Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За скіслае малако ваяваць ня варта


Вакацыйны сэзон у беларускай палітыцы зацягнуўся, і ўсе, чаго хаваць, крыху затужылі за нечым такім, што можна было б прааналізаваць, пракамэнтаваць або проста адзначыць з пэўнай дозай асабістага суперажываньня, а ня толькі з набрыдлай рутынай.


І вось той, хто робіць палітыку ў Беларусі, выканаў першы пасьлявакацыйны палітычны целарух — даў інтэрвію ІТАР-ТАСС Зьявілася самае тое, чаго ўся журналісцкая братва чакала цягам усяго лета. Як цяпер стала модна гаварыць, зьявілася „самае маё”, то бок, беларускае, непаўторнае, сашаколевае...

Пра гіпатэтычны душэўны стан спадарыні Ярмошынай Лідзіі пасьля гэтага інтэрвію я пісаць ня буду. І ня буду аналізаваць, па-мойму, крыху гіпэрбалізаванае выліваньне прэзыдэнцкіх бацькоўскіх пачуцьцяў у мэдыйную прастору. (Хоць не магу не паставіць рытарычнага пытаньня, чаму ў гэтым гіпэрпачуцьцёвым струмені не знайшлося ні кроплі згадкі пра маму Колі, ня кажучы пра нейкую кроплю пачуцьця да яе. Магчыма, тут свая інтрыга — як пра сапраўдныя вынікі выбараў 2006 году, так і тут мы калісь наўзьдзіў сабе можам дазнацца з вуснаў гэтага самага аўтара, што Коля не ад мамы, а ад бацькі і ад... аўтацэнзура не дазваляе мне напісаць гэтае наогул вядомае імя.)

Але маё вока зачапілася за месца ў інтэрвію, дзе беларускі прэзыдэнт тлумачыць, за што беларусам варта ваяваць у Казахстане ды наогул у іншых эўраазіяцкіх прасторах, што цяпер акрэсьліваюцца абрэвіятурай АДКБ. Вось яно, тое месца, expressis verbis:

„Вы ў мяне запытаеце, куды мы пайшлі — на Захад, на Ўсход. Вось яскравы прыклад — АДКБ. Пішуць: Лукашэнка з Расеяй будзе таргавацца, перш чым падпісаць пастанову, рашэньне АДКБ аб супольных узброеных сілах. Я ніколі сьвятым не гандлюю. Я толькі паставіў пытаньне: мы ствараем, як Эўразьвяз НАТО стварыў, мы ствараем вайсковую арганізацыю і дамаўляемся аб тым, што, ня дай Божа, калі нешта зь Беларусьсю, дык і казахі, і расіяне, і ўсе, хто ў АДКБ, армяне, будуць тут ваяваць за Беларусь? Ня дай Божа, нешта здарыцца ў Расеі, там мы, беларусы, і іншыя будзем ваяваць за ўсіх. Гэта нармальны прынцып, як у Эўропе НАТО. Але я адразу стаўлю пытаньне: хлопцы, зьвяртаючыся да Назарбаева, скажыце мне, калі ласка, за што мае хлопцы будуць ваяваць у Казахстане? Ну вось скажыце, як мне маці растлумачыць потым, што я пасылаю яе сына, часам адзінага, ваяваць далёка ад Беларусі? За што? Адзіны рынак энэрганосьбітаў, адзіны рынак для продажы? Ад чаго залежыць жыцьцё людзей? Не. Па прыродным газе нам за два гады тры разы цэны павысілі... Я ўжо даваў прыклад — спачатку цукар, потым кандытарскія вырабы, а потым малако ў Расею не пусьцілі. Проста іменем рэвалюцыі сквасілі гэтае малако, вылілі і пасадзілі ўсе нашы гаспадаркі. Скажыце, Эўрасаюз так сябе паводзіць? Не. Яны разумеюць, за што яны будуць ваяваць, а мы за што ставім пад пытаньне жыцьці нашых грамадзян?”

Тут усё зваленае ў адну кучу — і цукар, і цукеркі, і Казахстан, і Расея, і нават армяне згадваюцца. Як заўсёды ў беларускага кіраўніка, цяжка разабрацца ў дэталях і адшукаць строгую, матэматычную лёгіку ў цэлым, але галоўны пасыл — так бы мовіць, пазалягічны мэсыдж — ясны. Усё ў гэтым сьвеце мае сваю цану. Нават сьвятое, якім мы не гандлюем. Мы сьвятым не гандлюем, але яно мае сваю цану, аб чым не забывайце. І гэтая надпрыродная цана пэўным мэтафізычным чынам увязваецца з цаною прыроднага газу.

Новае — гэта забытае старое. За апошнія 15 гадоў А.Р.Лукашэнка нагаварыў столькі і такога, што цяжка ў ягоных цяперашніх слоўных выліваньнях знайсьці нешта, што ён ужо калісьці ў нейкай відазьмененай форме не сказаў. Аднак зьвярніце ўвагу, у якім кантэксьце беларускі кіраўнік цяпер ужывае словы „Эўразьвяз”, „Эўропа”, „НАТО”. Паняцьці, які раней Лукашэнку служылі выключна як ганьбавальныя словы або эўфэмізмы замест прамога мату, цяпер служаць як эталёны палітычна-сацыяльнай рэальнасьці, да якой пажадана імкнуцца, калі ня ўсёй гэтай эўраазіяцкай кампаніі, дык хаця б „рускім са знакам якасьці”. Гэта новае, або — не зусім каб старое. У мазгах таты Колі нешта перашавялілася ў іншы бок, чым звычайна...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG