Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах успыхваюць “хлебныя канфлікты”


У многіх раёнах, каб абараніць сваіх хлебапёкаў, мясцовыя ўлады ўводзяць абмежаваньні на продаж хлеба зь іншых рэгіёнаў. У выніку людзі пазбаўленыя выбару і вымушаны задавальняцца мясцовым хлебам, які нярэдка саступае канкурэнтам і ў цане, і ў якасьці.

Магілёўшчына


Продаж хлеба з Магілёву абмяжоўваюць у Чэрыкаве, Хоцімску, Кіраўску і Клічаве


Жыхары шэрагу раёнаў Магілёўшчыны пазбаўленыя магчымасьці набываць хлеб з абласнога цэнтру. Мясцовыя ўлады апраўдваюць абмежаваньні паставак абаронай інтарэсаў сваіх пякарняў. Людзей такая сытуацыя не задавальняе.

Больш за два гады магілёўскі хлеб прадаецца ў Чэрыкаве ў абмежаванай колькасьці. Тамтэйшы жыхар Сямён Панізоўцаў скардзіўся нават старшыні камітэту дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласьці Ліліі Чыгір. І яна, як кажа спадар Панізоўцаў, паабяцала дапамагчы:

“Але дзейных захадаў я ня бачу, каб яна рабіла. Я таксама зьбіраў подпісы людзей і адсылаў іх у Магілёў, каб нам вазілі сюды хлеб. Аднак усё засталося бязь зьменаў”.

Пра тое, што магілёўскі хлеб у Чэрыкаве пад забаронай, падцьвердзілі і ў крамах райцэнтру. Вось адзін з характэрных адказаў:

“У нас толькі булачкі магілёўскія. Нам не дазволена гандляваць хлебам”, — прызналася гандлярка адной з крамаў.

У канцэрне “Магілёўхлебапрам” прызнаюць наяўнасьць хлебнага канфлікту


У Чэрыкаўскім райспажыўсаюзе заявілі: у нас у раёне хлебнай спрэчкі не існуе:

“Кожную суботу „Хлебпрам“ прывозіць свой хлеб і яго прадае. Хто есьць гэты магілёўскі хлеб — гэта абмежаваная колькасьць людзей, — яны чакаюць машыну, набываюць хлеб і сыходзяць. У нас жа таксама ёсьць свой хлебазавод, там восемдзесят чалавек працуюць. Ды і ня дрэнны й наш хлеб. Мы ж ямо яго, нам падабаецца”.

То бок далі, напрыклад, у Клічаве адну краму, вось сюды вы можаце раз на тыдзень завозіць, а ў астатнія дні — каб вас і блізка не было.
Супрацоўніца ж аддзелу збыту канцэрна “Магілёўхлебпрам” прызнала наяўнасьць хлебнага канфлікту:

“Паводле негалоснага загаду ўладаў прадпрымальнікі й крамы ня маюць права браць наш хлеб, каб павысіць сваю вытворчасьць. Пісалі жыхары Чэрыкава ў дзяржкантроль. Мы ім адказвалі, што так сапраўды факт мае месца. Але ўсё на гэтым і спынілася”.

Ці характэрны чэрыкаўскі хлебны канфлікт для іншых раёнаў Магілёўшчыны, пытаю ў суразмоўцы:

“Характэрна гэта для Хоцімскага раёна, для Кіраўскага, Кіраўска, Клічава… То бок далі, напрыклад, у Клічаве адну краму, вось сюды вы можаце раз на тыдзень завозіць, а ў астатнія дні — каб вас і блізка не было”.

Гарадзеншчына


У вясковых крамах няма выбару хлеба: прадаюць толькі мясцовы


Выбар харчовых тавараў у сельскай мясцовасьці даволі мізэрны. У дзяржаўных крамах апраўдваюцца, што ім усё пастаўляюць цэнтралізавана, а ў прыватных скардзяцца на тое, што бедны пакупнік.

У вёсцы Варняны Астравецкага раёна жыхары вымушаныя былі скардзіцца старшыні райвыканкама: ў тутэйшых крамах няма выбару хлеба — прадаюць толькі астравецкі.

Старшыня мясцовага сельсавета Іван Плеўга: “У пятніцу ў нас быў прыём грамадзян, з гэтым пытаньнем разьбіраўся старшыня райвыканкама, літаральна ў бліжэйшыя дні сытуацыя зьменіцца”.

Карэспандэнт: “Скажыце, калі ласка, а чаму так здарылася, што прадавалі толькі адзін астравецкі хлеб?”.

Плеўг: “Не магу адказаць..”.

Чыноўнікі дэкляруюць права пакупніка на выбар, але дзейнічаюць насуперак гэтаму


Мясцовыя жыхары кажуць, што нібыта існуе вусны загад прадаваць на вёсках толькі астравецкі хлеб з тым, каб падтрымаць сваю пякарню.

Намесьнік старшыні райвыканкама па эканоміцы Валеры Барташэвіч:
Людзі, якія працуюць у Астраўцы, павінны атрымліваць заробак, карміць свае сем’і. Разумееце гэта?
“Думаю, што вы таксама павінны разумець, што людзі, якія працуюць у Астраўцы, павінны атрымліваць заробак, карміць свае сем’і. Разумееце гэта?”

Карэспандэнт: “Але ж у людзей павінен яшчэ быць і выбар…”

Барташэвіч: “Павінен быць выбар і здаровая канкурэнцыя. Я з гэтым згодны”.

У мясцовай краме райспажыўсаюза, што ў Варнянах, асабліва асартымэнт не мяняецца. Прадавец Валянціна тлумачыць, што такая сытуацыя існуе на працягу многіх гадоў:

“Ну які ў нас можа быць выбар? Мы ж гандлюем усім сваім. Нам ніхто не дапамагае, працуем толькі за свае грошы”.

У прыватнікаў сытуацыя трошкі лепшая, але ўсё роўна выбару хлебу няма. Спадарыня Ірына, якая займаецца прыватным гандлем у сельскай мясцовасьці, кажа, што забароны на ўвоз з іншых рэгіёнаў ня самае страшнае, ёсьць праблема больш значная:

“Мы ня можам купляць на базах нешта дарагое, паколькі людзі на вёсках ня маюць на гэта грошай…”

Меншчына


Прадпрымальнік прадае хлеб, які просяць пакупнікі


Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху ў Беларусі Віктар Калей жыве й працуе ў райцэнтры Ўзда на Мешчыне. Пра гандаль хлебам кажа наступнае:

“У маю краму завозяць хлеб тры менскія заводы па два разы на тыдні. І тутэйшае райпо ў свае вясковыя крамы таксама пачало завозіць менскі хлеб высокай якасьці і таньнейшы за мясцовы амаль ў два разы. Гандляры атрымалі такую магчымасьць, дзякуючы таму, што я дамогся раней”.

Нагадаю: мясцовыя чыноўнікі забаранялі Віктару Калею прадаваць прывазны хлеб. Найперш клапаціліся пра мясцовы бюджэт, бо хлеб купляецца штодня і нават на апошнія капейкі. Для ўлады Віктар Калей быў непажаданым канкурэнтам. Але вось што ён расказвае пра вынік няроўнай барацьбы з санітарнай службай раёна:

Не жадаеце сілай зь ім змагацца, то не чапайце, бо ён мае права.
“Да іх зьвяртаюцца мясцовыя вэртыкальшчыкі і строга запытваюць: „То чаму ён яшчэ прадае хлеб?“ Той адказвае, што усё зрабіў, каб спыніць і нават перавысіў свае паўнамоцтвы. Маўляў, цяпер вы выкручвайце яму рукі, біце па галаве… Не жадаеце сілай зь ім змагацца, то не чапайце, бо ён мае права”.

У Віктара Калея ёсьць і практычная парада для прадпрымальнікаў:

“Калі ў каго ёсьць рэальныя намеры займацца продажам хлеба, але існуюць перашкоды з боку мясцовай улады, няхай зьвернуцца да мяне. Я дапамагу, каб яны працавалі бязь лішніх праблемаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG