Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША не паставяць супрацьракетнага шчыта ў Эўропе


Пратэсты супраць супрацьракетнага шчыта ў Празе
Пратэсты супраць супрацьракетнага шчыта ў Празе

Сёньня прэм’ер-міністар Чэхіі Ян Фішар заявіў, што яму пазваніў амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама і паінфармаваў, што Вашынгтон адмаўляецца ад пляну пабудовы на тэрыторыі Чэхіі радару як часткі сыстэмы супрацьракетнай абароны.


Заява Фішара азначае, што амэрыканцы таксама ня будуць ставіць у Польшчы другую частку сыстэмы, у якую, паводле ранейшых плянаў, уваходзіць база амэрыканскіх ракет-перахопнікаў.

Дамовы паміж ЗША ды Польшчай і Чэхіяй аб пабудове гэтай сыстэмы былі падпісаныя летась, яшчэ за адміністрацыі папярэдніка Абамы, Джорджа Буша.

Афіцыйна Вашынгтон апраўдваў пабудову сыстэмы пагрозай ракетнай атакі супраць сваёй тэрыторыі або Эўропы з боку такіх недружалюбных дзяржаваў, як Іран. Падобная сыстэма абароны – супроць магчымай ракетнай атакі з Паўночнай Карэі – была пабудаваная амэрыканцамі ў Каліфорніі і на Алясцы.

Паводле плянаў адміністрацыі Буша, радар меўся быць пастаўлены на вайсковым палігоне Брды, за 90 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Прагі. Амэрыканскія ракеты-перахопнікі павінны былі стаяць на тэрыторыі былога вайсковага лётнішча ў Радзікове, што знаходзіцца за 20 кілямэтраў ад Балтыйска мора, больш-менш пасярэдзіне польскага ўзьбярэжжа.

Супраць пабудовы гэтай сыстэмы з самага пачатку рашуча пратэставала Расея, даючы зразумець, што сыстэма скіраваная ў першую чаргу супраць яе, а не супраць Ірану, які ня мае такіх ракетаў, якія змаглі б даляцець да Заходняй Эўропы, ня кажучы пра Амэрыку.

І гэтак, паводле сёньняшняга выданьня газэты „Wall Street Journal”, выглядае афіцыйнае амэрыканскае тлумачэньне, чаму Вашынгтон адмаўляецца ад пабудовы супрацьракетнага шчыта ў Чэхіі і Польшчы.

Аднак назіральнікі разглядаюць адмаўленьне Вашынгтону ад пабудовы сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе перш за ўсё як амэрыканскую саступку Расеі і спробу заручыцца падтрымкай Крамля ў вайне амэрыканцаў у Аўганістане ды ў іхніх памкненьнях утаймаваць ядзерныя амбіцыі Ірану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG