Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка перапісаў бюджэт пад крызіс


Прэзыдэнт Беларусі падпісаў указ № 264, якім удакладнены асобныя паказьнікі бюджэту. Даходы і расходы рэспубліканскага бюджэту на 2009 год зацьверджаны ў суме 54,9 трыльёны беларускіх рублёў пры нулявым дэфіцыце.

Прадугледжана скарачэньне расходаў на набыцьцё тавараў доўгатэрміновага карыстаньня і капітальныя рамонты. Зь іншага боку, плянуецца павялічыць расходы фонду падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, на ліміт замежнага дзяржаўнага доўгу, на аказаньне фінансавай дапамогі індывыдуальным прадпрымальнікам ды іншае.

Эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што сваім указам пра карэкціроўку бюджэту Аляксандра Лукашэнка фактычна прызнаў нэгатыўны ўплыў крызісу на эканоміку Беларусі.

Яраслаў Раманчук
Раманчук: “Пакуль я ня бачыў увесь указ, але мяркую, што ў адпаведнасьці з тымі праектамі, якія былі, ён адпавядае прапанове міністра фінансаў пра скарачэньне намінальных выдаткаў бюджэту недзе на 18-20 працэнтаў. Гэта прызнаньне наяўнасьці крызісу, гэта прызнаньне таго, што рэальнага росту заробкаў і пэнсіяў сёлета ня будзе, і гэта скарачэньне многіх інвэстыцыйных праграмаў.

Гэта першы па сутнасьці дакумэнт, які прызнае крызіс. Але я думаю што гэта не апошняя карэкціроўка бюджэту, бо ён усё роўна занадта аптымістычны…

Нулявы дэфіцыт бюджэту — гэта вельмі добрая норма, якую я дзьвюма рукамі падтрымліваю. Гэта спроба захаваць фіскальную дысцыпліну. Я ня думаю, аднак, што гэта будзе рэальна выканаць, бо амаль ніводнай краіне гэтага не ўдавалася. Лукашэнка дае пасыл, які вельмі падабаецца МВФ і Сусьветнаму Банку, гаворачы пра намер быць адказным у дзяржаўных фінансах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG