Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея памагала Беларусі пачаць дыялёг з Эўропай”


Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў сёньня пракамэнтаваў апошнія спрэчкі паміж беларускімі і расейскімі чыноўнікамі наконт бар’ераў для паставак у Расею сельскагаспадарчай тэхнікі і беларускага малака, а таксама выдзяленьня Беларусі апошняй траншы расейскага крэдыту памерам у 500 мільёнаў даляраў.

СЛУХАЦЬ:


Аляксандар Сурыкаў усяляк імкнуўся згладзіць вастрыню апошніх супярэчнасьцяў паміж Масквой і Менскам, казаў пра магчымасьць іх вырашэньня, шукаў пазытыўныя аспэкты ў дачыненьнях. Адказваючы на пытаньне пра так званую малочную вайну, выкліканую забаронай Расеі на імпарт большасьці беларускіх малочных прадуктаў, спадар Сурыкаў зазначыў, што за першы квартал гэтага году беларускіх малочных тавараў у Расею было пастаўлена на 37 працэнтаў больш, чым летась. Ён, аднак, прызнаў, што ёсьць некаторыя пытаньні, зьвязаныя з тым, што летась у Расеі ўступіў у сілу новы тэхнічны рэглямэнт, зьвязаны з прыняцьцем закону аб малочнай прадукцыі, падзеленай на натуральную малочную прадукцыю і ўзноўленую — з сухога малака:
Галоўнае. каб там не патруціліся людзі ...

“Гэтыя калізіі цяпер пераадольваюць наглядныя органы Беларусі і Расеі і ў першую чаргу прадпрыемствы, якія пастаўляюць на рынкі Расеі альбо Беларусі малочную прадукцыю. Вось і ўсё пытаньне. Калізійны пэрыяд, безумоўна, скончыцца. Галоўнае тут — абарона інтарэсаў спажыўцоў, каб там не патруціліся людзі і спажывалі больш якасную малочную прадукцыю”.

Спадар Сурыкаў пры гэтым прызнаў, што ён сам спажывае беларускую малочную прадукцыю.

“Усё ідзе сваім парадкам. Але прэсе заўсёды цікава мусіраваць “смажаныя” фактурныя матэрыялы, і я ледзьве не захлынуўся ў гэтым малацэ папяровым...”

Пытаньне выдзяленьня Беларусі апошняй траншы крэдыту ў 500 мільёнаў даляраў, якое выклікала сварку паміж А.Кудрыным і А. Лукашэнкам, таксама вырашаецца, зазначыў спадар Сурыкаў:

“Расея ж не адмовіла ў іх выдзяленьні. Але, улічваючы крызісную сытуацыю, проста міністар фінансаў Расеі зазначыў: давайце мы яшчэ месяц палічым магчымасьці разьліку. Такім чынам, гэтае пытаньне не закрытае”.

Спадар Сурыкаў ня выключыў, што гэтыя грошы могуць быць выдзеленыя Беларусі з антыкрызіснага фонту ЭўрАзЭС, куды Беларусь яшчэ ня ўнесла сваіх складак.

Праблему бар’ераў для паставак у Расею беларускай тэхнікі спадар Сурыкаў патлумачыў аб’ектыўнымі прычынамі:

“Калі скукожыўся пакупніцкі попыт на рынку Расейскай Фэдэрацыі, ніякімі намаганьнямі ўраду яго тэрмінова ня выправіш. Вядома, я разумею крыўды МАЗа, які ня можа тую ж колькасьць машын рэалізаваць, як летась. Але вытворчасьць на расейскім КАМАЗе ўпала ў першым квартале на 80 працэнтаў!”

На пытаньне пра стаўленьне да новага, заходняга ўхілу беларускай зьнешняй палітыкі спадар Сурыкаў адказаў:
мы атрымліваем яшчэ адзін голас на дадатак да расейскага ў эўрапейскіх структурах ...

“Расея дапамагала Беларусі пачаць дыялёг з Эўропай. І я гэтаму сьведка і нават удзельнік. Мы лічым, што гэта правільна — краіна ня можа быць у ізаляцыі. Пры гэтым мы атрымліваем яшчэ адзін голас на дадатак да расейскага ў эўрапейскіх структурах. Але пра зьмену вэктара зьнешняй палітыкі гаворка ня йдзе. Ёсьць нейкія крыўды, вядома. Бывае...”

Пры гэтым амбасадар Сурыкаў заклікаў палітыкаў вырашаць усе спрэчныя пытаньні, не парушаючы добрасуседзкіх двухбаковых і шматбаковых дачыненьняў.

Расейскі амбасадар ня змог паведаміць, ці прыедзе прэзыдэнт Мядзьведзеў у Менск на сьвяткаваньне 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі. А на пытаньне, дзе большая свабода слова — у Беларусі ці ў Расеі, — адказаў:

“Думаю, што някепска было б, каб і там, і там было болей”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG