Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыя Лявонава выпусьцілі з турмы


Юры Лявонаў
Юры Лявонаў

Ваўкавыскі прадпрымальнік выйшаў на волю 8 жніўня


«Учора увечары бацька прыйшоў дахаты. Мы не маглі ў гэта паверыць. Вось так проста зазваніў дамафон, мы паднялі трубку і пачулі голас бацькі. Зайшоўшы ў хату, ён проста сказаў: «Я прыйшоў дахаты, мяне адпусьцілі». Чаму яго вызвалілі, бацька пакуль не кажа. Думаю, што заўтра-пазаўтра ён сам усё распавядзе журналістам. Упэўнена, што яму ёсьць што распавесьці», -- распавяла Хартыі-97 дачка Лявонава Юлія.

Юлія Лявонава паведаміла Свабодзе, што бацька абавязкова сустрэнецца з журналістамі, але “сёньня да 18.00 ён заняты”.

8 жніўня сьледзтва павінна было вырашыць, ці падаўжаць тэрмін утрыманьня ваўкавыскіх прадпрымальнікаў пад вартай.

Павал Сапелка
, адвакат Мікалая Аўтуховіча, у інтэрвію БелаПАН зазначыў, што адваката пра прадаўжэньне тэрміну ўтрыманьня пад вартай не інфармуюць — згодна з законам знаёмяць з гэтым рашэньнем толькі падабароннага.

“Я зьвяртаўся з хадайніцтвам да намесьніка генэральнага пракурора пра тое, каб Лявонаву была зьменена мера ўтрыманьня на падпіску пра нявыезд. Мабыць, гэта хадайніцтва задаволілі", — сказаў Вадзім Мушынскі, адвакат Юрыя Лявонава.

Мушынскі мяркуе, што з Лявонава узялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва. "Такая падпіска была ўзята з усіх адвакатаў, і, напэўна, з Лявонава таксама. Аднак на 100 адсоткаў сьцьвярджаць гэтага я не магу, паколькі з ім яшчэ не сустракаўся”.

Тамара Сідарэнка, адвакатка Ўладзімера Асіпенкі, таксама зьвярталася ў пракуратуру: "Я пісала хадайніцтва пра вызваленьне яго з-пад варты на падпіску пра нявыезд. Хадайніцтва не задаволілі".

10 жніўня адвакаты Павал Сапелка і Тамара Сідарэнка плянуюць сустрэцца са сваімі падабароннымі Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам.

Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Мікалай Аўтуховіч, як і ягоныя сябры, вінаватым сябе не прызнае. З 16 красавіка па 16 ліпеня прадпрымальнік трымаў галадоўку пратэсту. Празь некалькі дзён пасьля таго, як Аўтуховіч спыніў галадоўку, МУС распаўсюдзіў зьвесткі, паводле якіх прадпрымальнік фігуруе яшчэ ў адной крымінальнай справе — аб падрыхтоўцы замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Віктара Камянко.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG