Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Каваленка: Гэта не дадатак да пэнсіі, а галаўны боль!


Галіна Каваленка
Галіна Каваленка

Прадстаўнікі малога бізнэсу цягам тыдня адказваюць на пытаньне — “Ці лёгка быць у Беларусі прадпрымальнікам?”

Пэнсіянэрка Галіна Каваленка пайшла ў прыватны бізнэс, калі стала пэнсіянэркай. Хацела мець нейкі дадатак да пэнсіі і распачала гандаль жаночымі спадніцамі на Смаленскім кірмашы ў Віцебску.

“Як вы заняліся прыватным бізнэсам? Навошта гэта вам, калі ёсьць гарантаваная пэнсія?”

“Пэнсія такая маленькая, што на яе не пражывеш. Дзецям хацелася дапамагчы, потым унукам. Вось і пачала: спачатку па дробязях — шкарпэткамі гандлявала, потым вось жаночым адзеньнем з Масквы, спадніцамі”.

“Што было для вас самым цяжкім?”


“Напачатку дужа бянтэжылася, было неяк няёмка гандляваць — я ж савецкага выхаваньня яшчэ чалавек. Зараз ужо прызвычаілася, але паўсталі іншыя цяжкасьці: у людзей няма грошай. Вось за ўвесь тыдзень прадала дзьве спадніцы, нагандлявала 129 тысяч. Што гэта за грошы, калі зь іх яшчэ й выдаткі ўсе трэба заплаціць? Людзі падыходзяць, паглядзяць на тавар, здаецца, і падабаецца ім, але не бяруць. Пакупніцкая здольнасьць малая. Гэта і іхныя цяжкасьці, што няма грошай, і мае, вядома”.

“А ці быў нейкі ўрок, які вы вынесьлі са сваёй прадпрымальніцкай дзейнасьці?”

“Пэўна, той, што трэба гэта ўсё кідаць. Ужо шкадую, што ўлезла ў гэтую дзейнасьць. Пайшла б на іншую працу хоць сёньня, але ўжо ў маім узросьце ніхто мяне нікуды ня возьме. Зрэшты, у мяне лецішча яшчэ ёсьць, так што трэба, можа, усё-ткі кідаць гэты занятак”.

“Якую параду вы б далі таму, хто, наадварот, хоча пачаць займацца прыватным бізнэсам?”

“Лепей не пачынаць! Бо з кожным днём усё горш і горш, а патрабаваньняў больш ды больш. Цэтлік ня той на спадніцы, дык ужо й пратакол складаюць, праверкі бясконцыя і штрафы. І так паўсюль, так што й пачынаць ня варта. Вось дачка мая пачала: два гады таму адчыніла прыватную цырульню. Цяпер ня ведае, што зь ёй рабіць. Кліентаў мала, а кошт арэнды аграмадны. Прадаць спрабуе, дык ніхто не бярэ. Калі ёсьць сьмелыя, хто хоча паспрабаваць гэтага хлеба — няхай адкупяць у дачкі цырульню!”

“Якія спакусы, якія памылкі могуць чакаць прадпрымальніка? Чаго б вы параілі пазьбягаць?”

“Пазьбягаць крэдытаў і пазык! Мае дзеці ўзялі крэдыт у далярах, такую памылку зрабілі! Цяпер так цяжка выкручвацца! Раней трохі лягчэй было, а цяпер зусім невыносна”.

“Як вы лічыце, ці трэба браць у свой бізнэс сваякоў, рабіць яго агульным? І як вашыя родныя ставяцца да таго, што вы — прадпрымальніца?”

“Зяць у мяне на дзяржаўнай працы, дык раней пасьмейваўся. Праўда, там ужо таксама мала плацяць, дык цяпер ён мяне разумее. Але які тут агульны бізнэс, калі і ў мяне прыбыткаў няма, і дачка ня ведае, на які профіль дзейнасьці перайсьці? Мяне шкадуе, кажа “сыходзь”, хаця я ім дапамагаю, пэнсію сваю аддаю. І я напраўду вагаюся, ці не сысьці, бо прадпрымальніцтва маё ўжо не дадатак да пэнсіі, а спрэс галаўны боль!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG