Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Асіпенка сам рыхтуе справу для сьледчых


Уладзімер Асіпенка
Уладзімер Асіпенка
Ваўкавыскім прадпрымальнікам падоўжылі тэрмін сьледзтва яшчэ на два месяцы. 8 лютага Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку арыштавалі і абвінавацілі ў наўмысным пашкоджаньні маёмасьці. Ад 16 красавіка па 16 ліпеня Ўладзімер Аўтуховіч трымаў галадоўку пратэсту. 8 жніўня Юрыю Лявонаву зьмянілі меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд.

Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенку будуць трымаць за кратамі сьледчага ізалятара як мінімум да 8 кастрычніка. 8 жніўня споўнілася паўгода, як яны разам зь Юрыем Лявонавым трапілі ў камэру ў якасьці падазраваных у падпале дома былога кіраўніка ваўкавыскай міліцыі і супрацоўніка падатковай інспэкцыі. Усім тром прад’явілі абвінавачаньне ў наўмысным пашкоджаньні маёмасьці.

За той час, што Мікалай Аўтуховіч быў за кратамі, супраць яго і яшчэ некалькіх асобаў распачалі крымінальныя справы. Гэтым разам Мікалая Аўтуховіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту.

Справу вядзе галоўнае сьледчае ўпраўленьне Міністэрства ўнутраных спраў. Паводле сьледчых, Аўтуховіч арганізаваў падрыхтоўку забойства старшыні гарадзенскага аблвыканкаму. Апроч таго, яны лічаць, што ў 2005 годзе ён рыхтаваў замах на жыцьцё намесьніка міністра падаткаў і збораў.

Цяпер Мікалай Аўтуховіч выходзіць з галадоўкі, якую трымаў 91 дзень. Паводле турэмных мэдыкаў, ён пачаў есьці тую ежу, якую прапісваюць усім пацыентам шпіталя дзеля рэабілітацыі пасьля галадоўкі.

Адвакатка Тамара Сідарэнка наведала свайго падабароннага Ўладзімера Асіпенку:

“Ён знаходзіцца ў камэры, у якой, паводле ягоных выказваньняў, людзі даволі прыстойныя, якія пабывалі за мяжой. Яму цікава зь імі. Ён гуляе там у шахматы. Казаў, што на чакалядкі.

Асіпенка цяпер займаецца справай, якую хоча давесьці да канца і перадаць у адпаведныя структуры. Ён лічыць, што трапіў за краты з-за свайго былога кіраўніцтва з падатковай інспэкцыі, у якой раней працаваў. Прыгадаў, што раней справа супраць гэтых кіраўнікоў была распачата, але потым спынілася. Ён лічыць, што з боку кіраўніцтва падатковай інспэкцыі былі грубыя парушэньні, на якія падчас разгляду крымінальнай справы заплюшчылі вочы.

Цяпер ён у больш-менш добрай фізычнай форме. Робіць зарадку. Імкнецца заняць сябе. Паводле маіх назіраньняў, час зьняволеньня на чалавеку адбіваецца. Але ён намагаецца, каб не згубіцца, і ў яго гэта пакуль атрымліваецца”.

Да 8 кастрычніка Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка будуць знаходзіцца ў Менскім сьледчым ізалятары. Калі справу перададуць у суд, то іх будуць вазіць на працэс у суправаджэньні аховы. Калі ж сьледчыя не завершаць расьсьледаваньня, то тэрмін сьледзтва зноў падоўжаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG