Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ад высылкі ў Сібір ці Казахстан удалося неяк адбіцца”


Падзеі верасьня 1939-га згадвае Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Мой аповед – доказ таго, што зусім не для кожнага беларуса, асабліва “заходніка”, вызваленьне Беларусі было вялікім шчасцем – людзі і цэлыя сем’і траплялі з агню ў полымя, з-пад улады аднаго крывасмока ў лапы другога, ня меньш крыважэрнага. У тыя лапы, у якія яны аднойчы ўжо трапілі ў 1939-м…

Але вось мая гісторыя спачатку.

Заходняя Беларусь, 1938 год. Звычайная сялянская сям’я: бацька, маці, чацьвёра дзяцей ад 10 да 24 год (мой герой, тады яшчэ проста Валодзька – старэйшы), дзядуля ды бабуля. Сям’я спраўная, працавітая, даўно арандуе 30 гектараў зямлі ў мясцовага пана. Працуюць усе ад цямна да цямна. Валодзька з 7 год спраўляўся з бараной, з 11 касіў (як даўней казалі, быў “у касе”, “у баране”). Доўгія гады сям’я ашчаджала грошы, каб набыць сваю зямлю. Дамовіліся з панам на арандаваныя 30 гектараў – па 120 рублёў за гектар, залатымі царскімі манетамі. Усяго, значыцца, 3600 рублёў золатам.

І вось сёлета, у 38-м, патрэбныя грошы сабраныя. Праўда, давялося крыху пазычыць.

Дзядзька Валодзя праз многа год казаў мне: “Мы з бацькам занеслі пану мех золата.” Зараз ужо дакладна невядома, якімі манетамі разлічваліся, а тады я не распытаў. Калі гэта былі чырвонцы (а, як вядома, царскі залаты чырвонец меў вартасьць 3 рублі і важыў 4 грамы), то мех мог важыць 4,8 кілаграмы. Складаней з імпэрыяламі – вага імпэрыяла была каля 11,6 грамаў, але намінал яго да 1897 году быў 10 рублёў, а з 1897 – 15. Калі браць вартасць 15 рублёў, то золата важыла каля 2,54 кілаграмы, калі 10 – то 3,81 кілаграмы. У любым выпадку нямала. Колькі гэта на сянняшнія грошы?

***

Тут хачу зрабіць заўвагу: пан, відаць, быў больш дасьведчаны ў міжнародным становішчы, чым простыя сяляне. Таму і “збываў” зямю, прычым браў золатам.

Усе паперы былі аформленыя належным чынам. У якасьці прызу пан прэзэнтаваў валодзькаваму бацьку шыкоўнае, плеценае з лазы, крэсла.

Зямля была добрая, урадлівая, была і сенажаць, і паша. З усходу і поўначы мяжа надзелу праходзіла па пакручастай рачулцы, хаця й невялічкай, але багатай на рыбу. Там часам мог трапіцца і паўпудовы шчупак. З захаду – бераг возера, у якім вадзіўся і сом, і вугор (цяпер няма ні таго, ні другога).

Але нядоўга парадавалася сям’я новаму набытку. Надыйшоў чорны 1939 год. Увосень прыйшлі нейкія жаўнеры з чырвонымі зоркамі і абвясцілі сям’і, што зямля цяпер ня іхная. Бацька паказаў дакумэнты і сказаў, што зямля куплена па закону. Галоўны з афіцэраў зарагатаў, парваў паперы на дробненькія шматочкі і сказаў, што бацька і ўся ягоная сям’я – ворагі народу…
“Прыйшлі таварышы і сказалі нам “здраствуйце””…

(Цікава, які народ меў на ўвазе той афіцэр? Праз многа год дзядзька Валодзя казаў: “Прыйшлі таварышы і сказалі нам “здраствуйце””…)

Бацька крыху крануўся розумам. Нічога не рабіў, толькі сядзеў днямі ў падораным панам крэсьле і нешта сам сабе ціхенька шаптаў. Праз год ён патроху ачуняў.

Але тут прыйшла новая бяда. Старэйшага сына, Валодзьку, забралі ў войска і павезьлі на захад, будаваць умацаваньні на новай мяжы. Так званую “лінію Молатава”. Каб бараніць тую ўладу, якая абабрала сям’ю да ніткі і абвясьціла ворагамі невядома якога народу…

Ня буду распавядаць, як надыйшло 22 чэрвеня 1941, як Валодзька быў паранены і кантужаны ў першым баі, як дабрыў да нейкага хутару, як яго падабралі, далі цывільную вопратку і выдалі за далёкага сваяка. Ён добра ведаў па-польску (а як жа, столькі год жыў пад Польшчай). Калі крыху ачуняў, пачаў дапамагаць па гаспадарцы. Так прайшло месяцы са два. Потым Валодзька развітаўся з прытуліўшымі яго палякамі, якія прапаноўвалі заставацца, і пайшоў дадому. Ня буду распавядаць, як без дакумэнтаў прабіраўся па акупаванай тэрыторыі, як трапіў у нейкі лягер для ваеннапалонных, зь якога, аднак, праз два дні ўдалося вызваліцца з дапамогай мясцовай жыхаркі, таксама полькі. Жанчына выдала яго за свайго сваяка, справіла патрэбныя паперы. Адным словам, адолеўшы пехатою каля 500 кіламэтраў, Валодзька дабраўся дадому…

Скончылася вайна. Зноў прыйшлі саветы. І тут у “заходняй” (так часам коратка называюць Заходнюю Беларусь) пачалося тое, што на ўсход ад Заходняй даўно скончылася: раскулачваньне. Зямлю абрэзалі ледзь не па самыя вокны хаты, у якой жыла сям’я. Абклалі непад’ёмным падаткам, які невядома чым было плаціць. Хутка стварылі калгас, у які, аднак, сям’ю не прымалі: кулакі. Карацей кажучы, хоць кладзіся ды памірай.

Але прыроджаныя якасьці бізнесмена, камунікабэльнасьць, прыязнасць дзядзькі Валодзі на нейкі час уратавалі становішча.

Разбураная краіна пачыналала адбудоўвацца. І дзядзька Валодзя, ацаніўшы сытуацыю, едзе на цудам уратаваным падчас вайны коніку ў даволі далёкі і незнаёмы Полацк, купляе на апошнія грошы скрыню шкла, і едзе па вёсках шкліць людзям вокны.

Паслуга мела вялізны попыт, пасыпаліся заказы. Праз некаторы час у сям’і завяліся грошы, на якія і заплацілі падатак, і жылі. Ратавала таксама возера і лес – рыба, грыбы, ягады былі на стале нявыводныя, гэтым займаліся ў асноўным малодшы брат і сёстры.

Але ўсё добрае калі небудзь канчаецца, пасьля белай паласы пачынаецца чорная. Сям’ю прызначылі да высылкі туды, дзе згінулі тысячы і тысячы лепшых расейскіх, украінскіх, беларускіх сялян.

Але Бог ды добрыя людзі і тут засланілі. Аднавяскоўцы дружна паказалі сьледчым, што сям’я не карысталася наёмнай працай, а значыцца, пад кулакоў не падпадае. Дзядзька Валодзя, якому тады было ўжо за трыццаць, зноў скарыстаўся сваімі выдатнымі дзелавымі якасьцямі. Выгнаўшы ладнай самагонкі, адкроіўшы ладную лусту сала, захінуўшы ў саматканую насатку ладную лусту грошай, ён пакрочыў у вобласьць, дакладней – у Полацк (пасьля вайны Полацк быў абласным цэнтрам). Пайшоў пехатою, бо маршруткі тады не хадзілі. Ці то з Боскай дапамогай, ці то дзякуючы важкім аргумэнтам з заплечніка, ад высылкі ў Сібір ці Казахстан удалося неяк адбіцца.

І вось тут пачынаецца самае цікавае. Я б нават сказаў, сьмешнае.

Мяркую, паважаны чытач знаёмы з салдатам Іванам Чонкіным, героем раману Ўладзімера Вайновіча? Памятаеце эпізод, калі генерал Дрынаў узнагароджвае Чонкіна ордэнам Баявога Чырвонага сцягу, а літаральна праз хвіліну лейтэнант-энкавэдзіст аддзірае “з мясам” ордэн з гімнасцёркі Чонкіна і арыштоўвае яго?

Нешта падобнае, толькі з дакладнасцю да наадварот, адбылося і з маім героем.

Праз некаторы час высьветлілася, што непад’ёмны падатак быў налічаны на сям’ю няправільна. Дзядзьку Валодзю выклікалі ў раён і… вярнулі грошы! Праз многа год ён казаў мне: “Грошай было ў мяне, як трэсак”.

З асабістага досьведу ведаю, што нашая сяньняшняя падатковая хутчэй задушыцца, але грошай у такім выпадку ня верне.

А вось цяпер, паважаны чытач, моцна трымайся за крэсла, каб не зваліцца зь яго ад сьмеху!

У хуткім часе дзядзьку Валодзю зноў выклікалі ў раён.

Навошта, спытаеце Вы? Што ім там яшчэ спатрэбілася?
То ворагам народу абвясьцілі, у Сібір ледзь не саслалі разам з сям’ёй, а то адразу ў старшыні калгасу!

Дзядзьку Валодзю прапанавалі… узначаліць мясцовы калгас! Часова.

Вось табе маеш! То ворагам народу абвясьцілі, у Сібір ледзь не саслалі разам з сям’ёй, а то адразу ў старшыні калгасу!

Праўда, прастаршынстваваў дзядзька Валодзя нядоўга. Справы ў ягоным калгасе пайшлі няблага, але занадта няблага. Пабачыўшы, што новы сташыня спраўляецца, да калгасу далучылі суседні, “адстаюшчы”. А тады калгасы былі ня тое, што цяпер, тады была звычайна адна вёска – адзін калгас. Дзядзька Валодзя ўбачыў, што справы дрэнь, і ўзмаліўся, каб адпусьцілі: маўляў, малаграматны, мае толькі чатыры клясы польскай школы. Так, адбыўшы старшынёй два гады, мой герой пазбавіўся нялюбай пасады. Але ўзначаліць ферму яго ўсё ж угаварылі, і загадчыкам фермы ён адпрацаваў больш за 25 год, да самай пэнсіі.

Вось такая гісторыя. Добра, што скончылася яна шчасьліва. А колькі чалавечых лёсаў у Заходняй Беларусі паламала ня столькі сама вайна, а вызваленьне, ці далучэньне Заходняй Беларусі да СССР у 1939-м? Праўда, для перадачы “Паштовая скрынка” гісторыя атрымалася занадта доўгая, але можа, паважаны Валянцін, што небудзь Вам і спатрэбіцца.

Я вось думаю для нашчадкаў дзядзькі Валодзі скласьці пра яго нешта накшталт кніжкі. Толькі, канешне, выдаваць яе я не зьбіраюся, а проста надрукую асобнікаў дзесятак для ўнукаў ды праўнукаў. Гэта будзе цыкл апавяданьняў з адным і тым жа героем – простым селянінам дзядзькам Валодзем, зь якім адбылося многа розных незвычайных гісторый і якія ўсе захоўваюцца ў маёй памяці…”

Артаграфія і пуктуацыя аўтара захаваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG