Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаму і Мядзьведзева просяць заступіцца за Аўтуховіча


Беларускія праваабаронцы пачалі збор подпісаў пад зваротам да лідэраў замежных краін у падтрымку ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і іншых беларускіх палітвязьняў.


Пра збор подпісаў было абвешчана сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску. Падтрымкі для Мікалая Аўтуховіча просяць у прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Барака Абамы і Дзьмітрыя Мядзьведзева, старшыні Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэля Барозу і прэм’ера Швэцыі, дзейнага прэзыдэнта Эўрапейскага Саюзу Фрэдрыка Рэйнфэльта. Зварот рыхтуецца ў абарону Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі і актывіста “Маладога фронту”Арцёма Дубскага, якіх, як лічаць праваабаронцы, беларускія ўлады трымаюць пад вартай з палітычных прычын.

Адносна справы Аўтуховіча, Асіпенкі і Лявонава актывісты просяць правесьці незалежнае міжнароднае расьсьледаваньне, бо не давяраюць беларускім сьледчым і судзьдзям. Актывіст Аляксандар Камароўскі настойвае на адкрытасьці працэсу:

“Калі зрабілі злачынства, то судзіце, але адкрытым судом. Чаму, калі ёсьць нейкія падводныя цячэньні, то адразу робяць закрыты працэс? Які тут сакрэт? Адзіны, што творыцца беззаконьне — вось сакрэт”.

Аўтары звароту просяць заступіцца і за Арцёма Дубскага, якога ў сьвеце лічаць вязьнем сумленьня.

Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку абвінавачваюць у падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. У ліпені МУС распаўсюдзіў зьвесткі, паводле якіх Мікалай Аўтуховіч падазраецца яшчэ і ў падрыхтоўцы замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку ды намесьніка міністра падаткаў і збораў Віктара Камянко. Як ставіцца да гэтых падазрэньняў Мікалай Аўтуховіч — невядома, бо нават адвакату забаронена выказвацца на гэтую тэму.

Адвакат Павал Сапелка, які даў падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва ў справе Аўтуховіча, ўчора сустрэўся са сваім падабаронным. Ён не патлумачыў, ці быў ягоны візыт зьвязаны зь нейкімі сьледчымі дзеяньнямі з удзелам Аўтуховіча, альбо гэта проста наведваньне падабароннага. Пра здароўе Мікалая Аўтуховіча адвакат сказаў коратка: “Жывы-здаровы”. Павал Сапелка паведаміў, што вагі Аўтуховіч пакуль не набірае.

Адвакат Сапелка: “Нешта пачаў есьці паціху”.

Карэспандэнт: “А збольшага пачуваецца лепей?”

Адвакат Сапелка: “Так, канечне. Але яго яшчэ ўтрымліваюць у мэдычнай частцы пад наглядам мэдыкаў”.

Разам зь Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам на “Валадарцы” паўгода трымалі Юрыя Лявонава, які раней працаваў намесьнікам Аўтуховіча ў ягонай былой фірме “Ніка транс”. 8 жніўня Лявонава вызвалілі пад падпіску пра нявыезд. Сёньня ў штаб-кватэры БНФ прадпрымальнік ладзіў прэсавую канфэрэнцыю:

Юры Лявонаў распавядае пра справу Аўтуховіча
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:00 0:00


“Што асабіста да мяне, чаму мяне вызвалілі, а хлопцы застаюцца, то мне патлумачылі, што сьледчыя дзеяньні з маім удзелам скончыліся. Маўляў, цікаўнасьці да мяне больш няма. Маю на ўвазе справу пра падпал. Але ў гэтай справе я не бачу роляў і Аўтуховіча з Асіпенкам. Не магу казаць пра іншыя эпізоды, якія нібыта далучаныя, бо дакладна пра іх ня ведаю. Мяне па іх не дапытвалі і я ніякай інфармацыяй не валодаю”.

Юры Лявонаў пацьвердзіў, што яму невядомыя падрабязнасьці справы пра тэрарызм, а таксама тое, ці выставілі Мікалаю Аўтуховічу абвінавачаньне ў тэрарызьме або ён застаецца толькі падазроным у гэтай справе. Юры Лявонаў мяркуе, што калі б доказы віны Аўтуховіча былі, то абвінавачаньне б выставілі і пра гэта абвясьцілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG