Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культа-гляд: прэм'ера перадачы


Сёньня ў “Начной Свабодзе” – прэм'ера новай перадачы Максіма Жбанкова "Культа-гляд", прысьвечанай сучаснай культуры. Культуроляг Максім Жбанкоў падзяліўся сваімі плянамі.

Знаткевіч: Адно з стандартных вызначэньняў культуры, гэта сукупнасьць матэрыяльных і духоўных каштоўнасьцяў, якія ствараюць людзі. Але тое, што для аднаго чалавека каштоўнае, для другога можа ня мець ніякай вартасьці, таму відаць і ёсьць шмат спрэчак, што лічыць культурай, а што не. Вы для сябе як гэтае пытаньне вырашаеце ці можа ўвогуле ня згодны з гэтым вызначэньнем?

Жбанкоў: Мне перадусім ня вельмі падабаецца азначэньне культуры як нейкай сумы артэфактаў. Мне значна больш цікава разглядаць культуру як сыстэму пэўных культурніцкіх практык. Мяне перш за ўсё цікавіць тое, як паўстаюць культурніцкія тэксты, культурніцкія героі і як у прынцыпе адбываецца сустрэча герояў праз тэксты з публічнасьцю. Культура як працэс - вось што я лічу найбольш цікавым, карысным і вартым увагі нашай новай перадачы.

Знаткевіч: Вы кажаце пра тэксты, а некаторыя вызначаюць культуру шырэй - як лад жыцьця, стандартныя мадэлі паводзінаў чалавека ў розных сытуацыях...

Жбанкоў: Я пагаджуся, але я якраз і кажу, што гэта сума тэкстаў плюс сума падзеяў і дзеяньняў вакол гэтых тэкстаў. І ў гэтым пляне, напрыклад, для мяне абсалютна неістотна традыцыйны падзел культуры на “высокую” і “нізкую”, “элітарную” і “масавую”. Гэта ўсё мне падаецца абсалютна памылковым і штучным. Насамрэч у культуры межаў няма, няма таксама цэнтру і ўскраінаў. Ёсьць пэўныя працэсы, пэўныя рухі культурніцкіх ідэяў у пэўных асяродзьдзях, якія або спрыяюць або не спрыяюць іх аўтарэалізацыі. Таму для мяне заўсёды культура цікавая як нешта неакадэмічнае, як нешта не гіпэрінтэлектуальнае, як тое, што можа адбыцца і фактычна адбываецца з кожным на вуліцы, у хаце, недзе ў кавярні...

СЛУХАЦЬ:
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG