Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экскурсія ў Брэсцкую крэпасьць


Брэсцкая крэпасьць, збудаваная на падмурках старажытнага Берасьця, разбуранага на загад расейскага цара, у савецкія часы была адным з самых культавых месцаў для турыстаў. Мэмарыял наведвалі амаль усе. Але варта заглянуць у крэпасьць і цяпер. Асабліва цікава назіраць за першымі праявамі адраджэньня на гэтых развалінах гарадзкога жыцьця, якое тут віравала амаль да сярэдзіны 19-га стагодзьдзя. Такім чынам, запрашаем у віртуальную экскурсію.

Мэмарыял па-ранейшаму лічыцца адным зь ідэалягічных прыярытэтаў беларускіх уладаў. На ягоную рэканструкцыю выдзяляе грошы і Расея. Нядаўна на сьцяне быў ўсталяваны новы мэмарыяльны знак.


Шыльда прымацавана на месцы, дзе 22 чэрвеня 1941 года нацысты знайшлі сьцяг, пакінуты ў штабе 132-га асобнага батальёна канвойных войскаў НКВД, што быў разьмешчаны ў Брэсцкай крэпасьці. Ужо 10 ліпеня 1941 года гэты батальён быў выключаны са сьпісу частак НКВД, як “цалкам загінулы”. Гранітная шыльда замоўчвае поўную назву батальёна, але не паведамляе, што менавіта ён ахоўваў турмы “Брыгіткі” ды “Чырвоную”, зь якіх толькі за 7 дзён чэрвеня 1941 года ў ГУЛАГ былі адпраўленыя 6 эшалёнаў з больш за 5000 зьняволеных.



Увесну ды летам 2009 года “Беларусьфільм” ды “Цэнтрал Партнэршып” збудавалі ў 100 метрах ад Холмскай брамы яе ДВП-копію як дэкарацыю мілітарнай эпапеі “Брэсцкая крэпасьць”. Розьніца аднак ёсьць. Напрыклад, на копіі быў абноўлены белы польскі арол, пад якім крэпасьць абаранялі і ў 1941-м. Арла сарвалі ў 70-я. Паспрабуйце знайсьці іншыя “10 адрозьненьняў” самастойна.


Ненатуральна блішчыць золатам купал адноўленай гарнізоннай царквы сьвятога Мікалая. Яна была ўзьведзеная ў 1876 годзе ў бізантыйскім стылі па праекце архітэктара Давіда Грыма на месцы закрытага ў 1830 годзе кляштара аўгустынцаў. Ад 1924 года была касьцёлам, з 1939-га — гарнізонны клюбам.

У чэрвені 1941 года царква-клюб стала месцам моцнага бою паміж нядаўнімі хаўруснікамі: чырвонаармейцамі ды фашыстамі. У 1994 годзе храм адданы Берасьцейска-Кобрынскай эпархіяльнай управе. Ад нядаўна царква выглядае амаль гэта жа як напрыканцы XIX стагоддзя. Парушае ідылію той самы пазалочаны купал, якога не было ў старой гарнізоннай царкве, ды нядаўна збудаваны побач прыходзкі дом з такой жа залочанай званіцаю.


А вось інтэр’ер царквы яшчэ не набыў лоску сучаснага “эўрарамонту”, чым і цікавы.





Зноў ціха, паволі, але пачынае біцца сэрца старадаўняга Берасьця. Да ютрані ды вячэрні клічуць званы адроджанага праваслаўнага манастыра Раства Прысьвятой Багародзіцы, згаданага ўпершыню яшчэ ў 1485 годзе. Нязграбны выгляд архітэктуры будынка манастыра — вынік прыкрай непісьменнасьці чыноўнікаў ды кепска выкананай адаптацыі. Аднак, прыглядаючыся да дагледжанага падворка, прыгожых кветак, да вачэй манахінь, што сьпяшаюцца да малітвы, верыш у тое, што стылістычныя памылкі будуць выпраўленыя, і пачнецца сапраўднае Адраджэньне старога Берасьця.


Ад даўніх часоў воднае заплечча адыгрывала важную ролю ва ўрбаністычным краявідзе Берасьця. Крэпасць, аточаная рэкамі Буг ды Мухавец, малымі рачушкамі Каменкаю, Стругаю, Угрынкаю, Царыхаю, з блізкімі азёрамі Бужашча ды Соя, у паводку набывае амаль венецыянскі выгляд. Унікальная флора і фаўна крэпасьці — водар XVI-XVII стагодзьдзяў, рэшткі створаных магнатамі ды манахамі рэнесансавых і барочных паркаў. Нельга абмінуць мэлянхалічную прыгажосьць чароўнага старога Берасьця ў час, калі восень падфарбоўвае ягоныя краявіды...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG