Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз, атручаны газам і падмочаны малаком


Кіраўніцтва Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі заяўляе, што ў выніку кансультацый удалося знайсьці рашэньне наконт імпарту беларускіх малочных прадуктаў у расейскі гандаль. Маўляў, Беларусь на бліжэйшыя паўгода спыніць пастаўкі ў Расею сухога малака, аднак павялічацца аб’ёмы тварагу, сыру і масла. Аднак беларускі бок акцэнтуе ўвагу на тым, што застаюцца ня вырашанымі тэхнічныя праблемы, якія па-за кампэтэнцыяй Мінсельгасхарчу з-за якіх аднаўленьне паставак пакуль немагчымае.


Міністар сельскай гаспадаркі Расеі Алена Скрыньнік сёньня паведаміла, што на ўзроўні галіновых міністэрстваў дзьвюх краінаў падпісанае пагадненьне аб пастаўках малочнай прадукцыі, вырабленай у Беларусі.

Аднак у беларускім сельскагаспадарчым ведамстве пакуль слаба ўяўляюць, якім чынам будзе выконвацца гэты мэханізм. Напярэдадні кіраўнік “Роспотребнадзора” Генадзь Анішчанка адмовіўся прыняць беларускую дэлегацыю на чале з намесьнікам міністра Міхаілам Савельевым. У выніку другая запар камандзіроўка ў Маскву скончылася для перамоўнікаў безвынікова. Між тым, як удакладняе памочнік міністра Казімір Раманоўскі, менавіта ад “Роспотребнадзора” залежыць, як хутка беларускае малако вернецца ў Расею: 6 чэрвеня ведамства ўвяло абмежаваньні практычна на ўсе малочныя прадукты, бо пастаўшчыкі не перааформілі дакумэнты згодна з новым тэхрэглямэнтам:

“Намесьнік міністра ўпаўнаважаны на перамовы, але не ўпаўнаважаны адказваць за таго, хто зь ім учора адмовіўся гэтыя перамовы весьці. Адразу пагадзіўся, а потым нечакана адмовіўся. Справа ў тым, што гэтае пытаньне ўсё ж у межах кампэтэнцыі Анішчанкі… Думаю, што пытаньне ўрэшце вырашыцца, як жа інакш? Калі ўжо Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі запэўнівае, што сытуацыя будзе ўрэгуляваная, то, значыць, будуць вырашаць і на іншых узроўнях”.

Сёньня ж, пазьней, Алена Скрыньнік прызнала, што пытаньне адпаведнасьці беларускай малочнай прадукцыі патрабаваньням расейскага закону насамрэч “да канца не ўрэгуляванае”. Перадусім, паводле словаў чыноўніцы, павінны быць уніфікаваныя нарматыўна-прававыя акты ў сфэры тэхнічнага рэгуляваньня. А дзеля гэтага запатрабуюцца новыя перамовы.

Аднак беларускія ўлады, не чакаючы вынікаў перамоўнага працэсу, абвясьцілі пра ўвядзеньне ўзмоцненага мытнага кантролю на мяжы з Расеяй. Тым часам зьявілася непацьверджаная інфармацыя, што Смаленская мытня нібыта дала дазвол на правоз у Расею беларускай малочнай прадукцыі. На самой мытні такіх зьвестак не пацьвердзілі. Прадстаўніца берасьцейскага прадпрыемства “Савушкін прадукт” Алена Бабкіна таксама апавяла, што, пачынаючы ад мінулага тыдня, сытуацыя з экспартам прадукцыі не зьмяняецца:

“Інфармацыя такая насамрэч прайшла, але па сваіх крыніцах яе пакуль я не пацьвердзіла, няма такіх дакладных дадзеных. Прынамсі, пакуль што ніякіх зьменаў няма. Мы як спынілі пастаўкі на мінулым тыдні, так яны дагэтуль не адноўленыя”.

Экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў схільны лічыць, што цяпер паміж бакамі адбываецца палітычны гандаль. Пры гэтым кожны намагаецца вытаргаваць найбольш выгадныя ўмовы на пэрспэктыву:

“Тут пра штосьці можна здагадвацца, а пра нейкія падводныя камяні зусім ня ведаць. Адзінае відавочна, што дагэтуль такога кшталту санкцыі супраць Беларусі не ўжываліся. Так што выснову можаце зрабіць самі, які тут элемэнт палітыкі. Але нагоду да такой вайны далі мы самі. Анішчанка ж пра ўсё дакладна давёў, расказаў. Беларускі бок патрабаваньні праігнараваў у спадзяваньні на традыцыйнае “авось”. А калі нагода ёсьць, то неадкладна пачынаецца барацьба за рынак”.

У Маскве адказнасьць за малочны канфлікт збольшага ўзвальваюць на Беларусь. Хіба што асобныя палітыкі кшталту маскоўскага мэра Юрыя Лужкова ці сьпікера Савету Фэдэрацыі Расеі Сяргея Міронавазаклікаюць расейскія ўлады пакінуць Беларусь у спакоі. Між тым дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі, кіраўнік думскага камітэту ў справах СНД Аляксей Астроўскі лічыць: у малочным канфлікце беларускае кіраўніцтва ў асобе Аляксандра Лукашэнкі страціць шмат дывідэндаў сярод расейцаў, якія ў масе сваёй прыхільна ставяцца да беларускага “бацькі”:

“Тыя захады, да якіх апошнім часам зьвяртаецца кіраўніцтва Беларусі, прынясуць выключную шкоду самой Беларусі. Бо падобнымі дзеяньнямі кіраўніцтва краіны само зацягвае працэс стварэньня Саюзнай дзяржавы і само заганяе сябе ў кут — адкуль, на жаль, потым будзе вельмі складана знайсьці выхад”.

У прэсавай службе “Роспотребнадзора” пра магчымасьць аднаўленьня перамоваў наконт паставак беларускага малака ў Расею нічога не паведамляюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG