Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга пра ўзьяднаньне Беларусі — накладам сто асобнікаў


Савецка-нямецкі парад у Берасьці ў 1939 годзе.
Савецка-нямецкі парад у Берасьці ў 1939 годзе.

Сёньня ў Менску ў Нацыянальным архіве адбылася прэзэнтацыя двухтомнага зборніка дакумэнтаў і матэрыялаў “Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…”

Кніга выйшла накладам сто экзэмпляраў у выдавецтве “Беларуская навука”. Міністэрства інфармацыі выдаваць яе адмовілася, спаслаўшыся на адсутнасьць сродкаў. Таму гэтага дасьледаваньня ня хопіць нават для бібліятэк. Першы том ахоплівае падзеі з 1939 па 1941 год, а другі том — падзеі з 1944-га па 1956-ы. Дырэктар Дэпартамэнту архіваў Уладзімер Адамушка адзначыў:

“Мы сьвядома пайшлі такім шляхам, бо пэрыяд з 1942-га па 1943 год патрабуе адмысловай падрыхтоўкі, адмысловага дасьледаваньня гісторыі, якая тычыцца нашай Беларусі, і зьвязанай з тэрыторыяй Заходняй Беларусі. Тут разнародныя працэсы, якія праходзілі ў гэты час. І насамрэч яны патрабуюць спэцыяльнага дасьледаваньня, якое мы пакідаем для сябе на пэрспэктыву”.

Віталь Скалабан
Адказны за ўкладаньне першага тома Віталь Скалабан адзначае, што кніга добра ілюстраваная, зьмяшчае шэраг унікальных дакумэнтаў. Сярод іх — тыя, якія знайшліся ў расейскіх архівах.

“Атрымалася кніжка, у якой шмат новага. Новае ня толькі таму, што там новыя дакумэнты. Упрыгожаньнем кнігі сталі дакумэнты палітбюро ЦК ВКПб, уключна з матэрыяламі пра калідоры ўлады, пра кухню ўлады, пра тое, як прымаліся тыя ці іншыя рашэньні. Вялікая ўвага была аддадзена людзям, якія бралі ўдзел у гэтых падзеях. Зьмешчаны таксама незвычайны для зборніка дакумэнтаў матэрыял — ліст, напісаны паэтамі Арсеньневай, Танкам, Машарай і Клімковічам у Вялейцы. Гэта першы варыянт ліста. Ён потым перапрацоўваўся ў зьвязку з тым, што Арсеньнева была выслана ў Казахстан”.

Анатоль Вялікі
Укладальнік другога тому Анатоль Вялікі адзначыў, што далучэньне да гэтай тэмы пасьляваенных дакумэнтаў — беспрэцэдэнтны крок, які ламае пэўныя стэрэатыпы.

“Раней панавала такая думка: мы ўзьядналіся ў 1939 годзе. Безумоўна, але ці магло гэта адбыцца ў адзін момант? Аб’ядналася тэрыторыя звыш ста тысяч квадратных кілямэтраў і з насельніцтвам больш чым чатыры мільёны. Тым больш — шматнацыянальная, шматканфэсійная тэрыторыя. Што, яны аднамомантна ўспрынялі факт аб’яданьня? Абсалютна не. Гэта і Армія Краёва, польскае супраціўленьне адразу ўзьнікла. Гэта і частка беларускага заможнага насельніцтва выказала нязгоду з тым, што адбывалася. 39-ты год паклаў пачатак працэсу аб’яднаньня”.

Паводле дакумэнтаў Нацыянальнага архіву, калі Беласточчыну перадалі ў склад Польшчы, там засталіся звыш аднаго мільёна 200 тысяч чалавек. Больш як 270 тысяч чалавек выехалі ў час рэпатрыяцыі 1944-46 гадоў.

“Мы адлюстроўваем у дакумэнтах неадназначныя падыходы насельніцтва да пераўтварэньняў на Заходняй Беларусі. Гэта антысавецкія выказваньні насельніцтва падчас пэўных палітычных кампаній. Тут друкуюцца лістоўкі, якія заклікаюць насельніцтва да непадпарадкаваньня мерапрыемствам, якія ажыцьцяўляла савецкая ўлада ў гэтым рэгіёне”.

Паводле дырэктара Інстытуту гісторыі Аляксандра Кавалені, выданьне кнігі — “вельмі знакавая падзея”. Упершыню ў неангажаваным пляне зроблена спроба паказаць найскладанейшы пэрыяд гісторыі Беларусі. Зь нябыту вяртаюцца тысячы імёнаў, пра якія павінны ведаць у школе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG