскі Вярхоўны суд скасаваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2019 году. Тады Аслан Бжанія ня змог узяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах па стане здароўя (ён і яго прыхільнікі лічаць, што Бжанія атруцілі). Аднак на выбарах у сакавіку 2020 году ён выйграў і набраў 56,50% галасоў. Яго сапернік Адгур Ардзінба атрымаў 35,42% галасоў падтрымкі.

  • Абхазія (за савецкім часам — аўтаномная рэспубліка ў складзе Грузіі) абвясьціла незалежнасьць пасьля вайны з Грузіяй у 1993 годзе. Тады незалежнасьць Абхазіі не прызналі ні Грузія, ні іншыя дзяржавы сьвету.
  • У 2008 годзе пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны незалежнасьць рэгіёну прызнала Расея і яшчэ чатыры дзяржавы: Вэнэсуэла, Наўру, Нікарагуа і Сырыя.
  • Грузія лічыць сэпаратысцкія Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае Расею ў парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны, а сам факт прызнаньня незалежнасьці — часткай анэксіі Абхазіі, рэгіёну, які ААН прызнае часткай Грузіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG